Молочная проблема. Почему на сельхозпредприятиях Ушаччины из года в год низкое производство молока?

Сельское хозяйство

Добрыя козы пароды зааненская, нубійская ці чэшская бурая даюць 4-5 літраў малака ў дзень. За год – 1000 ці нават 1200, ну а тлустасць лекавага напітку дасягае 4,5 працэнта.

Зацікавілася прадукцыйнасцю гэтай жывёлы не таму, што вырашыла завесці міні-буронку, а ўбачыўшы свежую зводку па вытворчасці малака. Амаль столькі ж зараз, а дакладней 5,62 кілаграма дояць у “Ільюшынскім”. Паралель, канечне, не арыгінальная, як і тое, што наш раён на працягу дзесяцігоддзяў займае апошнія радкі ў вобласці па надоях.

Трэба зазначыць, што з пачатку года ў цэлым па раёне назіраецца павелічэнне вытворчасці малака. На 12 працэнтаў! Такую ж прыбаўку дае “Агра-Селішча”, ажно 44 працэнты – “Дземенец”. Аднак менавіта гэта гаспадарка на адпаведную дату летась надаіла ад каровы толькі 1370 літраў. Амаль як ад зааненскай казы, хоць не за год, аднак, што тут засталося – тры месяцы, прычым, далёка не самых малочных.

Ад “нуля”, як вядома, плюсаваць лёгка, таму і не вельмі аптымістычна выглядае прыбаўка, калі аналізаваць не працэнты, а кілаграмы. “Якія ж гэта перадавікі, з такімі паказчыкамі на сцэну падымацца сорамна”, – пазнаёміўшыся летась праз газету з дасягненнямі лепшых даярак, тэлефанавалі нашы чытачы. Ды і самі жывёлаводы разумеюць, што 3382 – самы высокі паказчык па раёне за год, які належыць Алене Турчыновіч і Ніне Пранік з ААТ “Ільюшынскі” – далёка не рэкорд. Амаль пяць тысяч літраў на карову даіла раней, напрыклад, Н.Аўдочанка з “Райаграсэрвіса”, а ў “Дубраўцы” чатыры мелі ў цэлым па гаспадарцы. Аднак зусім не прыніжаю заслуг старанных даярак, жывёлагадоўля, як вядома, калектыўная праца, і не толькі ад іх залежыць надой.

А вось хто сёлета мяркуе пайсці на рэкорд – дык гэта “Ільюшынскі”. У іх на карову зараз ажно 1312 кілаграмаў – меней, чым нават летась у “Дземенцы”. Вырваць у іх пальму першынства атрымаецца хіба што ў “Вялікадолецкага”, якому ёсць з чаго падаць, што яны паспяхова і робяць. Ужо на 15 працэнтаў апусціліся з мінулагодніх, таксама няўзорных лічбаў у 1816 кілаграмаў, згубіўшы ад кожнай каровы ажно па 267 літраў. У гэтай гаспадаркі самы вялікі мінус і па працэнтах, і па абсалютных лічбах. Толькі за няпоўны верасень яны страцілі ў параўнанні з мінулым годам 16 тон – амаль чатырохсутачны цяперашні надой.

Не так даўно менавіта гэта сельгаспрадпрыемства было прыкладам у жывёлагадоўлі. Праблем – як і ва ўсіх, аднак і якасць прадукцыі, і вал трымалі дзякуючы штодзённаму кантролю з боку сярэдняга звяна спецыялістаў і кіраўніцтва. Менавіта ў гэтым – бадай, асноўная прычына зніжэння вытворчасці. Яшчэ адзін доказ таму – “Маяк-Ушацкі”. Якіх толькі эксперыментаў не ставілі на комплексе ў “Завячэллі”, нават зарплату завышаную даяркам “прэзентавалі”, каб толькі працавалі, а буронкі так і заставаліся козамі. І вось дзіва – у сельгаспрадпрыемстве на карову ўжо надоена 3093 літры. Канечне, восем не будзе, як у “Альгоўскім”, што ў Віцебскім раёне, аднак гэта на 51 працэнт ці 1051 літр больш мінулагодняга. І, на жаль, ужо недасягальны паказчык для ўсіх астатніх гаспадарак, якія, дарэчы, мінусуюць у верасні. І на стойлавы перыяд жывёлу яшчэ не перавялі, і травы хапае, а малако зноў цячэ… між пальцаў.

“Не выконваюцца правілы догляду за жывёлай і яе кармлення, парушаецца працоўная дысцыпліна, – каменціруе галоўны спецыяліст райсельгасхарча Людміла Міхайлаўна Міхаль. – Нядаўнія праверкі гаспадарак паказалі, што статкі пасвяцца па непадкошанай траве. Не хапае і пашаў з больш пажыўнай канюшынай. Адсутнічае кантроль з боку спецыялістаў, а часта іх увогуле няма, як у тым жа “Ільюшынскім”, дзе і нагрузка на даярку больш у 1,5-2 разы. Былі выпадкі, калі паіць малочных цялят першы раз пачыналі толькі ў 12 гадзін”. Без заўваг па ўтрыманні малых толькі “Глыбачаны” і “Агра-Селішча”, дрэннае яно на ферме ў Матырыне, а ў “Дземенца” іх, схуднелых, наогул давялося забраць.

Гэта далёка не грунтоўны аналіз спраў жывёлагадоўлі, а толькі край айсберга, які дрэйфуе па нашай прыдатнай для развіцця жывёлагадоўлі мясцовасці і ніяк не выльецца ў малочныя берагі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *