В КУСХП «Великодолецкое» молодёжи доверяют технику и ответственные участки

Сельское хозяйство

Іван Гоман шустра выпрыгнуў з кабіны і адарыў сваёй абаяльнай усмешкай:

“Пакуль Сяргей Вусько на камбайне, я яго бочку зачапіў і займаюся хімпраполкай, мая выйшла са строю. А работы ўвосень столькі, што на тыдні і некалькі разоў можна мяняць род заняткаў. Мяне перакідваюць туды, дзе найбольш актуальна. Летам корманарыхтоўкай займаюся: сена прасаваў, з граблямі хадзіў”.

Працэс праполкі звонку падаецца абсалютна простым. Ходзіць па палетках механічны бусел і крыламі-штангамі акрапляе ярка-зялёныя парасткі рапсу. Аднак хто хоць раз бачыў паласатыя, быццам у цяльняшцы, палі, ведае, што гэта не ноў-хаў, а брак – спаленыя ці нераўнамерна падкормленыя ўсходы. Ды і каштуюць гербіцыды столькі, што на такі ўчастак можна паставіць выключна адказных людзей.

“Разводжу раствор згодна схеме, якую дае галоўны аграном. Прэпараты ж розныя. Бывае, што і 250 грамаў гранул на бочку дастаткова, а можа быць і 40 літраў. Калі апошні варыянт, тады абчэпліваю трактар каністрамі з хіміяй. Працэс падачы поўнасцю камп’ютарызаваны. Табе падкажуць, што неабходна сцішыць скорасць, калі перавысіў аптымальную ў 10-11 кіламетраў, расход вадкасці. Аднак і ручной работы хапае. Напрыклад, перыядычна прамываць вадой забітыя штангі, не прапусціць гэты момант. А яшчэ вельмі адказна пракладваць тэхналагічную каляіну, каб ахоп прэпаратам быў без палосак. Здаецца, я з гэтым спраўляюся”.

Сустрэча з маладым механізатарам адбылася на мінулым тыдні, ну а зараз Іван ужо на прасаванні саломы. Менавіта таму юнак з радасцю памяняў пяць год назад машыну на трактар – з апошнім пастаянна будзеш з работай. “Я шэсць сезонаў шафярыў, калі былы дырэктар Іван Піліпавіч Дарошчанка даведаўся, што ў мяне ёсць корачкі механізатара, так і паабяцаў, што чарговы новы трактар будзе маім – заахвочваў моладзь, каб заставалася ў гаспадарцы. І слова стрымаў. Я сам прыганяў яго з Мінска”.

Дарэчы, зараз на адным полі можна ўбачыць адразу двух Гоманаў – Івана і Аляксандра Станіслававіча. Дзядзька не проста напарнік, а і дарадчык, бо калі Іван толькі першы сезон на прасаванні, то ён – усё жыццё. Зразумела, вучыў, расказваў хітрасці – тут электронікі няма, калі вязаць цюк, падказвае датчык і больш натужлівы гул рухавіка.

Я ж не ўтрымалася запытацца ў С.М.Вусько, ці не перажываў ён за распырсквальнік, што быў у руках Івана. І пачула адназначнае: “Ніколькі. Ён сумленны, сочыць за станам і з работай спраўляецца”. А такія пахвалы ад чалавека, які вельмі дбайна адносіцца да даверанай тэхнікі, дарагога каштуюць.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *