Около 30 тысяч шагов в день и 60 посещённых адресов, или Как работается контролёру энергосбыта Марине Шихель

Общество

У любое надвор’е і пару года на праверку стану лічыльнікаў, правільнасці і паўнаты разлікаў за электраэнергію да абанентаў накіроўваецца кантралёр раённага вытворча-збытавога ўчастка філіяла “Энергазбыт” М.П.Шыхель. Ці акажуцца грамадзяне дома, як сустрэнуць – невядома. За два гады работы на пасадзе ўшачанка сутыкалася з самымі рознымі сітуацыямі.

Камфортны абутак, бэйдж на грудзях, GPS-навігатар (для кантролю за месцам знаходжання спецыяліста), а ў перыяд пандэміі яшчэ і медыцынская маска – і можна накіроўвацца ў дарогу. Па словах Марыны Пятроўны, за дзень даводзіцца наведваць каля 60 адрасоў. Маршруты па ўсім раёне плануюцца загадзя, пасля вывучэння сітуацыі па населеных пунктах: калі апошні раз там быў кантралёр, ці ёсць неплацельшчыкі, мнагадзетныя ці нядобранадзейныя сем’і…

– На месцы прадстаўляюся, паказваю службовае пасведчанне, прашу забяспечыць доступ да электралічыльніка, – расказвае пра нюансы сваёй работы М.П.Шыхель. – Пры гэтым удакладняю наяўнасць зарэгістраваных грамадзян, дакументаў, што пацвярджаюць права на льготы. У выпадку адсутнасці падпіскі на бясплатнае смс-апавяшчэнне ад РУП “Віцебскэнерга” (такім чынам можна даведацца пра запланаваныя і аварыйныя адключэнні электраэнергіі ў рэгіёне) – прапаную паслугу.

Часта бывае, што абанент не можа зняць паказанні і аплачвае колькасць спажытай электраэнергіі “як звычайна”. Але, па словах М.П.Шыхель, гэта няправільнае рашэнне. У выніку можа ўзнікнуць недаплата, якая прывядзе да ўтварэння запазычанасці і адключэння “святла”. Да таго ж у працэсе эксплуатацыі можа выйсці са строю лічыльнік. Калі не будзе штомесячнай аплаты па паказаннях, выявіць паломку можа толькі кантралёр пры планавым наведванні. У такім выпадку энергазабеспячальная арганізацыя правядзе пераразлік – сума можа аказацца ўнушальнай. Каб пазбегнуць такіх непрыемнасцяў, не трэба перашкаджаць кантралёру выконваць сваю работу. Яго візіт займае ўсяго некалькі хвілін.

Восем гадзін на нагах і кіламетры пройдзеных дарог (за дзень, які папярэднічаў нашай сустрэчы з Марынай Пятроўнай, яе крокамер паказаў лічбу ў 30000, а гэта каля 15 км) – карысны фітнес. Але ж у рабоце кантралёра нямала “падводных камянёў”. Цэлы дзень на свежым паветры – выдатна, калі ёсць магчымасць дзе-небудзь пагрэцца ў холад ці схавацца ў цяньку ад спякоты. М.П.Шыхель жа дазволіць сабе такой “раскошы” не можа. Зносіны з жывёламі – плюс, калі гладзіш суседскага шчанюка, які ветліва віляе хвастом. Ушачанцы ж часам даводзіцца ўхіляцца ад сківіц незнаёмага сабакі памерам з цяля.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, гераіня нашага аповеду, як і іншыя спецыялісты раённага вытворча-збытавога ўчастка філіяла “Энергазбыт”, любіць сваю работу і нагадвае абанентам: кантралёр прыходзіць не для таго, каб напалохаць ці пакараць, а каб праверыць, своечасова папярэдзіць, засцерагчы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *