В школах Ушаччины прозвенел первый звонок

Образование и молодежь

1 верасня заўсёды ўрываецца ў жыццё шумна, радасна, пад песні пра школу і дзяцінства, пад пералівы першага званка. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Нават нягледзячы ў каляндар, па інтэнсіўным руху прыбраных школьнікаў з букетамі ў руках можна было здагадацца пра пачатак новага навучальнага. Учора ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшло хвалюючае і трапяткое свята – Дзень ведаў. Самыя маленькія школьнікі ўсіх навучальных устаноў Ушаччыны атрымалі кнігу “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”. А ў рамках рэспубліканскай акцыі “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей” падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання атрымалі ўсе першыя класы раёна. Старт новаму навучальнаму году даў першы ўрок “Я вырас тут, і край мне гэты дарагі”.

З асаблівым настроем рыхтаваліся да свята ў Вялікадолецкай дзіцячым садзе-сярэдняй школе: ганаровым госцем урачыстасці тут стаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка.

Ад імя дэпутацкага корпуса краіны і ад сябе асабіста ён павіншаваў прысутных з Днём ведаў і падкрэсліў, што развіццё адукацыі ў нашай краіне з’яўляецца прыярытэтным напрамкам, нагадаў, як шмат у Беларусі робіцца для таго, каб дзяцінства яе маленькіх грамадзян было шчаслівым. Звярнуўшыся да вучняў, Уладзімір Паўлавіч заклікаў іх старанна вучыцца – і не з-за таго, што гэтага хочуць бацькі і настаўнікі: у сучасным свеце, каб стаць паспяховым, вельмі важна атрымаць добрую адукацыю.

З максімальнай карысцю правесці чарговы навучальны год жадаў дзецям і настаўнікам старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, за вялікую работу па падрыхтоўцы да навучальнага года, дапамогу на прышкольным участку дзякавала калегам і вучням дырэктар школы Р.Л.Аніскевіч, а кіраўнік КУСГП “Вялікадолецкае” Д.М.Уліновіч выказаў спадзяванне, што сярод будучых выпускнікоў знойдуцца тыя, хто пажадае звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Дарэчы, у 11-м класе школы сёлета будзе 8 вучняў, ну а настаўніца пачаткоўцаў Наталля Мікалаеўна Чарнаокая прывяла на лінейку 6 першакласнікаў.

Дарэчы, менавіта вельмі прафесійны і дружны калектыў робіць гэтую школу правафланговай. “Нам вельмі пашанцавала з настаўнікамі!” – казалі У.П.Андрэйчанку вяскоўцы, калі падчас экскурсіі па будынку ён зазірнуў у актавую залу, дзе праходзіў бацькоўскі сход. І вельмі прыемна было Уладзіміру Паўлавічу адразу ж убачыць у дзеянні свой падарунак установе да Дня ведаў: на ўроку ў класе інфарматыкі вучні пад кіраўніцтвам настаўніка Н.У.Аніскевіча ўжо ўсталявалі і асвойвалі вялікую інтэрактыўную дошку. Важнейшы напрамак дзейнасці ўстановы – удзел у міжнародным праекце “Школьны сад”. Пра гэта ганароваму госцю распавёў настаўнік хіміі і біялогіі В.М.Шышоў і прадэманстраваў багаты сёлетні ўраджай цыбулі і яблыкаў, а таксама новую халадзільную камеру, набытую за сродкі Міжнароднага Зялёнага крыжа. Уразіў нашага дэпутата і школьны музей, дзе беражліва захоўваюць гісторыю роднай установы. Уладзімір Паўлавіч з цікавасцю гартаў старонкі рукапісных альманахаў, створаных былымі вучнямі яшчэ ў савецкія часы, а ля стэнда, прысвечанага Аляксею Данукалаву, прыгадаў, што з гэтым героем пэўным чынам звязаны і яго лёс: у 70-х цяперашні спікер беларускага парламента ўзначальваў калгас яго імя, стаў ініцыятарам стварэння музея легендарнага камбрыга. Ацаніў наш дэпутат і выдатнае добраўпарадкаванне ля ўстановы. Такім чынам, своеасаблівы “экзамен” школа ў першы дзень верасня здала паспяхова: ганаровы госць не стамляўся казаць у адрас вялікадальчан слова “малайцы”.

Урачыстасць ва Ушацкай школе праводзілася сёлета ў больш сціплым фармаце – на ўнутраным дворыку навучальнай установы сабраліся толькі будучыя выпускнікі і першакласнікі. Дарэчы, не часта ўбачыш у адным месцы столькі галоўных віноўнікаў дзейства: упершыню селі за парты чатырох класаў ажно 97 хлопчыкаў і дзяўчынак. Крыху няёмка адчуваюць сябе і 48 адзінаццацікласнікаў: гэта іх апошні Дзень ведаў.

Словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні ў адрас педагогаў, вучняў прагучалі ў гэты дзень ад дырэктара ўстановы В.І.Клімашэўскага, першага намесніка старшыні райвыканкама С.С.Садоўскага, іншых гасцей. Дарэчы, Сяргей Сяргеевіч выканаў прыемную місію – уручыў школе ад філіяла “Маяк-Ушацкі” грашовы сертыфікат. Падарункі ў выглядзе баскетбольных, футбольных мячоў традыцыйна падрыхтавалі лясгасаўцы. Супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях нагадалі дзецям аб правілах паводзін у школе і дома – пазней жа апошнія правялі для першакласнікаў заняткі па правілах бяспекі.

Напэўна, менш за ўсіх хваляваўся ў гэты дзень першакласнік Арсеній Антуновіч: побач былі не толькі бацькі, але і старэйшая сястрычка Ілона, якая пайшла сёлета ў дзявяты клас, сваімі школьнымі парадамі падзяліўся напярэдадні сярэдні брат Кірыл. Алена Александровіч, наадварот, падчас лінейкі была па-даросламу сур’ёзнай і стрыманай: яе чакала надзвычай адказная місія – разам з 11-класнікам Маратам Клачком даць для школы першы званок.

У кожнага з першакласнікаў – свае “праблемы”. “Як, мяне не ўзялі ў школу?” – выказаў сваё здзіўленне адзін з хлопчыкаў, даведаўшыся, што на ўрокі трэба зноў ісці ў дзіцячы садок (усе першыя класы Ушацкай школы сёлета размешчаны ў дашкольных установах). Ну а ўжо там, утульна размясціўшыся за партамі, многія салодка пазяхалі ці, наадварот, не маглі дачакацца званка на ўрок.

Запамінальна праходзіла свята першага званка ў Глыбачанскай школе, за парты якой сёлета селі 73 вучні. Павіншаваць іх, даць наказ быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны завіталі на мерапрыемства ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, прадстаўнікі сельскага Савета дэпутатаў, КУСГП “Глыбачаны”, іншых арганізацый раёна. Разам з дружным калектывам альма-матэр яны падтрымлівалі першакласнікаў – Алена Аляксееўна Чаркес вяла за парты ўсяго траіх вучняў, жадалі выпускнікам (іх 6) знайсці свой шлях, а ўсім без выключэння – поспехаў. Асаблівым стаў гэты дзень для маленькай Ксюшы Брыцік і ўжо такога дарослага Дзяніса Чумака, якім было даверана права даць у школе першы званок.

Такая ж колькасць вучняў першых і адзінаццатых класаў – 3 і 6 адпаведна – сёлета і ў Ільюшыне. І ўсё ж урачыстасць з нагоды Дня ведаў тут была больш масавай, паколькі ў школе будзе навучацца 85 хлопчыкаў і дзяўчынак. Поспехаў усім ім пажадала дырэктар установы Таццяна Анатольеўна Пахолак, іншыя госці. Самым жа, напэўна, чаканым стаў момант уручэння адмысловых дзённікаў тым школьнікам, якія найбольш ярка праявілі сябе ў спорце. Такім чынам у аграгарадку адзначаны 5 малодшакласнікаў і 7 прадстаўнікоў сярэдняга звяна.

Эпіцэнтрам свята ў Арэхаўскай школе стала прасторная спартыўная зала. Ну а самым усхваляваным чалавекам, напэўна, тут была настаўніца 1 класа Людміла Рыгораўна Сазонава, якая прывяла на лінейку аж 11 школьных навічкоў. Прынамсі, двум з іх – Уладу Аўтуху і Дашы Прадзедавай, была адразу даручана суперадказная справа – даць першы школьны званок. Ну а яшчэ адну прыемную місію – перадаць установе ноўтбук, падарунак ад памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Канстанцінавіча Ліневіча – выканала намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. Алена Васільеўна, а таксама дырэктар школы Ларыса Аляксандраўна Булаўка павіншавалі прысутных з Днём ведаў і пажадалі, каб набываць іх было цікава і весела.

Наталля БАНДАНОВІЧ, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *