Прививка от гриппа уменьшит шансы заражения коронавирусом. С 15 сентября в Ушачах стартует компания по вакцинации населения

Здравоохранение Общество

Праз некалькі тыдняў у Беларусі пачнецца кампанія па вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу. Сёлета – з улікам распаўсюджання каранавіруса – яна будзе праходзіць у асаблівых умовах. Падрабязней пра гэта наша гутарка з галоўным дзяржаўным санітарным урачом Ушацкага раёна Паўлам Аляксандравічам САЎЧАНКАМ:

– Падчас сезоннага ўздыму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі чакаецца сумесная цыркуляцыя розных вірусаў, адпаведна, можа адбыцца інфіцыраванне адразу некалькімі. Надзвычай небяспечным з’яўляецца спалучэнне грыпу і COVID-19. Названых інфекцый варта баяцца ўсім, а асабліва – людзям старэйшага ўзросту, цяжарным жанчынам, асобам з хранічнымі захворваннямі.

Мінімізаваць заражэнне на грып, развіццё ўскладненняў дапаможа прафілактычная прышчэпка. Яна да таго ж можа аказаць станоўчы эфект у папярэджанні COVID-19, пра што сведчаць многія навуковыя даследаванні. Вакцынацыя сучаснымі прэпаратамі суправаджаецца не толькі фарміраваннем спецыфічных антыцелаў да штамаў вірусу грыпу, але і ранняй актывацыяй клетачных механізмаў супрацьвіруснага імуннага адказу, які прыводзіць да зніжэння захваральнасці на грып, вострыя рэспіраторныя інфекцыі, і, хутчэй за ўсё, каранавіруса. Таму вакцынацыя гэтай восенню максімальна важная! Старт кампаніі запланаваны на 15 верасня.

– Які прэпарат будзе выкарыстоўвацца?

– Ужо днямі ў райбальніцу паступіць “Грыппол” расійскай вытворчасці. Дарэчы, з улікам штогадовай мутацыі вірусу, спецыяльная камісія Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сёлета замяніла адразу тры кампаненты ў складзе вакцыны, таму ў яе сіле сумнявацца не даводзіцца.

– Не ранавата для прышчэпкі?

– Не. Аптымальная абарона ад грыпу захоўваецца на працягу першых трох-шасці месяцаў пасля вакцынацыі. Таму яе тэрміны павінны быць накіраваны на дасягненне максімальнага ўзроўню абароны ў пік сезона рэспіраторных інфекцый, які звычайна адзначаецца ў лютым-сакавіку. Вакцынацыя з верасня па лістапад забяспечвае абарону на працягу пікавага сезона.

– Ці ёсць супрацьпаказанні?

– Па ўзросце – практычна не. Прышчапіцца могуць і дзеці, пачынаючы з шасцімесячнага ўзросту, а далей без абмежаванняў. Адзінае абсалютнае супрацьпаказанне – цяжкая алергічная рэакцыя (напрыклад, анафілактычны шок) на папярэднюю дозу вакцыны, што сустракаецца надзвычай рэдка – 0,07 выпадка на 100 тысяч доз. Калі ў вас цяжкае вострае захворванне ці абвастрылася хранічнае, таксама не адмаўляйцеся ад прышчэпкі – проста адкладзіце яе. У любым выпадку ўрач прызначыць правядзенне вакцынацыі толькі пасля ацэнкі вашага стану, анамнезу.

– Некаторыя арганізацыі Ушаччыны ўжо склалі дагавор з райбальніцай на аказанне паслугі па вакцынацыі сваіх работнікаў…

– Так, на 31 жніўня такіх было пяць. Аднак, думаю, гэта толькі пачатак. Кошт прышчэпкі невялікі – усяго 7 рублёў 5 капеек. Дарэчы, многім катэгорыям грамадзян яна праводзіцца бясплатна. У першую чаргу гэта дзеці, людзі з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытным станам, цяжарныя жанчыны, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, прадстаўнікі органаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Вакцынацыя важная і для работнікаў адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання, грамадскага транспарту і іншых. Калі ў вас ёсць жаданне зрабіць прышчэпку, звярніцеся да свайго ўчастковага тэрапеўта.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Дарэчы:

  • Ва Ушацкім раёне ў гэтым сезоне плануецца прышчапіць ад грыпу мінімум 40 працэнтаў насельніцтва, а гэта 5125 чалавек. Спецыяльнага абследавання або медыкаментознай падрыхтоўкі перад працэдурай не патрабуецца.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *