И за пультом, и в качестве актёра. Молодой звукооператор районного центра культуры Евгений Зуев о любимой работе

Культура

Як вы думаеце, чаму канцэрты з удзелам дзіцячай школы мастацтваў заўсёды пачынаюцца з выступлення аркестра народных інструментаў? Аказваецца, не толькі таму, што да пачатку праграмы зручней расставіць на сцэне ўсё неабходнае і рассадзіць музыкантаў. Для таго каб дакладна настроіць аб’ёмны гук, аптымальна размясціць мікрафоны, забяспечыўшы гарманічнае гучанне ўсіх груп інструментаў, патрэбна гадзіна, а то і дзве. Гэты нябачны гледачу працэс вельмі важны, бо хібы ў агучванні могуць змарнаваць усе старанні артыстаў. І калі для іншых культработнікаў быць прыкметным – натуральная мэта, то добры гукавік, наадварот, заўсёды застаецца ў цені.

Але ж гэта несправядліва – падумалі мы і вырашылі накіраваць святло журналісцкіх сафітаў на маладога, але ўжо даволі вопытнага гукааператара культурна-масавага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Яўгена Зуева. І зусім не пашкадавалі, бо хлопец аказаўся цікавым субяседнікам і яркім чалавекам, бязмежна апантаным музыкай. А яшчэ радыётэхнікай – гэты “сплаў” і дазваляе яму так упэўнена адчуваць сябе ў прафесіі. Захапленне прыйшло ад дзядулі Генадзя Іванавіча Лемеша, які працаваў электрыкам у ПМК-50. Жэня бегаў да яго на работу і ўжо гадоў з дзевяці добра арыентаваўся ў царстве стартэраў і генератараў, спрытна арудаваў паяльнікам, здабываючы дэталі са старых радыёл, каб сканструяваць штосьці цікавае. Ну і, канечне, стаў адным з заўзятараў радыётэхнічнага гуртка, які вёў ва Ушацкай школе выкладчык фізікі Віктар Мікалаевіч Герцык. А які падлетак не марыць быць вядучым школьных дыскатэк? Менавіта тут Жэня практыкаваў першыя навыкі будучай справы свайго жыцця, якія ўмацаваў пазней падчас вучобы ў Віцебскім каледжы культуры і мастацтваў. Спатрэбіліся яны і на вайсковай службе, якую праходзіў у Бароўцы: без Музыканта (такое прозвішча замацавалася за ім сярод салдат і афіцэраў) не абыходзіўся ніводны канцэрт.

Працу ж у сферы культуры хлопец пачаў у Арэхаўскім СДК. І менавіта там сустрэў яшчэ аднаго чалавека, які аказаў на яго ўплыў. Неяк раз Яўген напісаў песню, якой быў патрэбны гітарны акампанемент. А ў Арэхаўне якраз даваў урокі дзецям выкладчык школы мастацтваў Генадзь Пятровіч Савіцкі. Жэня набраўся смеласці і падышоў да яго з просьбай падыграць, а той прапанаваў: “Дык давай я цябе навучу!” Паказаў пяць акордаў, тры пераборы, а праз пару тыдняў звазіў у Наваполацк і дапамог выбраць добрую гітару. “Я вельмі захапіўся, – расказвае Яўген. – Узяў песню “Селігер” свайго любімага спевака Міхаіла Круга і вучыў яе некалькі дзён запар. Перастаў адчуваць пальцы, але нешта пачало атрымлівацца!”

Зараз жа гітара – яго нязменная спадарожніца. А хіты М.Круга ён з асаблівым імпэтам выконваў сёлета са сцэны цэнтра культуры падчас шансон-канцэрта, прысвечанага памяці спевака. Гэты праект яны задумалі разам з лепшым сябрам Арцёмам Біруковым і калегай па цэнтры культуры Святланай Мушай, а з поспехам рэалізаваць яго дапамаглі прафесійныя і самадзейныя ўшацкія выканаўцы. Як бачна, герой аповеду не заўсёды знаходзіцца выключна за мікшарным пультам – выходзіць і на сцэну ў якасці спевака ці акцёра: так, напрыклад, у камічнай ролі памочніка султана з сёлетняй навагодняй казкі ён быў проста непараўнальны!

Ды ўсё ж гукааператарства – любімая тэма, пра якую хлопец можа расказваць бясконца. Работа гэта патрабуе бездакорнага музычнага слыху, спецыфічных ведаў і вялікай уважлівасці. Так, напрыклад, варта пры падключэнні да пульту базы мікрафонаў пераблытаць гнёзды ўваходу і выхаду – і яна сапсуецца. А якім экстрэмальным выпрабаваннем для маладога гукавіка стаў леташні канцэрт да 95-годдзя раёна, які з-за раптоўнага ліўня давялося экстранна пераносіць з плошчы ў памяшканне. Усяго за адну гадзіну тры камплекты абсталявання былі перавезены ў Дом культуры, перападключаны і адрэгуляваны, пры гэтым падмоклыя шнуры і калонкі трэба было насуха працерці анучамі, у чым гукааператару дапамагалі ўсе, хто быў побач. Высокія госці свята потым нават асобна адзначылі аператыўнасць нашых культработнікаў. Прафесіяналізм Я.Зуева вылучаў і вядомы спявак Валерый Скаражонак: уражаны бездакорнай якасцю гука падчас ушацкага канцэрта, экс-саліст “Песняроў” нават прапанаваў яму падумаць пра пераезд у Мінск.

Зрэшты, хлопец сцвярджае, што жыццё і праца на малой радзіме яго цалкам задавальняюць. Музыка з ім і на рабоце, і дома – у сваім пакоі ён абсталяваў студыю, якую пастаянна ўдасканальвае. А быў выпадак, калі музычныя рытмы нават сталі стымулам для абнаўлення жылля: набыўшы чарговую апаратуру, хлопец не ўтрымаўся ад спакусы тут жа яе пратэсціраваць – ад гука магутнасцю ў 175 дэцыбел у пакойчыку ў 12 квадратаў трэснула аконнае шкло. На шчасце, натрэніраваныя вушныя перапонкі гукавую атаку вытрымалі, ну а ў вокнах з’явіліся сучасныя шклопакеты.

“Я шчаслівы чалавек, бо займаюся любімай справай! – сцвярджае Яўген Зуеў. – А яшчэ працую ў цудоўным калектыве, дзе ўсе творчыя, дружныя, у кожнага можна чамусьці павучыцца. А гэта ж так захапляльна – штодня самаўдасканальвацца і несці людзям музыку!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *