Где родился — там и пригодился! Молодой специалист Антон Авсеев с удовольствием трудится на малой родине

Образование и молодежь

Хваляванне, няўпэўненасць, некаторыя цяжкасці з-за адсутнасці вопыту – тое, што адчуваюць і з чым сутыкаюцца многія маладыя спецыялісты на сваіх першых працоўных месцах. Аднак гэта не пра брыгадзіра вытворчай брыгады ААТ “Ільюшынскі” Антона Аўсеева, бо ў роднай гаспадарцы яму ўсё добра знаёма!

– Гэтае поле заканчваем і пераязджаем на сержаноўскія землі. Зрэшты, спадзяюся, што тут, каля Гуты вырастуць добрыя зерневыя – элітнае насенне значна павышае шанцы атрымаць большую ўраджайнасць, – праз некалькі хвілін знаёмства з маладым работнікам, па яго валоданні сітуацыяй і зносінах са старэйшымі калегамі і не верыцца, што гэта ўсяго другая яго пасяўная.

Між тым, вядомы выраз “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” выдатна падыходзіць да А.Аўсеева. Пасля заканчэння Ільюшынскай школы ён не вагаючыся падаў дакументы ў Лужаснянскі тэхнікум на спецыяльнасць “агранамія”, папярэдне ўзяўшы мэтавае накіраванне ў мясцовай гаспадарцы – не супраць быў напрацоўваць вопыт якраз на радзіме. А ў аграрную сферу пайшоў па слядах бацькі Мікалая Георгіевіча, які да нядаўняга часу працаваў начальнікам вытворчага ўчастка ў Ільюшыне. “Шчыра кажучы, жывёлагадоўля – ніяк не маё, а вось раслінаводства – так. Усе мясцовыя палеткі мне добра знаёмы яшчэ з дзяцінства, бо шмат часу праводзіў з бацькам, цікавіўся гэтай справай, у юнацкія гады разам са сваімі равеснікамі падчас летніх канікул займаліся пасільнай справай на зернесушыльным комплексе, а ўжо пасля школы нават працаваў памочнікам камбайнера”, – расказвае Антон.

Пасля вучобы хлопец адправіўся служыць у армію, а вярнуўшыся дадому прыступіў да сваіх прафесійных абавязкаў. І з першых дзён маладому спецыялісту давяралі розныя ўчасткі работы, большую ж частку працоўнага часу ён праводзіць у полі. “Высокаму ўраджаю на нашых землях не спрыяе іх структура і надвор’е: мае аднакурснікі, з Аршанчыны ці Віцебскага раёна напрыклад, расказваюць аб больш высокіх намалотах. Канечне, хацелася б і ўносіць большую колькасць мінеральных угнаенняў, але працуем з тым, што ёсць. Маецца ў нас неабходная тэхніка, агрэгаты і галоўнае – старанныя хлебаробы, якіх ведаюць і за межамі “Ільюшынскага”. Нягледзячы на тое, што большасць з іх ужо з багатым стажам за плячыма, прыемна, што паважаюць мяне як спецыяліста. Знайшоў разуменне і з кіраўніцтвам гаспадаркі, якое і пажурыць, і пахваліць, калі заслугоўваеш – усё справядліва!” – кажа А.Аўсееў.

Антону камфортна працаваць на малой радзіме, ды і ўмеюць у гаспадарцы зацікавіць моладзь. Так, хлопцу выдзелілі дом у аграгарадку, а гэта было вельмі дарэчы, бо некалькі месяцаў таму ён якраз стварыў сваю сям’ю.

Гэтымі днямі ён жыве апошнімі клопатамі сёлетняй сяўбы, а хутка распачнецца і любімая пара маладога спецыяліста ў сельскагаспадарчым цыкле – касавіца.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *