33 года посвятила работе в Ушачской инспекции по семеноводству, карантину и защите растений Галина Кашко

Сельское хозяйство

Гэтыя восеньскія дні для Г.М.Кашко ў многім асаблівыя. Некалькі тыдняў таму яна прымала віншаванні з нагоды юбілею, а заўтра – прафесійнае свята.

За плячыма Галіны Мікалаеўны ўжо 33 гады работы ў сельгасгаліне, частка з якіх – на кіруючай пасадзе.

Годны ўраджай у гаспадарках раёна – у многім заслуга і тых спецыялістаў, якія адказваюць за якасць насеннага матэрыялу, клапоцяцца пра здароўе раслін. Менавіта яны кантралююць усходжасць насення, яго чысціню і падрыхтаванасць да сяўбы, адсутнасць каранцінных аб’ектаў, правяраюць захаванне норм высеву, вядуць барацьбу з хваробамі і пустазеллем на палетках.

Работа спецыялістаў службы, якую ўзначальвае Г.М.Кашко, будуецца на трох напрамках, пра якія гаворыць сама назва: насенняводства, каранцін і ахова раслін. Галіне Мікалаеўне ж даводзіцца ад “а” да “я” разбірацца ва ўсіх трох. Як чалавек адказны, патрабавальны, настройвае калектыў (на сённяшні дзень гэта 6 чалавек) унікаць ва ўсе тонкасці справы, сачыць за выкананнем тэхналогій, дзейнічаць граматна, з разлікам на вынік.

– У школьныя гады марыла стаць фінансістам ці эканамістам, але ж лёс распарадзіўся інакш, – расказвае ўраджэнка Пскоўскай вобласці. – Калі не стала маці, дапамагала бацьку ў выхаванні малодшых брата і сясты, была вымушана тэрмінова шукаць заробак. Ужо на наступны пасля выпускнога балю дзень выйшла на працу ў мясцовую гаспадарку, дзе стала дыспетчарам.

Адукацыю Галіна Мікалаеўна набывала спачатку ў Вялікалукскім, а пасля па пераводзе ў Ленінградскім сельскагаспадарчых інстытутах. Як прызнаецца, трапіла ў ВНУ “за кампанію” з сяброўкай, якая збіралася туды паступаць, разам праходзілі падрыхтоўчыя курсы, ну а спецыяльнасць парэкамендавала былая аднакласніца, якая ўжо вучылася на факультэце аховы раслін. Дарэчы, у інстытуце ў Вялікіх Луках Г.М.Кашко пазнаёмілася са сваім будучым мужам, з якім прыехала ў наш раён.

Свой прафесійны шлях на Ушаччыне Галіна Мікалаеўна пачынала ў 1987 годзе, калі ў раёне налічвалася 18 гаспадарак. Была загадчыцай пункта прагнозу, аграномам-прагназістам, намеснікам начальніка – аднак заўсёды ў адной арганізацыі, у якой за гэты час некалькі разоў змяняліся назвы. На цяперашняй пасадзе Г.М.Кашко з чэрвеня 2011-га.

Работу начальніка, хоць папяровых спраў надзвычай многа, усё ж кабінетнай не назавеш. У машыне абавязкова – гумовыя боты, на выпадак, калі тэрмінова трэба выехаць на палеткі.

– Бывае, тэлефануе кіраўнік ці аграном – з пэўным відам работ, за якія адказваем, узніклі цяжкасці. Трэба дапамагчы! – прыгадвае рабочыя моманты Галіна Мікалаеўна. – Іншыя справы адкладаюцца на потым – выязджаем на месца. Толькі так можна адэкватна ацаніць сітуацыю і даць неабходную кансультацыю. Дарэчы, падабаецца працаваць з моладдзю, назіраць за тым, як з нядаўніх выпускнікоў навучальных устаноў на вачах “вырастаюць” добрыя спецыялісты.

Даводзіцца адказваць начальніку і за кантрольную дзейнасць інспекцыі. Скажам, не ажыццявіла гаспадарка хімпраполку, што паставіла пад пагрозу атрыманне добрага ўраджаю, – афармляецца пратакол, які накіроўваецца ў суд. На плячах Г.М.Кашко і гаспадарчыя справы: падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона, закуп запчастак для аўтатранспарту, рамонт будынка і памяшканняў… Між тым, на ўсё гэта жанчына не скардзіцца – да ўсіх выпрабаванняў адносіцца з разуменнем і мудрасцю. Гэтак паступае і ў асабістым жыцці – блізкія ведаюць Галіну Мікалаеўну як выдатную гаспадыню, любячую жонку, клапатлівую маці і бабулю, а таксама надзейнага сябра, які заўсёды працягне руку дапамогі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *