Новым главным врачом Ушачской ЦРБ стала Анжелика Миренкова

Здравоохранение

Новы кіраўнік з’явіўся ва ўстанове аховы здароўя “Ушацкая цэнтральная раённая бальніца”. На гэтую пасаду прызначана Анжаліка Анатольеўна МІРАНКОВА.

Анжаліка Анатольеўна – вопытны спецыяліст з вялікім багажом ведаў і практычных навыкаў. Яна нарадзілася ў 1970 годзе. У 1994-м скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “Лячэбная справа”, у 2003 – клінічную ардынатуру па спецыяльнасці “Тэрапія”, у 2013 – аспірантуру па спецыяльнасці “Кардыялогія” на кафедры факультэцкай тэрапіі ВДМУ. А.Міранкова працавала ва ўстановах аховы здароўя амбулаторна-паліклінічнай службы г.Віцебска, прайшла кар’ерны шлях ад урача-тэрапеўта да начальніка паліклінікі ўстановы аховы здароўя “Медыцынская служба ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама”, а на працягу двух апошніх гадоў узначальвала Дубровенскую ЦРБ. З’яўляецца ўрачом-тэрапеўтам першай катэгорыі.

Анжаліка Анатольеўна мае таксама вопыт педагагічнай дзейнасці. У 2013 годзе яна стала старшым выкладчыкам кафедры паліклінічнай тэрапіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, займалася навукова-даследчай работай, асабіста і ў сааўтарстве падрыхтавала больш 30 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый.

Анжаліка Анатольеўна замужам, мае двух дарослых дзяцей.

На пачатку бягучага тыдня старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка прадставіў новага галоўнага ўрача калектыву ЦРБ. Уладзімір Генадзьевіч зазначыў, што ў гэты складаны час рады прыбыццю ў наш раён спецыяліста такога высокага ўзроўню і мяркуе, што сфера аховы здароўя атрымала ў асобе Анжалікі Анатольеўны дастойнага кіраўніка. А.А.Міранкова прывітала калег і выказала спадзяванне, што адаптацыйны перыяд пройдзе хутка і яны стануць адной згуртаванай камандай. Галоўны ўрач падкрэсліла, што асабліва цэніць у падначаленых адказнасць, працавітасць і добрасумленнасць, лічыць сябе чалавекам патрабавальным, але справядлівым, і заўсёды адкрыта для дыялогу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *