28 лет посвятила работе в налоговых органах Елена Матюшенко

Экономика и малый бизнес

З трыццаці год, як ва Ушацкім раёне створана падатковая служба, 28 у ёй працуе Алена Якаўлеўна Мацюшэнка. Зараз – галоўным падатковым інспектарам аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Ушацкім раёне ІМПЗ па Лепельскім раёне, а да рэарганізацыі амаль дзесяць год намеснікам начальніка падатковай інспекцыі. У працоўнай кніжцы Алены Якаўлеўны толькі адзін запіс, зроблены 3 жніўня 1992 года.

Гэты дзень яна памятае і зараз. Хвалявалася, як прымуць, а аказалася, што абсалютна дарэмна.

“Людміла Генадзьеўна Прашкевіч, Аліна Аляксандраўна Новік, Любоў Аляксандраўна Мядзведзева – мяне накіравалі ў аддзел кантролю за арганізацыямі, які ўзначальвала Святлана Анатольеўна Лемеш. Дапамагала як яна, так і дзяўчаты, паколькі літаральна ўсе мелі вопыт работы, няхай і не ў падатковых органах, і толькі я адна пасля інстытута, а веды тэарэтычныя, няхай і самыя выдатныя, зусім не тое, што практыка. Спачатку на праверкі хадзіла толькі з калегамі. Вучылася і ў вопытных бухгалтараў: скласці ж справаздачу складаней, чым праверыць, ды і ў кожнага былі свае асаблівасці ўліку. З многімі з іх захаваліся добрыя стасункі. Вельмі адукаваны спецыяліст Ганна Іванаўна Атрашкевіч з прыватнай фірмы “Лес”. Не падкапаешся па падатках ніколі і да Галіны Антонаўны Туфар. Хаця гэты ўстойлівы выраз зусім не пасуецца да нашай работы – ніколі не ставілі на мэце прыдрацца і пакараць. Прадухіліць тыповыя памылкі, падказаць – так. Бо адзін і той жа радок многія трактуюць па-рознаму”.

Хаця хапала і наўмысных неплацельшчыкаў. У дзевяностыя пачаў развівацца прыватны бізнес, і былі вельмі лоўкія парушальнікі закона, што не жадалі дзяліцца з дзяржавай сваім. Алена Якаўлеўна жартуе, што некаторыя з іх як родныя – ва ўсялякім выпадку ведае пра іх як пра самых блізкіх. Зноў жа падкрэслівае, што сярод прыватнікаў многа сумленных, законапаслухмяных, як тая ж фірма “Лес”. Хаця прыходзіць з праверкай у арганізацыю заўсёды псіхалагічна няпроста: хто ж любіць кантралёраў.

Ведае А.Я.Мацюшэнка і пра крыніцы дабрабыту ўшачан, паколькі зараз адказвае за адпаведнасць даходаў і расходаў фізічных асоб. Мне гэты напрамак падаўся аналітычным і цікавым, Алена Якаўлеўна ж маіх аптымістычных поглядаў не раздзяліла. “На жаль, далёка не ўсе, хто набыў ва ўласнасць нерухомасць ці дарагую рэч, могуць назваць крыніцы сваіх даходаў. Нехта атрымліваў зарплату ў канверце – арганізацыя эканоміла, а церпяць людзі, і не толькі пры налічэнні пенсій. Ці мінула шмат часу, і чалавек проста не можа дакладна прыгадаць і не мае дакументаў. Ці спасылаюцца на бацькоў, а тыя ўжо ў сталым узросце. Так што справы даходзяць нават да суда. Гэта суцэльныя негатыўныя эмоцыі, якія міжволі выліваюцца на цябе, паколькі ты прадстаўляеш закон”.

Хаця на маё пытанне, чым падымае настрой, падатковы інспектар усё ж адказала з усмешкай: “Трыкардзінам. А калі сур’ёзна, то люблю пабыць ў кампаніі сяброў, што здараецца вельмі рэдка. Ці дома з бацькамі, якія заўсёды падтрымаюць – у Двор Пліне амаль штодня. Выручае і пачуццё гумару.” І быццам у доказ гэтаму Алена Якаўлеўна дадала: “Хаця трэба было б лепш у журналістыку ісці, як хацела: таксама надакучваеш людзям, але крыўдзяцца меней”.

Начальнік аддзела Людміла Генадзьеўна Прашкевіч, якая працуе поплеч з Аленай Якаўлеўнай усе гэтыя 28 гадоў, дадала: “У 2013, пасля першай рэарганізацыі, здавалася, што цяжэй ужо не можа быць, а ў 2017 аказалася, што можа. Нас засталося толькі чацвёра, а функцыі захаваліся практычна ў тым жа аб’ёме, кожны павінен быць універсалам. Мець справу з людзьмі складана ў любой галіне, ну а ў падатковай службе, напэўна, больш чым дзе. Так што магу сказаць, што ў А.Мацюшэнкі самы складаны ўчастак. Ёй няпроста працаваць, а вось з ёй – вельмі лёгка. Гэта той чалавек, які заўсёды падставіць плячо, не будзе дзяліць на тваё і маё. Толькі вось, праўда, на старонкі газеты трапляць не любіць, а я лічу, што як ніхто гэтага заслужыла. Хаця падзякаваць за работу і павіншаваць з прафесійным святам хацелася б усіх сённяшніх спецыялістаў аддзела, а таксама нашых ветэранаў. Няхай усім нам спрыяе ўдача, а на душы кожны дзень будзе сонечна”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *