Как оживить лозу, отлично знает молодой специалист Ушачского Дома ремёсел Елизавета Серёгина

Образование и молодежь

Ва Ушацкім Доме рамёстваў віцябчанка Лізавета Сярогіна працуе ўсяго паўтара месяца. Тым не менш, заявіць пра сябе майстар-метадыст ужо паспела. Так, на абласным дыстанцыйным конкурсе “Птушыны перапалох” яе выраб з лазы адзначаны дыпломам “За творчае ўвасабленне вобраза птушак у мастацкай традыцыі”.

– Пляценне – няпросты занятак, – кажа малады спецыяліст. – Патрабуюцца не толькі цярпенне (працаваць даводзіцца з амаль ювелірнай дакладнасцю), але і фізічная сіла. Над лебедзем “чаравала” каля тыдня – па фотаздымку жывой птушкі з інтэрнэта. У ход ішлі як тоўстыя малагнуткія пруты – для цела, крылаў, так і зусім малюсенькія – для шыі, галавы. Ніякіх дадатковых элементаў для мацавання я ніколі не выкарыстоўваю, таму ўсе дэталі, “пераходы” загадзя прадумваю. Затое колькі задавальнення атрымліваю, калі бачу вынік! Лаза дзіўным чынам здольная ўпрыгожыць і ажывіць любы інтэр’ер.

Між тым, у прафесію Л.Сярогіна прыйшла выпадкова. Пасля заканчэння школы марыла аб атрыманні лагістычнай спецыяльнасці. Калі ж у спісе тых, хто паступіў, не ўбачыла свайго прозвішча, забрала дакументы і ў той жа дзень прыйшла з імі ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, дзе ў той год быў дастаткова невысокі конкурс.

– Ніколі не была творчым чалавекам, з народнымі промысламі справы не мела. Але ж гэта ад намеру любым чынам стаць студэнткай мяне не адхінула, – з усмешкай расказвае дзяўчына. – Спецыяльнасць “Мастак-афарміцель, пляценне з лазы, дызайн інтэр’ераў” выбрала наўгад. Тады і падумаць не магла, што знайду ў гэтым сваё прызванне.

Пра лазу, здаецца, Лізавета цяпер ведае ўсё: якія віды падыходзяць для пляцення, якімі сродкамі лепш карыстацца для зняцця кары, вымочвання. Любіць яна і няпросты працэс нарыхтоўкі прыроднага матэрыялу. Часта пераадольвае вялізныя адлегласці ў пошуку неабходных кустоў. Не дазваляе сабе расслабіцца і пасля нарэзкі прутоў – калі своечасова не зняць кару, сагнуць іх будзе праблематычна.

Пра Ушачы, куды прыехала па размеркаванні, Л.Сярогіна дагэтуль нічога не ведала. Як прызнаецца, пабойвалася расставацца з родным домам у абласным цэнтры, асвойвацца на новым месцы. Але ж хваляванні былі дарэмныя! На старце прафесійнай дзейнасці малады спецыяліст атрымала пад’ёмныя. Праз раённы выканаўчы камітэт было вырашана жыллёвае пытанне – выдзелены пакой у адным са шматкватэрных дамоў у райцэнтры. Ды і ў Доме рамёстваў, куды ўладкавалася, адразу адчула сябе сваёй. Калектыў аднадумцаў пад старшынствам Юрыя Канстанцінавіча Пашковіча пазнаёміў Лізу з раёнам, дапамог знайсці “лазовыя мясціны” і дзетак, якія запісаліся да маладога майстра ў гурток па вязанні “Вясёлыя клубочкі”.

– З ніткамі працаваць прасцей. Хай хлопчыкі і дзяўчынкі пакуль трэніруюцца ў такім “пляценні”, пазней жа, спадзяюся, хтосьці паспрабуе сябе ў лозапляценні, – кажа Л.Сярогіна. – Магчыма, і прыхільнікі роспісу па тканіне, якім таксама займаюся, знойдуцца – ужо зараз многія звяртаюць увагу на крэатыўныя малюнкі на маім адзенні.

Творчасць, упэўнена Лізавета, акрыляе. Менавіта таму “зварочваць” з гэтай сцяжыны яна не збіраецца – на наступны год паспрабуе паступіць на дызайнерскую спецыяльнасць у адну з ВНУ краіны. Прафесійны ж вопыт, набыты ва Ушачах, спадзяемся, у гэтым дапаможа!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *