Как в филиале «Маяк-Ушачский» «консервируют» кукурузу

Сельское хозяйство

Палачанін Рыгор Курносаў на Ушаччыне працуе не першы сезон, таму і на старонкі нашай газеты ўжо трапляў неаднойчы – як на касавіцы, так і на ўзворванні, апрацоўцы глебы.

Ён ужо даволі ўпэўнена называе гаспадаркі нашага раёна і не пераблытае Стаі і Стайкі. Але зараз мужчына на сваім магутным МТЗ-3522 задзейнічаны на новым для сябе відзе работы – у панядзелак сустрэлі яго на тэрыторыі малочна-таварнага комплексу “Завячэлле” філіяла “Маяк-Ушацкі”, дзе ён займаўся плюшчэннем зерня кукурузы.

Агрэгат для гэтага Полацкае аграпрамысловае аб’яднанне набыло сёлета і накіроўвае да сваіх “дачок”-філіялаў, якія маюцца ў некалькіх раёнах вобласці. Перад тым, як прыехаць на “Завячэлле”, Р.Курносаў працаваў у ААТ “Цітава” Міёрскага і КУСГП “Гарадзец” Шаркаўшчынскага раёнаў. Перасоўная вальцовая плюшчылка вільготнага зерня з прэсам “СР2 Plus” выраблена ў Чэхіі. Высокапрадукцыйная машына здольна прапускаць праз сябе 60 тон сыравіны ў гадзіну і загрузіць яе з улікам ураджайнасці нашых палеткаў праблематычна. Вось і прастойваў пэўны час Р.Курносаў, таму з ахвотай падзяліўся з намі некаторымі асаблівасцямі вытворчага працэсу.

– Як і ўчора, кукурузу мне павінны прывезці ажно з КУСГП “Глыбачаны”, – расказвае механізатар. – Плячо вялікае, даводзіцца чакаць. З поля зерне праз вагі падаецца на склад, потым “Амкадорам” у бункер плюшчылкі, якая працуе ад рухавіка трактара. Зерне праходзіць праз чатыры вальцы, аплікатар падае кансервант. Усім кіруе камп’ютар, трэба толькі задаць параметры перад пачаткам работы – агрэгат можна настроіць на здрабненне не толькі кукурузы, а любога зерня. А вось спецыяльны полімерны рукаў, куды шнэкам пад ціскам падаецца сплюшчаная маса, трэба навесіць уручную. І гэта бадай што самае цяжкае ва ўсім працэсе – аднаму не справіцца, бо даўжыня рукава складае 60 метраў пры дыяметры 1,5-2 і ўмяшчаецца туды, у залежнасці ад вільготнасці, 110-170 тон корму. Наогул, у адзін метр рулона можна ўтрамбаваць да 4 тон масы! Пасля запаўнення гэтай гіганцкай “каўбасы” канец рукава загінаецца, закладаецца мяшкамі з зямлёй, каб максімальна выціснуць паветра – кукуруза закансервавана, атрымліваецца выдатны пажыўны корм для жывёлы любога ўзросту.

Перавагі метаду відавочныя: не трэба рыхтаваць траншэі, трамбаваць і ўкрываць масу, рукаў можна пакласці на любую больш-менш прыдатную пляцоўку. Да таго ж няма неабходнасці дасушваць зерне, а на кукурузе на гэта затрачваецца значна больш паліва, чым на зерневых – дзякуючы ўнясенню кансерванту першакласны корм атрымліваецца і пры плюшчэнні з вільготнасцю звыш 30 працэнтаў.

Як нам паведамілі ў райсельгасхарчы, для вырошчвання кукурузы на зерне ў гаспадарках выкарыстоўваліся спецыяльныя імпартныя сарты, асаблівая тэхналогія і нямецкі пасяўны агрэгат “Amazone”. Калі пры сяўбе культуры на зялёную масу, насенне ўносіцца гусцей, то на ўчастках пад зерне адлегласць паміж радкамі раслін складае 60 сантыметраў – каб пачаткі не зацяняліся і выспявалі, праветрываліся. Для ўборкі неабходны спецыяльныя жняяркі, якія маюцца на камбайнах “Нью-Холанд” галаўнога прадпрыемства інтэграцыйнай структуры – яны і задзейнічаны на ўборцы ў “Глыбачанах”. Акрамя таго, здробненыя рэшкі расліны пакідаюцца на полі, мінералізуюцца пры раскладанні і служаць угнаеннем для пасеваў наступнага года.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *