Победителем районного соревнования на отвозке зерна в 2020-м году стал Геннадий Чигряй из КУСХП «Глыбочаны»

Сельское хозяйство

Дзень паветрана-дэсантных войскаў, пажарнай службы, выратавальніка, вадзіцеля… Генадзь Чыграй па праве лічыць усе гэтыя святы сваімі. Ну а заўтра будзе адзначаць і Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Хоць у працоўнай кніжцы не самы вялікі адрэзак часу прысвечаны аграрнай галіне, аднак фактычна ён развітваўся з ёй толькі ў арміі.

– Шэсць гадоў вадзіцелем у “Глыбачанах” пасля вяртання з войска, і ўжо сем – пасля другога “дэмбеля”. Ды і калі 18 год служыў у пажарнай часці, пастаянна некаму дапамагаў, не гаворачы пра дзяжурствы на палетках. Выдатна ведаю ўсе закуткі не толькі сваёй гаспадаркі, а і ўсяго раёна. Так што калі б заграз недзе МАЗ, лічы што сам вінаваты, машына праходная, варта толькі не правароніць нізкі ўчастак, – расказвае абсалютны перадавік па адвозцы збожжа.

Сёлета такіх эксцэсаў не было, хоць і забіраў Генадзь Анатольевіч ураджай з самых аддаленых палёў прадпрыемства. Сушыльная гаспадарка ў “Глыбачанах” слабая, таму частка зерня адразу пастаўлялася машынамі холдынгу на Полацк ці Шуміліна. А ён, паколькі заўсёды як палачка-выручалачка “на падхопе”, забіраў і ад двух глыбачанскіх камбайнаў, і ад “Нью-Холандаў” Полацкага КХП. Былі дні, калі і адзін заставаўся на адвозцы за імі, а здаралася, што толькі адзін рэйс за суткі рабіў. І пераважна заўсёды чакаў запоўненых бункераў: МАЗ жа дваццацітонны, адразу ўмяшчае зерне ад трох камбайнаў. Ну а па шляху яшчэ і абеды развозіў і механізатарам, і жывёлаводам.

Каб адзінаццацігадовы МАЗ адбегаў увесь сезон, сёлета адзін перабраў усю тармазную сістэму, ну а летась проста сабраў машыну з лому, самая лёгкая з запчастак якога важыць больш трох пудоў. І кніжкі спецыяльныя вывучаў, каб разабрацца ва ўстройстве. “З ­ЗІЛам, іншымі машынамі быў знаёмы, а ў МАЗ-551 электронікі шмат і тармазная сістэма мудроная, таму гартаў літаратуру, хаця лепш пагутарыць з талковым чалавекам, які мае практычны вопыт. Ніколі не саромеюся запытацца, калі не ведаю”, – гаворыць Генадзь.

“Ён вельмі цікаўны, асабліва да тэхнікі, і неабыякавы, за ўсё душа баліць, любіць, каб да толку. Рабочую машыну заглушыць не паспее і на свой трактар пераскоквае, трэба ж было сена нарыхтаваць на карову, падцёлка. Суседзі дзівяцца, калі ён адпачывае. Сёння ў чатыры гадзіны ўстаў і ў адзінаццатай вечара вернецца пасля развозу даярак”, – дадае маці Ульяна Мяфодзьеўна, якая цэніць сынаву працавітасць і, бачна, перажывае, што ён стамляецца. Перапынкі паміж трыма дойкамі, канечне, ёсць, да пад’ёмаў у любы час сутак Генадзь Анатольевіч прывык, але ж дзень разбіты, ды і невядома, дзе апынешся, накіраваць па іншым маршруце могуць у любую хвіліну. Хоць і думаў Генадзь Анатольевіч, што толькі на жніве папрацуе, ды ў гаспадарцы з тэхнікай – аўрал, папрасілі яшчэ дапамагчы. А меркаваў, што на пенсіі будзе займацца пасекай – у іх родзе ўсе пчаляры: “Дваццаць сямей развёў, толькі дзічэюць мае пчолы. За імі догляд пастаянны патрэбны, а я сёлета толькі ў верасні мёд адкачаў, у некаторых рамках ён зацукрыцца паспеў”.

“Кім цяжэй быць: аграрыем ці выратавальнікам?” – пытаюся на развітанне ў Генадзя Анатольевіча. “Як аднолькавых пажараў не бывае, так і жніва. І сёлетняе не самае праблемнае – збожжа больш сабралі. А ўборачную кампанію я заўсёды пачынаю з кабіны камбайна, разам з хлопцамі праязджаю круг – прыемна глядзець, як нахіляецца спелы колас”. Вось і адказ, ці любіць ён зямлю і чаму не знайшоў на пенсіі больш лёгкага і аплачваемага занятку.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *