В Ушачах чествовали победителей олимпиад, конференций, творческих и спортивных конкурсов

Образование и молодежь

Штогод у маі па ўжо добрай традыцыі Ушацкая школа збірае ў сваіх сценах лепшых вучняў устаноў адукацыі раёна. Сёлета мерапрыемства пад сімвалічнай назвай “Сузор’е надзей” праходзіла ў больш “сціплым” фармаце, аднак атрымалася цёплым, дадало яркіх уражанняў у эмацыянальную скарбонку апошніх дзён навучальнага года.

Вучняў, іх педагогаў вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Звяртаючыся да прысутных, ён падкрэсліў, што дзяржава надае значную ўвагу падтрымцы адоранай моладзі, раённая ўлада ганарыцца таленавітымі школьнікамі, заахвочвае іх на дасягненне новых вяршынь.

Гонарам Ушаччыны па праве з’яўляецца адзінаццацікласніца Ушацкай школы Злата Клачок. Дзяўчына – лідар класа, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных…”, удзельніца тэлевізійнага праекта “Я ведаю”. Некалькі гадоў запар была ў ліку лепшых на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Сёлета ж у другі раз стала дыпламантам яе заключнага этапу, адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Падрыхтавала ж дзяўчыну Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка, прозвішча якой па выніках работы за 2019-ы занесена на раённую Дошку гонару.

Шмат узнагарод рознага ўзроўню – у брата Златы Марата Клачка. З 7 класа дэманструе высокія веды на раённай алімпіядзе па матэматыцы, фізіцы, хіміі. Сёлета ж дзесяцікласнік з Ушач стаў дыпламантам абласной дыстанцыйнай алімпіяды па алгебры памяці прафесара К.Ананчанкі. Ну а самае яркае яго дасягненне – дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі (настаўнік – Алена Васільеўна Марозава).

Высокі вынік сёлета і ў васьмікласніцы Ушацкай школы Кацярыны Мартынюк – яна стала ўладальніцай дыплома ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі сярод дзевяцікласнікаў (Вольга Анатольеўна Жыткая). Кацярына – выдатніца вучобы, прызёр розных творчых конкурсаў. З адзнакай скончыла дзіцячую школу мастацтваў па класе харэаграфія, актыўна супрацоўнічае з раённым клубам “Муза”.

Традыцыйна паспяхова выступаюць школьнікі на абласных навукова-практычных канферэнцыях. Так, дзевяцікласніца з Ушач Ксенія Лапёнак і дзесяцікласніца з Вялікіх Долец Вікторыя Алексяёнак сталі прызёрамі “Эўрыкі” (дыпломы ІІІ ступені). Любоў да беларускай мовы, літаратуры і фізікі адпаведна дзяўчатам прывілі настаўнікі Вера Васільеўна Спірчонак і Мікалай Уладзіміравіч Аніскевіч.

Ушанаванне школьнікаў у намінацыі “Зоркі творчасці” пачалося з запрашэння на сцэну пераможцы абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый у намінацыі “Фабрыка зорак” Надзеі Раманоўскай (Людміла Сямёнаўна Варанько). Нямала ў шасцікласніцы з Ушацкай школы, выдатніцы вучобы і іншых дасягненняў: Надзя стала фіналісткай нацыянальнага адборачнага тура “Славянскі базар. Дзеці – 2020”, уладальніцай спецыяльнага дыплома рэспубліканскага творчага конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, лаўрэатам І ступені міжнароднага вакальнага конкурсу “Зорныя кветкі”.

Аднымі з лепшых на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу юных майстроў па кераміцы і мастацкай апрацоўцы саломкі прызнаны работы шасцікласніцы Дар’і Бабенка і сямікласніцы Дар’і Бабянок з Ушач. Падрыхтавала ж дзяўчат кіраўнік узорнай студыі “Залатая саломка” цэнтра дзяцей і моладзі Г.А.Бабянок. Дарэчы, па выніках удзелу ў розных творчых конкурсах, выставах сама Ганна Аляксандраўна і яе выхаванцы штогод прыносяць у капілку нашага раёна ад 20 да 40 працэнтаў дыпломаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Выдатна праявілі сябе на абласным этапе інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Піянерскі квіз”, заваяваўшы дыплом І ступені, сямікласнікі Вераніка Гракава, Паліна Давыдава і Ігнат Цвяцінскі, дзевяцікласнікі Ксенія Лапёнак, Ягор Курбака і Максім Пашковіч з Ушацкай школы. Дапамог жа ім рэалізаваць творчыя задумы педагог-арганізатар Уладзімір Леанідавіч Хамёнак.

У намінацыі “Зоркі спорту” сёлета адзначаны шасцікласніца з Глыбачкі Мілана Барадулька, якая на рэспубліканскіх спаборніцтвах па зімнім мнагабор’і “Здароўе” заваявала дыплом ІІ ступені (Арцём Іванавіч Церашкавец), а таксама вучань 7 класа з Ільюшына Аляксандр Мажуга – уладальнік дыплома ІІІ ступені ў асабістым заліку на абласных спаборніцтвах па біятлоне “Снежны снайпер” (Віктар Іванавіч Акулёнак).

Атрыманыя ў гэты дзень грашовыя прэміі натхнілі юных намінантаў на новыя здзяйсненні. Адразу пасля ўрачыстасці многія паспяшаліся дамоў – грызці граніт навукі, займацца творчасцю, трэніравацца…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *