В Ушачах по традиции отпраздновали День белорусской письменности

Культура

XXVII Дзень беларускага пісьменства прымалі сёлета Бялынічы. 5 і 6 верасня гэты раённы цэнтр на Магілёўшчыне ператварыўся ў вялікую фестывальную пляцоўку. Падчас свята адкрылі новую скульптурную кампазіцыю “З’яўленне іконы” і будынак мастацкага музея, які носіць імя мясцовага ўраджэнца Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, заклалі алею гарадоў-сталіц Дня пісьменства, па традыцыі назвалі лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Права правесці фестываль на наступны год атрымаў горад Капыль – малая радзіма беларускага класіка Кузьмы Чорнага.

Напрыканцы мінулага тыдня свята, прысвечанае беларускаму пісьменству, ладзілі і на Ушаччыне – а інакш проста і не магло быць, бо складана назваць беларускі рэгіён, які б даў айчыннай і сусветнай культуры столькі яркіх імёнаў. Ушацкія творцы Фелікс Тапчэўскі і Арцём Вярыга-Дарэўскі ўслаўлялі малую радзіму яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, ну а век дваццаты адзначыўся цэлым зорным россыпам: Пятрусь Броўка і Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Еўдакія Лось, Алег Салтук і Сяргей Законнікаў – гэтыя і іншыя нашы літаратары прыкметна ўзбагацілі беларускую творчую ніву. Нагадаць гледачам іх творы і факты біяграфіі, расказаць пра іншых славутых беларусаў, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё пісьменства і кнігадрукарства, – такую мэту ставілі арганізатары раённага свята “Гучы, роднае слова!” – народны клуб творчых сустрэч “Муза” цэнтра культуры і народнай творчасці, які зараз узначальвае маладая паэтэса Людміла Дунец, а таксама супрацоўнікі раённай бібліятэкі і музея народнай славы імя У.Е.Лабанка.

Ну а што датычыцца гледачоў, то ў пятнічны дзень цэнтральны сквер гарпасёлка запоўнілі ўшачане рознага ўзросту. І калі, напрыклад, літаральна ўсе ўдзельнікі хору народнага клуба “Ветэран”, выступленне якога ўпрыгожыла праграму свята, не ўяўляюць жыцця без гартання кніжных старонак, то сучасныя школьнікі – і гэта не сакрэт – аддаюць перавагу электронным крыніцам інфармацыі.

А ці ёсць у моладзі цікаўнасць да чытання і роднага слова? З такім пытаннем звярнулася да юных удзельнікаў імпрэзы і, што вельмі прыемна, атрымала выключна станоўчыя адказы. Дзесяцікласнікаў Ушацкай школы Аляксандра Цімафеева, Мацвея Радзевіча і Ягора Курбаку ўбачыла ля вітрын, дзе былі выстаўлены музейныя экспанаты: хлопцы з цікаўнасцю разглядалі рэдкія фотаздымкі Барадуліна, жыва абмяркоўвалі подпісы на зборніках: “Музею ад ушацкага мальца Рыгора” – бачыце, у нашых мясцінах і даўней ужывалі гэты зварот, і цяпер таксама многія кажуць “мальцы”!” Вучні прызналіся, што беларускую літаратуру лічаць адным з любімых прадметаў, бо іх настаўніца Вера Васільеўна Спірчонак заўсёды стварае на ўроках цікавую і творчую атмасферу.

А вось васьмікласніка Колю Баравікова зацікавіў рарытэтны часопіс “Першыя крокі” літаратурнага гуртка Ушацкай школы – хлопец уважліва слухаў аповед супрацоўніка музея Віктара Турло пра тое, што менавіта ў гэтым альманаху Рыгор Барадулін апублікаваў першыя вершы, абраўшы сабе псеўданім Алесь Чабор. Прынамсі, персанальнае невялікае адкрыццё чакала на свяце і мяне: пад шклом вітрыны ўбачыла школьны здымак, датаваны 1954 годам, дзе будучы класік стаіць побач са сваім любімым настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Фадзеем Францавічам Багдановічам, пад апекай якога акрыляліся юныя творцы – гэтае фота свайго дзядулі я ніколі не бачыла, бо яго няма ў сямейным архіве.

Старшакласніцы Ксенія Шаўчэнка, Насця Макрыдзіна і Вераніка Алексяёнак асабліва вылучаюць для сябе ваенную прозу Васіля Быкава, а любімым творам пісьменніка называюць “Жураўліны крык”. “Чытаць па-беларуску абавязкова трэба, бо гэта мова нашых продкаў, яе нельга страціць! – упэўнена Ксенія. – Асабліва для мяне роднае слова ва ўсёй прыгажосці адкрылася пасля знаёмства з творамі Уладзіміра Караткевіча – “Дзікае паляванне караля Стаха” прачытала на адным дыханні. Гэта падштурхнула да больш глыбокага вывучэння беларускай мовы, удзелу ў алімпіядзе па гэтым прадмеце”.

Вядома ж, нельга было прамінуць і каларытнага персанажа дзейства – Святога Лаўрэна. Праўда, у руках замест рашоткі, як на выяве герба гарпасёлка, заступнік ушачан трымаў больш адпавядаючыя выпадку аксесуары – пяро і старажытную грамату. І, напэўна, выканаўца гэтай ролі Кірыл Шалыга выказаў агульнае меркаванне ўсіх удзельнікаў раённага свята: “Пагарджаць роднай мовай – гэта тое самае, што цурацца сваіх бацькоў, зневажаць родную зямлю”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *