Цветочные фантазии Анжелы Михаль. Как ушачанка делает необычные букеты из гофрированной бумаги

Калейдоскоп

Лепшы падарунак – той, што зроблены сваімі рукамі і з душой! З гэтым вядомым выказваннем поўнасцю згодна ўшачанка Анжэла Мікалаеўна Міхаль. А таму да віншавання сваіх родных і сяброў яна заўсёды падыходзіць творча. І яе букеты з гафрыраванай паперы не могуць нікога пакінуць раўнадушным.

Два гады таму яна прыдумвала, чым здзівіць сяброўку на дзень нараджэння. Убачыўшы мноства варыянтаў папяровых кветак у інтэрнэце, вырашыла паспрабаваць зрабіць нешта падобнае. Прыгожы выраб выклікаў захапленне ў імянінніцы і ўсіх, хто бачыў вынік работы, а таксама падштурхнуў да новых ідэй.

“Калісьці марыла стаць фларыстам. Рэалізаваць сваю мару не атрымалася, але цяга да любых кветак засталася. Напэўна, таму так і падабаецца мне ствараць букеты. Ніколі не раблю копію ўбачанага ў інтэрнэце ці часопісах, фантазірую, прыдумваю нейкія свае элементы. Ды і ведаеце, тут як і ў прыродзе няма аднолькавых кветак, кожная атрымліваецца па-рознаму. Некаторыя людзі прытрымліваюцца меркавання, што штучным кветкам месца на могілках. Я ж з гэтым не згодна. Яны ў адрозненні ад жывых доўга радуюць сваімі яркімі фарбамі, імі можна дапоўніць агульную карціну інтэр’еру. Для творчага працэсу акрамя гафрыраванай паперы (яна, дарэчы, вельмі падатлівы матэрыял) набываю розныя дэкаратыўныя элементы для ўпрыгожання. Малюю або бяру гатовы шаблон той ці іншай кветкі, а далей ужо іх мадэлірую”, – расказвае А.Міхаль.

Півоні, лілеі, цюльпаны і ружы ў яе выкананні сапраўды атрымаліся шыкоўнымі. Самым жа запамінальным і працаёмкім для майстрыхі аказаўся букет з 59 руж да юбілею адной знаёмай, унутры кожнай кветкі была замацавана яшчэ і цукерка. А вось гэты букет з вазай-веласіпедам – адзін з апошніх вырабаў, які таксама адправіўся да сяброўкі. Зрэшты, каб атрымаць такі пяшчотны колер, папярэдне сама спецыяльна фарбавала белую паперу. У бліжэйшых планах зрабіць вялікія лілеі, а таксама букет ужо не ў падарунак, а для аздаблення сваёй кватэры.

– Неяк спрабавала займацца бісерапляценнем – падабаюцца вырабы з гэтага матэрыялу, аднак зразумела, што гэта не мая справа. А калі аднойчы зімой на катку пашкодзіла нагу, то, каб седзячы дома чым-небудзь сябе заняць, вязала кручком прыгожыя модныя жаночыя боцікі. Аднак занятак з папяровымі кветкамі мне найбольш падабаецца. Раю паспрабаваць падобнае ўсім жанчынам, а простыя варыянты работы з гафрыраванай паперай карысны і дзецям для развіцця дробнай маторыкі, – кажа жанчына.

Улетку часу на любімы занятак у яе зусім мала: справы на агародзе, нарыхтоўкі на зіму. Да таго ж, работа, а яна з усёй адказнасцю і стараннасцю адносіцца да абавязкаў загадчыка магазіна “Родны кут”.

Падтрымліваюць захапленне Анжэлы Мікалаеўны і яе родныя: не крыўдуюць, калі ў разгары творчага працэсу шматлікімі дэталямі закладзены ўвесь пакой, і ў гэты момант не адцягваюць увагу хатнімі пытаннямі. А галоўнае, падбадзёрваюць і ацэньваюць, што надае яшчэ больш жадання ствараць прыгожае.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *