Глава Витебщины Александр Субботин провёл пресс-конференцию и наградил победителей областного конкурса среди журналистов и редакций СМИ. «Патрыёт» — в числе победителей!

Общество

Навядзенне парадку на зямлі і стан дарог, турыстычная прывабнасць рэгіёнаў, рэалізацыя інвестпраектаў, замацаванне медыкаў – на гэтыя і іншыя пытанні прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ адказаў на прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Міхайлавіч Субоцін. Размова адбылася ў рамках сустрэчы кіраўніка вобласці з прадстаўнікамі СМІ, паліграфічных прадпрыемстваў і арганізацый сувязі з нагоды прафесійных святаў – Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

 

Каменціруючы пытанне аб ходзе выканання даручэння Прэзідэнта “Адзін раён – адзін праект”, кіраўнік вобласці адзначыў, што ў інвестыцыйны партфель вобласці ўключаны 23 праекты. У бягучым годзе плануецца завяршыць рэалізацыю сямі з іх ліку, напрыклад, наладзіць выпуск араматызатараў у Браслаўскім раёне, мэблі – на Пастаўшчыне, маслаў – у Глыбоцкім раёне.

Журналісты закранулі адно з вострых пытанняў – стан дарог, па іх агульнай працягласці (звыш 16 тысяч км) Віцебшчына займае другое месца ў рэспубліцы. На жаль, на належны рамонт транспартных артэрый апошнія некалькі сезонаў не вылучалася дастатковая колькасць сродкаў. “Пасля складанай зімы дарогі не ў самым лепшым стане. Сёлета на будаўніцтва, рамонт, у тым ліку і капітальны, рэканструкцыю вобласці выдзелена больш за 100 млн рублёў. Шмат планаў і па Віцебску, і па раёнах. Ідзе мадэрнізацыя дарогі М3 ад Бягомля праз Лепель, Бешанковічы да Віцебска, Е-95 ад Оршы праз Віцебск на Санкт-Пецярбург, распачалася рэканструкцыя Р-46 ад Полацка да Лепеля. Зразумела, што ўсё адразу зрабіць мы не можам”, – адказаў кіраўнік вобласці.

Не менш важная тэма – сельскагаспадарчая. У А.М.Субоціна спыталі аб умацаванні аграхолдынгаў. У аддаленай перспектыве будзе адбывацца ўзбуйненне аграпрамысловых аб’яднанняў, але рабіць гэта трэба абдумана і паэтапна. Цяпер упор робіцца на вытворчасць сельгаспрадукцыі ў сыравінных зонах і вывад стратных гаспадарак на прыбытковасць.
Як утрымаць у рэгіёнах медыкаў? Мэтавая падрыхтоўка не заўсёды спрацоўвае эфектыўна. На думку кіраўніка вобласці, вырашэнне гэтага пытання комплекснае: кар’ерны рост, магчымасць працаваць на новым абсталяванні і павышаць прафесійны ўзровень, даплаты маладым спецыялістам, забеспячэнне жыллём, сацпакет і многае іншае. У прадаўжэнне медыцынскай тэмы А.Субоцін паведаміў, на якой стадыі знаходзіцца мадэрнізацыя абласной клінічнай бальніцы – завяршаецца падрыхтоўка праекта, з’явіцца новы шасціпавярховы аперацыйна-рэанімацыйны блок з сучасным абсталяваннем. У планах і абнаўленне інфекцыйнай бальніцы.

Абмяркоўваючы тэму навядзення парадку на зямлі, старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў плане добраўпарадкавання кожны жыхар можа ўнесці свой пасільны ўклад у справу. “Хочацца, каб наш рэгіён быў чыстым, прыгожым, нас ставілі ў прыклад. Але мала толькі гаварыць, трэба ўсім разам паклапаціцца пра гэта – прыбраць далей сваёй агароджы, пасадзіць кветку, выйсці на суботнік. Гэта свайго роду флэшмоб – патраціць час не на скаргі, а на парадак”, – адзначыў А.М.Субоцін. У прадаўжэнне тэмы ўспомнілі і пра сталіцу “Дажынак-2022” – Шаркаўшчыну. Райцэнтр ужо абнаўляецца, тут шмат аб’ектаў, якія патрабуюць увагі, яны або атрымаюць новае жыццё, або, як мінімум, стануць больш прэзентабельнымі. У спісе сярэдняя школа, дзіцячы сад, школа мастацтваў, капрамонт дзесяці жылых дамоў, бягучы – у 26, завершыцца будаўніцтва 40-кватэрнага дома. Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі дасць старт шэрагу падобных свят у рэгіёнах. Ушанаванне перадавікоў адбудзецца ў Віцебску да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК па прыкладзе мінулага года. Ну а Гарадок тым часам рыхтуецца стаць сталіцай 30-га юбілейнага рэспубліканскага Дня пісьменнасці, які пройдзе ў верасні.

* * *

Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандр Субоцін уручыў узнагароды пераможцам абласнога конкурсу сярод журналістаў і рэдакцый СМІ. У намінацыі “Лепшае друкаванае СМІ Віцебскай вобласці” перамаглі калектывы “Патрыёта” і “Пастаўскага краю”. Лепшы сайт – у “Аршанскай газеты”, а лепшым тэлевізійным, радыёвяшчальным СМІ прызнана “Тэлерадыёкампанія “Віцебск”. Узнагародамі адзначаны праекты “Голаса Расоншчыны”, “Пастаўскага краю”, рэдакцыі “Вектар ТВ” (Наваполацк).

Прызнаемся, вельмі пачэсна і хвалююча атрымліваць такую высокую ацэнку нашай работы, быць у адным радзе з буйнымі і вядучымі СМІ вобласці. Але стараемся мы не дзеля конкурсаў, а для вас, нашы паважаныя чытачы! Будзем трымаць марку лепшай газеты, рабіць “раёнку” яшчэ больш цікавай, інфармацыйна насычанай і карыснай. Дзякуй, што вы з намі!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *