Алла Сынкова мечтала о погонах, спортивной карьере, но более двух десятков лет отработала в детском саду

Образование и молодежь

Кажуць: не памыліўся з выбарам прафесіі, калі ідзеш на работу з радасцю. А.П.Сынковай у гэтым сэнсе пашанцавала: хоць і марыла з дзяцінства пра пагоны ці спартыўную кар’еру, знайшла сябе ўсё ж у педагогіцы. Кожны дзень на шляху ў яслі-сад №4 г.п.Ушачы, дзе на розных пасадах працавала з 1998 года, Ала Пятроўна дзякавала Богу за магчымасць займацца любімай справай.

У школьныя гады ўраджэнка Гомельшчыны сур’ёзна займалася спартыўнай гімнастыкай, любіла наведаць цір, пастраляць з пнеўматычнай зброі. Гледзячы на родных па лініі бацькі, большасць з якіх былі ваеннымі, не выключала магчымасці пайсці па іх слядах. Вось толькі перанесеная хвароба перакрэсліла гэтыя планы, прывёўшы Алу Пятроўну ў Аршанскі тэхнікум, дзе яна набыла спецыяльнасць фармоўшчыка калбасных вырабаў. Два гады работы на Гомельскім мясакамбінаце канчаткова далі зразумець: з выбарам выйшла памылка, хаця пра тое, каб сюды трапіць, марылі многія. Тады, скончыўшы ў Мозыры педагагічныя класы, А.П.Сынкова стала выхавацелем у дзіцячым садзе горада Ветка, прычым, ён таксама быў пад нумарам 4.

– Не ведаю, чаму вырашыла працаваць з дзецьмі, – усміхаецца жанчына. – Сама ў садок практычна не хадзіла, нашым з сястрой выхаваннем акрамя бацькоў займалася няня. Калі ж перад школай для знаёмства з будучымі аднакласнікамі маці прывяла ў такую ўстанову, хацелася збегчы. Адзінае, што спыніла, – жаданне заступацца за слабейшых. Калі хлопчык пабіў дзяўчынку, адплаціла яму той жа манетай. Дарэчы, пазней мы пасябравалі, а ён звязаў сваё жыццё з боксам.

У 1992-м А.П.Сынкова выйшла замуж, а праз тры гады маладая сям’я па праграме адсялення з Чарнобыльскай зоны пераехала ва Ушачы, дзе пасля дэкрэтнага адпачынку Ала Пятроўна працягнула педагагічную кар’еру. Была выхавацелем, кіраўніком фізічнага выхавання, а 1,5 апошнія гады – загадчыкам ясляў-сада №4. Завочна скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка, практычная псіхалогія”.

– Ва ўсім люблю дакладнасць, – адзначае жанчына. – На занятках па фізвыхаванні, фітнэсе заўсёды выбірала больш практыкаванняў, якія паляпшаюць асанку, робяць дзетак стройнымі, гнуткімі. Трымаць на кантролі ўсе справы дашкольнай установы прывыкла, калі прыйшла на кіруючую пасаду. Вельмі ўдзячна свайму намесніку Вользе Мікалаеўне Тычына, якая падтрымала мяне на старце. Дарэчы, нікога з калег не трэба прымушаць штосьці зрабіць: толькі агучу сваю задуму – па арганізацыі міні-агародзіка за будынкам сада, чарговым абкосе травы ці ўборцы памяшканняў, як ужо ўсё зроблена. Усе мы – як адна сям’я, і гэта вялікае шчасце – працаваць у такім калектыве.

Апошні паступова прырастае новымі кадрамі. Як рыба ў вадзе адчувае сябе тут моладзь. Так, напрыклад, былая студэнтка педкаледжа Марыя Рабыка пасля праходжання практыкі ў дзіцячым садзе сама папрасілася застацца тут на працу. Такая ініцыятыва Але Пятроўне нібы бальзам на душу! Як, дарэчы, і любая грамадска карысная занятасць членаў калектыву. Сама А.П.Сынкова таксама не адседжвалася ў баку – з моманту стварэння раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” стала старшынёй пярвічкі ясляў-сада №4, прымала актыўны ўдзел у акцыях і мерапрыемствах аб’яднання.

– У Але Пятроўне можна быць упэўненым – уручаючы гераіні нашага аповеду Падзяку, старшыні райвыканкама зазначыла яго намеснік Алена Васільеўна Пашковіч.

Шмат шчырых слоў у адрас жанчыны прагучала на бягучым тыдні таксама ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Маргарыты Віктараўны Варава і ўсяго калектыву ясляў-сада №4 г.п.Ушачы. Вось толькі нагода для гэтага не самая прыемная: са зменай месца жыхарства сям’і Сынковых настаў час развітвацца.

– Ужо каторы дзень не сплю, – прызналася Ала Пятроўна. – У сталіцы ўжо прыгледзела некалькі дашкольных устаноў з падыходзячымі вакансіямі, аднак радасці няма. Калі б была магчымасць, абавязкова забрала б свой садок з усімі яго работнікамі, каб па-ранейшаму быць як дома, разам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *