Специальный пресс-подборщик, который «консервирует» сенаж в стрейч-плёнку теперь появился и в филиале «Маяк-Ушачский»

Сельское хозяйство

Перавагі нарыхтоўкі сенажу ў стрэйч-плёнку ацанілі ва ўсіх гаспадарках раёна. Сакавіты корм выдатна захоўвае сваю пажыўнасць, ім з задавальненнем ласуюцца ўзімку як цяляты, так і дарослая жывёла.

Адна бяда – у раёне да нядаўняга часу быў адзіны рулонны прэс-падборшчык, які “кансерваваў” зялёнку, таму ў сезон ён не прастойваў не хвіліны, а механізатар ААТ “Ільюшынскі” Дзмітрый Бурак скалясіў тысячы кіламетраў, прасуючы кармы ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. Зараз жа агрэгат для нарыхтоўкі сенажу ў стрэйч-плёнцы з’явіўся ў філіяле “Маяк-Ушацкі”.

За яго работай давялося назіраць у панядзелак ля Угрынак. Даверылі нямецкі рулонны прэс-падборшчык сусветна вядомага вытворцы сельгастэхнікі “CLAAS” маладому механізатару Раману Ладзіку. Раней гэтага адказнага хлопца даводзілася часцей сустракаць на ўзворванні, зараз жа ён заняты выключна на нарыхтоўцы кармоў.

– Гэтыя плошчы абапал дарогі ад Ушач да Двор Пліна я сам і касіў, – кажа Раман. – Зараз падбіраю. Нямнога рулонаў? Дык сёлета гэта ўжо трэці ўкос тут. А на ўчастках з добрым травастоем яны ляжаць значна “гусцей” – у адзін дзень запрасаваў каля 130. Усяго ж на маім рахунку ўжо каля 400 штук. Вага рулонаў залежыць ад вільготнасці зялёнай масы, у сярэднім гэта 600-700 кілаграмаў.

Прэс-падборшчык, дарэчы, не новы, тры сезоны быў задзейнічаны ў іншых гаспадарках Полацкай інтэграцыйнай структуры. Спецыяльнага навучання для работы са складаным агрэгатам Р.Ладзік не праходзіў, вучыўся непасрэдна на полі і кажа, што для таго каб разабрацца ў нюансах тэхналогіі, хапіла “кніжкі” – дапаможніка па эксплуатацыі і дзвюх гадзін працы. Да таго ж працэс аўтаматызаваны і знаходзіцца пад кантролем камп’ютара. І калі ў “Ільюшынскім” прэс-падборшчык зачэплены за энерганасычаны МТЗ-3022, то ў “Маяку-Ушацкім” гэту функцыю паспяхова выконвае МТЗ-1523 і, па словах механізатара, магутнасці рухавіка хапае, а расход паліва меншы.

Збіваў зялёную масу ў валкі Міхаіл Сталыга на МТЗ-82. У вопытнага механізатара, які свой стаж напрацоўваў у КУСГП “Кублічы”, прычапны агрэгат таксама імпартны – граблі славенскай фірмы “SIP” за час эксплуатацыі добра зарэкамендавалі сябе. Нягледзячы на тое, што травастой быў рэдкім, настрой М.Сталыгі адпавядаў пагодліваму кастрычніцкаму надвор’ю.

– Раней, бывала, заграбём валкі, трава правяліцца, а пакуль дачакаемся прэса з “Ільюшынскага” – дождж іх прамочыць, хоць назад раскідвай, – дзеліцца механізатар. – Зараз жа, як у нас свой агрэгат, дык Раман адразу за мной падбірае. Якасць корму будзе добрая, тут люцэрна ды канюшына.

Перавага такой нарыхтоўкі сенажу яшчэ і ў тым, што не трэба, як пры закладцы ў траншэю, задзейнічаць адначасова значную колькасць тэхнікі на адвозку, трамбоўку. Гэта дазваляе вызваліць трактары на іншыя віды работ, якіх восенню хапае – араць, апрацоўваць глебу, сеяць, уносіць угнаенні. Рулоны прыбіраюцца з палёў, складаюцца, для гэтага ў “Маяку-Ушацкім” ёсць спецыяльны пагрузчык, які не шкодзіць плёнку – не парушае герметычнасць. А падвозіць іх да жывёлагадоўчых аб’ектаў можна і зімой, калі большасць тэхнікі вызваляецца ад сезонных работ у полі.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *