Современный дизайн и богатый выбор. В Ушачах открылся супермаркет «Санта»

Экономика и малый бизнес

Новы гандлёвы аб’ект ля скрыжавання вуліц Ленінскай і Камсамольскай вырас літаральна на вачах ушачан. Даволі значны час вяліся аддзелачныя і пуска-наладачныя работы і нарэшце ў пятніцу супермаркет “Санта” расчыніў свае дзверы для пакупнікоў. Размясціўся ён у зручным і людным месцы, да таго ж, бясспрэчна, упрыгожыў наш гарпасёлак, а таксама стварыў новыя рабочыя месцы для больш чым 40 чалавек.

Людзі пачалі падцягвацца сюды яшчэ да пачатку афіцыйнага адкрыцця. Што ацанілі пакупнікі з першых крокаў, дык гэта сучасны дызайн – наведвальнікаў сустракае фасад нябеснага колеру з белай шыльдай, унутры памяшкання прасторна і камфортна: шырокія праходы, светлы інтэр’ер. Гандлёвая зала займае каля 400 квадратных метраў і падзелена на тэматычныя зоны. Але галоўнае – багаты асартымент, каля 7 тысяч найменняў тавараў.

Адной з самых цікавых частак гандлёвай кропкі з’яўляецца кулінарыя. Пры магазіне наладжана ўласная вытворчасць, а таму на працягу дня ў продаж паступаюць самыя розныя стравы – ад салатаў да курэй грыль і папулярных ролаў. Пасля 20 гадзін тут дзейнічае акцыя – гатовыя кулінарныя вырабы прадаюцца з 15-працэнтнай скідкай. Прадстаўлены і вялікі выбар паўфабрыкатаў: катлет, галубцоў, каўбас, шашлыкоў і іншага. Над выпечкай чаруюць на ўласнай кухні, пакупнікі ў першыя дні так імкнуліся паспрабаваць яе, што работнікі магазіна ледзь паспявалі папаўняць паліцы. Прапануюць таксама з дзясятак відаў італьянскай піцы, якую выпякаюць прама на вачах пакупніка.

Сапраўднай “фішкай” “Санты” можна назваць рыбны аддзел. Цэны, дарэчы, розныя і не надта адрозніваюцца ад кошту падобнай прадукцыі ў іншых гандлёвых кропках. Так, напрыклад, у дзень адкрыцця карася свежамарожанага можна было набыць за 1,79, скумбрыю – за 5,29, аргенціну – за 6,39, а хек – за 6,99. Але такога выбару рыбы і морапрадуктаў у нашым гарпасёлку больш нідзе не знойдзеш.

Зрэшты, на многія віды тавараў тут маюцца скідкі, як у іншых буйных гандлёвых сетках дзейнічае і дысконтная праграма – набыўшы адпаведную картку за 0.99 рубля, можна атрымліваць скідку на тавары да трох працэнтаў. Адкрыта ж “Санта” для пакупнікоў штодня з 9 да 23 гадзін.

– Магазін спадабаўся перш за ўсё шырокім асартыментам: напрыклад, тая ж малочка задаволіць попыт самага патрабавальнага пакупніка, ад выбару смятаны, ёгуртаў, малака рознай тлустасці і ўпакоўкі вочы разбегліся. Уражвае і разнастайнасць рыбы як свежай, так і вэнджанай, салёнай. А калі купіць апетытныя паўфабрыкаты, то можна скараціць час на прыгатаванне вячэры. Што да цэн, то адны тавары тут дзешавей, другія прыкладна на тым жа ўзроўні, як і ў іншых кропках гарпасёлка. Паколькі магазін знаходзіцца на шляху да дома, буду сюды заходзіць, – выказала сваё меркаванне Вераніка Целепень.

Апошнімі днямі давялося пачуць нямала станоўчых водгукаў. Датычыліся яны не толькі асартыменту і абслугоўвання: прываблівае кропка добраўпарадкаванай тэрыторыяй, зручнымі паркоўкамі для аўтамабіляў і веласіпедаў. Але ёсць і некаторыя нараканні. Напрыклад, што пры вялікім наплыве людзей у магазіне ўтвараюцца значныя чэргі, працуюць не ўсе касы. Але ж, згадзіцеся, гэта натуральна ў першыя дні работы для любой гандлёвай кропкі. Асобныя пакупнікі ўказвалі на адсутнасць у вячэрні час асартыменту хлеба і некаторых іншых прадуктаў. Няма і абсталяванага выхаду ад тэрыторыі магазіна на пешаходную дарожку ў напрамку вуліцы Віцебскай.

Зазначу, што ў дзень адкрыцця “Санты” не апусцела і крама “На Віцебскай” – думаецца, што магазіны крокавай даступнасці працягнуць карыстацца попытам ушачан, якія з адкрыццём новага аб’екта атрымалі магчымасць больш багатага выбару.

Вольга КАМАРКОВА.

Факт

  • “Санта-Рытэйл” уваходзіць у холдынг кампаніі “Санта” і мае ўжо без малага 200 магазінаў па ўсёй рэспубліцы. У Віцебскай вобласці яны працуюць у Лёзне, Глыбокім, Шуміліне, Докшыцах, Оршы, Віцебску, будуюцца ў Паставах і Талочыне.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *