Парк «Маяка-Ушачского» пополнился новым комбайном

Сельское хозяйство

Спаткаць у адным месцы ўсіх хлебаробаў “Маяка-Ушацкага” – справа проста нерэальная. Палі гаспадаркі раскіданы ад Кубліч да Дубраўкі, а тактыка жніва прымушае штодня манеўраваць, каб мінімізаваць страты.

Вось і працуюць хлопцы звеннямі адначасова ў Мосары, Пліне ці Стаях, у залежнасці ад марак камбайнаў, вопыту менавіта на ўборцы і, канечне, спеласці збажыны.

Гэта, бадай, адзін з асноўных крытэрыяў першачарговасці ўборкі. Спачатку “на зуб” камбайны правяралі азімую пшаніцу, жыта, авёс. Зараз могуць пасыпацца і зернебабовыя. Ды і не ўсюды заедзеш пасля дажджоў. “У панядзелак тарфянікі ля Завячэлля ўжо б не ўзялі, – кажа дырэктар гаспадаркі Антон Юльянавіч Анецька. – Нізка, загразлі б. Таму і імкнёмся падняць такія ўчасткі раней. Ды і контурнасць абавязкова ўлічваем. Не пусціш жа Нью-Холанд з дзесяцімятровай жняяркай на дробныя ўчасткі, таму ён на дубраўскіх палетках”.

Шчыра кажучы, правальваліся колы нават і ў пагодлівую пятніцу, калі сустрэла там трыа маладых хлебаробаў на аднолькавых КЗС-ах. Хаця, гэта толькі з першага погляду чырвоныя “Палессі” нічым не адрозніваліся. Адзін з агрэгатаў усё ж вылучаўся навізной фарбы. Атрыманы ўсяго тры тыдні таму, ён аказаўся вельмі дарэчы сельгаспрадпрыемству, у якога на пяць камбайнаў прыпадала 2600 гектараў. Нават зараз, калі іх шэсць, нагрузка на кожны ўсё роўна ўдвая перавышае норму. Але не толькі гэтым так да часу прыйшоўся новы агрэгат.

На календары – верасень, страты павялічваюцца прапарцыянальна таму, як убывае дзень. Палеткі, якія яшчэ ўчора былі залатымі, акупіруе пустазелле, вымалочваецца ў якім колас намнога горш. Дажджы, туманы, моцныя росы не даюць рана выязджаць у поле. І ў такі сезон новае ”Палессе” прадэманстравала свае перавагі. Аб тым, што ў яго больш умяшчальны бункер, паведаміў вадзіцель Аляксандр Гайковіч. Ну а шчаслівы ўладальнік новай тэхнікі С.Шах дадаў, што ў гэтай мадэлі і рэшата пад вуглом, і саломаматрас даўжэй, а ўсё гэта дазваляе лепш вымалочваць колас, у чым Сяргей Віктаравіч пераканаўся і па паказчыках бартавога камп’ютара, і ўвачавідкі. “Не адзін раз выходзіў, правяраў салому. Чыста, няма зерня”.

Каму перадаць новы камбайн, у кіраўніка сельгаспрадпрыемства ваганняў не паўставала. “Канечне, Сяргею Шаху. Ураўнаважаны, сумленны, самастойны. Ведаю яго з дзяцінства, часта яшчэ бацьку ў “Кублічах” на трактары падмяняў, – Антон Юльянавіч сыпаў крыніцай эпітэтаў, расказваючы, дарэчы, пра часовага работніка – С.В.Шах працуе ў ДРБУ-105, а на перыяд уборкі пераведзены ў гаспадарку. – І не “временщик”, як некаторыя. Папярэдняму камбайну, на якім працаваў, толькі два гады, а ён аказаўся самым праблемным, у тым ліку і з-за таго, што быў не ў адных руках. Сяргей перабраў, давёў да ладу, і з пачатку жніва – без адзінай паломкі, ва ўсялякім выпадку істотнай. Таму дакладна ведаў, якім адказным ён будзе да новай. Ды і вопыт работы на ўборцы ўжо вялікі – дзясяты сезон. Вось і Ілью Пятніцу падрыхтаваў, так што было каго пасадзіць на машыну, што вызвалілася”.

Такім чынам экіпаж С.Шаха і І.Пятніцы распаўся, і Ілья ўжо самастойна жне палеткі. Кажа, што за час, як быў памочнікам, тэхніку пастаянна рыхтаваў, таму нічога не страшна. А паколькі ў яго адзінага не было і сцяблопадымальніка, што так дарэчы пры палегліцы, то проста вымушаны на месцы павышаць майстэрства. А ходзяць утрох па адных палетках невыпадкова: калі якая паломка – дапамагаюць адзін аднаму справіцца.

Дарэчы, ён не самы малодшы па ўзросце. Гэта пальма за Яўгенам Кулянком, якому ў лістападзе споўніцца толькі 23 гады. Папрацаваўшы вадзіцелем аўтобуса, ён зноў вярнуўся ў гаспадарку і атрымаў камбайн, які таксама працуе ўсяго другі сезон. “Я толькі ў “Маяку” і трапляю на старонкі газеты”, – Яўген дорыць сваю абаяльную ўсмешку і крыху саромеецца, калі хлопцы агучваюць і яшчэ адну хуткую падзею – вяселле.

Нельга было не заўважыць, што ў “Маяку-Ушацкім” шмат людзей з былых гаспадарак. Вось і неаднаразовы перадавік па адвозцы зерня Сяргей Васільевіч Гіраўка сачыў, на якой машыне раней замільгаціць лямпачка. Плячо перавозак тут малое, ад Урбанова да Завячэлля – усяго пару кіламетраў, таму менавіта С.В.Гіраўка і А.М.Гайковіч чакалі поўных бункераў, а не камбайны іх. Аляксандр Мікалаевіч таксама з ДРБУ-105 і не першы год на адвозцы. Не скрывае, што задаволены, заробкі тут не горшыя, чым у дарожнай галіне, так што ўсур’ёз думае аб пераходзе ў сельгаспрадпрыемства на пастаянна. І не ён адзін. Чаму вельмі рады кіраўнік гаспадаркі. А.Ю.Анецька не без гонару зазначае, што бачыць людзей ад зямлі і рады, што калектыў папаўняюць менавіта такія.

Вольга Караленка.

На здымку: Я.Кулянок, А.Гайковіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *