Море цветов, оригинальные элементы и идеальная чистота. Усадьба семьи Воробьёвых в Двор Паулье поражает своей уникальностью

Калейдоскоп

Назваць Алену Паўлаўну і Георгія Іванавіча Вараб’ёвых дачнікамі неяк не паварочваецца язык. Мінчане з 1997 года па восем месяцаў жывуць у Двор Павуллі, а ў рамцы як рэліквію захоўваюць фотаздымак таго года. На ім звычайны вясковы дом з балаціной і пустэчай. Адпачываючы не адно лета ў суседнім Акуліне, яны ўлюбіліся ў гэтыя мясціны і, доўга не думаючы, купілі дом у той частцы вёскі, што ідзе ўздоўж возера. Тады гэта была старэнькая хаціна. Зараз – драўляны двухпавярховы церам з райскім дагледжаным дваром. Для поўнай ідыліі не хапала хіба што фазанаў, якія б няспешна гулялі ля нізкіх пышных сосен, лазовай агароджы, дрывотні ці бочкі “з квасам”. Астатняй экзотыкі тут хоць адбаўляй, а дакладней, зусім простых рэчаў, якія дзякуючы фантазіі гаспадароў ператварыліся ў лайфхак. Слова замежнае, а прымяненне знойдзеш у кожным доме беларуса: гэта вынаходніцтвы, якія аблягчаюць паўсядзённае жыццё.

Генератарам ідэй з’яўляецца Алена Паўлаўна. Інжынер па адукацыі, яна смела эксперыментуе і многае робіць сама. Напрыклад, модныя стрыжкі сваім іглістым дрэвам. Шчыра кажучы, думала, што сосны спецыяльных дэкаратыўных парод, настолькі даўгімі і пышнымі былі іголкі. Аказалася – пад прычоскай тыпу гарсон – наша звычайная сасна, а паколькі рэгулярна абмяжоўваецца ў росце, то і сілы ідуць на багатую зеляніну. Форму шарыкаў на ножках мае і ядловец, але Алена Паўлаўна кажа, што сасна расце хутчэй, ды і ёсць меркаванне, што туі і іх сародзічы выклікаюць хваробу на грушах.

“Паглядзіце, як мы рукамыйнік абсталявалі, – гаспадыня падыходзіць да канструкцыі пад капелюшом “Майдадыра”. – Бачыце, суха, лужы на ўчастку няма, бо вада ідзе непасрэдна ў зямлю. Для гэтага выкапалі яму, паставілі туды бачок без дна, зверху на яго – рашотку, на якую наклалі камянёў. У зямлю забетанавалі металічную апору, на якой і вісіць рукамыйнік. Прыгожа і зручна”.

Чысціню наваколля ля грамадскага калодзежу, што на другім баку ад дома, ахоўвае бусел. Дарэчы, і гэты ўчастак, і спуск да возера з прыстанню – ідэальна абкошаны і дагледжаны Вараб’ёвымі. Георгій Іванавіч заўзяты рыбак, з-за яго, можна сказаць, і прыдбалі сядзібу. Усе выхады – ля брамкі, туалета – брусчатка: невялікія трывалыя астраўкі з камення, якія нават не бетанавалі, а проста глыбей паклалі ў зямлю. На драўніку з’явілася “вакно”, а сын абазначыў прызначэнне ўстановы прыгожымі драўлянымі літарамі. Гэта элементы інтэр’ера, як і срабрыстая агароджа цікавай канфігурацыі. Дарэчы, яна яшчэ расце. Вясной гаспадыня паўтыкала ў зямлю пад вуглом галіны лазы, толькі не звычайнай, а з вузкімі срэбранымі лісткамі, перапляла іх паміж сабой – агароджа прыжылася і зазелянела. Зразумела, што тут мора і розных кветак. Аб тым, як яны спешчаны ўвагай – сведчылі багатыя ружы на шпалерах і двухмятровыя ў дыяметры кусты гартэнзій.

“Тут вельмі добрая энергетыка”, – кажа Алена Паўлаўна, праводзячы па доме. – На жаль, мы не ведалі карэнных гаспадароў, а з ленінградцамі, якія прадавалі сядзібу, адразу пасябравалі. Як і з усімі аднавяскоўцамі, у нас дружная вёска. Наогул за гэты час я пазнаёмілася з вельмі многімі ўшачанамі. Як каталічка, ведаю вернікаў вашай парафіі. А ўся драўляная мэбля, дзверы зроблены ўмелымі рукамі Андрэя Усціна. Ён зараз хварэе, і мне хацелася б, каб наша шчырая ўдзячнасць дапамагла яму трымацца.

У доме, сапраўды, утульна і функцыянальна, як і ў двары. Драўляная лесвіца на другі, летні, паверх з вялізным пано з сухацветаў, – выраб самой гаспадыні. Лазня – пад адным дахам з домам, шырокія лавы і стол, бо збіраецца многа родных і сяброў. І частуюць іх тады духмянай гарбатай з зёлак, што растуць на лекавых градках. Тут эхінацэя і календула, чабор і мацярдушка, мята і скрыпень, мяліса, дуброўка ды ісоп. Вараб’ёвы зусім не пьюць куплёнага чаю, бо прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця. Адзін з яго пунктаў – пастаянны рух. Такая прыгажосць навокал магчыма, толькі калі штодня падкормліваеш, паліваеш, абразаеш, перасаджваеш ці апырскваеш. І галоўнае – самім трэба несці пазітыўную энергетыку, якая міжволі перадаецца раслінам і людзям. Усяго з паўгадзіны пагасцявалі мы на сядзібе Вараб’ёвых, ніводнай скаргі ці крушыны на жыццё не пачулі і пакідалі яе з настроем лета, цёплага, адыходзячага, калі яшчэ больш падкрэсліваецца прыгажосць мясцін і старанні руплівых рук. ”Зямлю любіць трэба. Шкада будзе, калі дзеці перастануць наведвацца сюды”. Хваляванні гасціннай гаспадыні небеспадстаўныя. Колькі закінутых дамоў у наваколлі. І як выйграюць мясціны, калі знаходзяць такіх гаспадароў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *