З 7 ноября в Беларуси стартовал сезон охоты на пушных зверей

Калейдоскоп

З 7 лістапада ў Беларусі стартаваў сезон палявання на пушных звяроў. Паляўнічым дазволена здабываць зайца-беляка, зайца-русака, вавёрку, куніцу лясную і каменную, норку амерыканскую, андатру і тхара ляснога.

Як нам паведамілі ва Ушацкай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, паляванне на зайца-русака і зайца-беляка дазваляецца ў светлы час сутак як ружэйным, так і безружэйным спосабамі. З ружжом на зайцаў можна паляваць з засады, падыходу, загонам. Дапускаецца прымяненне гладкаствольнай паляўнічай зброі з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам, а таксама паляўнічых сабак усіх парод, пры безружэйным – хартоў і лоўчых птушак.

Ружэйнае паляванне на іншыя вышэйпералічаныя віды пушных жывёл дазволена ў светлы час сутак з падыходу, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі ўсіх парод, акрамя ганчакоў і хартоў, з гладкаствольнай зброяй з выкарыстаннем патронаў, зараджаных дробам, наразной паляўнічай зброяй калібра 5,6 мм. Пры безружэйным паляванні дазволена ўжываць капканы і пасткі (акрамя петляў).

У БТПР таксама нагадалі, што пры паляванні на пушных звяроў з гладкаствольнай зброяй паляўнічым забараняецца мець пры сабе патроны, зараджаныя карцеччу і кулямі. За іх нашэнне прадугледжаны штраф да 15 базавых велічынь, а пры паўторным парушэнні – пазбаўленне права на паляванне.

Прадоўжыцца сезон палявання на пушных жывёл да апошняй нядзелі студзеня.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *