Ушачская ЦРБ постепенно возвращается к обычному режиму работы

Здравоохранение

Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, эпідэміялагічная абстаноўка ў краіне паступова стабілізуецца. Пра сітуацыю з распаўсюджаннем CОVID-19 на Ушаччыне, перапрафіліраванне аддзяленняў райбальніцы, вяртаннне паліклінікі да прывычнага рэжыму работы наша гутарка з намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Ушацкай ЦРБ А.В.ПАНШЫНЫМ.

– Аляксандр Віктаравіч, ці можна казаць пра змяншэнне захваральнасці на каранавірус, пнеўманіі?

– Так. Калі ў пачатку мая ў стацыянары бальніцы знаходзілася ў сярэднім па 70-75 пацыентаў з пнеўманіямі, то зараз іх менш за 20. За суткі рэгіструецца адзін – максімум два новыя выпадкі захворвання, што, па-сутнасці, не з’яўляецца крытычным паказчыкам. Зараз гэта лёгкія формы, якія без праблем паддаюцца лячэнню.

У інтэрнэце і некаторых сродках масавай інфармацыі нярэдка гучала інфармацыя, маўляў, узровень захваральнасці на пнеўманіі (а пад кожным такім выпадкам памылкова разумеўся COVID-19) вясной павялічыўся ў разы. Хачу развеяць гэты міф! Мяркуйце самі: за студзень-май 2019-га ў стацыянары Ушацкай ЦРБ прайшлі лячэнне ад названага захворвання каля 290 пацыентаў, за 5 месяцаў бягучага года – 320. Так, павелічэнне ёсць, аднак нязначнае.

Што ж датычыцца каранавіруса, то выпадкі інфіцыравання ім па-ранейшаму ёсць. Але ж і іх, што не можа не радаваць, стала менш. У асноўным гаворка ідзе пра лёгкія формы захворвання, якія дазваляюць пацыентам праходзіць лячэнне дома. Не маючы ніякіх сімптомаў, грамадзяне часта даведваліся пра такі дыягназ толькі пасля здачы аналізаў. Нагадаю, што кантактам першага ўзроўню яны робяцца ў абавязковым парадку.

– Ці можна дзеля ўласнага заспакаення прайсці экспрэс-тэст на каранавірус на платнай аснове?

– Пакуль што не. Такія тэсты робяцца толькі кантактам першага ўзроўню і грамадзянам, якія маюць медпаказанні. Плата за гэта, вядома, не бярэцца. Неабходны для правядзення экспрэс-тэстаў інструментарый завозіцца па меры неабходнасці.

– Ці былі праблемы з забяспечанасцю бальніцы якімі-небудзь медсродкамі, абсталяваннем?

– Мы заўсёды гатовы да самага няпростага развіцця падзей – дзесьці прадугледзелі дадатковыя ложкі, па-максімуме задзейнічалі ўнутраныя рэсурсы медустановы, з запасам завезлі ахоўныя і лекавыя сродкі… Ніякіх праблем з размяшчэннем пацыентаў, аказаннем ім дапамогі не было і няма.

– Тэрапеўтычнае аддзяленне, на якое легла асаблівая нагрузка, паступова вяртаецца да прывычнага рэжыму…

– Так. У бліжэйшы час частку памяшканняў плануем вывесці з інфекцыйнага рэжыму – для аказання грамадзянам планавай тэрапеўтычнай дапамогі. Другая ж частка застанецца за пацыентамі з пнеўманіямі. Зараз вядзецца неабходная падрыхтоўчая работа. Недапушчэнне перасячэння патокаў з так званых “чыстай” і “бруднай” зон будзе строга кантралявацца санітарна-эпідэміялагічнай службай.

Не выключана, што хутка вернецца да работы ў штатным рэжыме дзіцячае аддзяленне райбальніцы (зараз тут праходзяць лячэнне двое малышоў з неінфекцыйнымі захворваннямі), а таксама Вялікадолецкая бальніца сястрынскага догляду, якая напачатку вясны была перапрафіліравана пад медустанову для ізаляцыі кантактаў першага ўзроўню (на сённяшні дзень іх тут увогуле няма).

– Пэўныя “рэформы” адбыліся нядаўна ў паліклініцы. Так, напрыклад, аднавілі работу кабінеты па аказанні насельніцтву бясплатных стаматалагічных паслуг…

– Сапраўды, прычым, з дня на дзень можна будзе разлічваць і на атрыманне платных. Падкрэслю, што запіс на прыём да такіх спецыялістаў вядзецца зараз з улікам большага часавага прамежку паміж пацыентамі – каб не дапусціць іх скаплення пад кабінетамі.

Няпростая эпідсітуацыя не паўплывала на запланаваныя загадзя рамонтныя работы…

– Так, ужо завершаны бягучы рамонт у кабінетах фтызіятра, стаматолагаў, а таксама ў аддзяленні дзённага стацыянару. У апошні плануецца да таго ж закупіць новыя ложкі. У перспектыве плануем правесці рамонт ва ўсіх кабінетах на другім паверсе паліклінікі.

Праз Вас праходзяць усе цяжкія пацыенты. У аддзяленні рэанімацыі, якое на працягу многіх гадоў узначальвалі, бываеце штодня. Бераце на сябе дзяжурствы ў прыёмным пакоі. Спакой, напэўна, Вам толькі сніцца?

– У пэўным сэнсе так. Аднак чымсьці асаблівым такую занятасць не лічу: ва ўмовах пандэміі ў такім рэжыме працуюць многія медыкі. Я ў сваю чаргу ўдзячны калегам за разуменне і цярплівасць – ніхто з іх не стаў панікаваць, “хавацца” ад вірусу, усе якасна, з поўнай аддачай выконваюць свае абавязкі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *