Республиканский благотворительный проект по проверке зрения «Я вижу!» проходит в Ушачском районе

Здравоохранение Наши дети

“У мяне “адзінка”!”, “І ў мяне таксама!” – гаманілі на школьным калідоры чацвёртакласнікі Паша Пацэйка і Паша Пшанічкін. “І ў мяне! Гэта таму, што я ў тэлефоне толькі пятнаццаць хвілін у дзень сяджу”, – далучылася да размовы цёзкаў Іра Глінская. Абмяркоўвалі дзеці радасным тонам, вядома ж, не свае адзнакі, а вынікі праверкі зроку, якая праводзілася ў панядзелак у Арэхаўскай школе. Два класы ўстановы на пэўны час ператварыліся ў афтальмалагічныя кабінеты, прыём у якіх вялі ўдзельнікі рэспубліканскага дабрачыннага праекта “Я бачу!”.

Арганізатарамі годнага пачынання выступілі Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд” і кампанія А1, а рэалізоўваць яго дапамагаюць Міністэрства аховы здароўя і аблвыканкамы. За апошнія пяць год колькасць захворванняў органаў зроку ў дзяцей у Беларусі вырасла на 18 працэнтаў, таму залішне казаць пра важнасць своечасовай дыягностыкі і прафілактыкі. І калі ў гарадах атрымаць дапамогу ці кансультацыю не складае цяжкасці, то вясковыя дзеці трапіць на прыём да спецыялістаў могуць не заўсёды. Гэтую праблему і вырашае праект “Я бачу!”, у рамках якога мабільныя брыгады спецыялістаў выязджаюць у сельскія школы. З 2016 года, калі ён распачаўся, агляды ўжо прайшлі ў Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях. За гэты час правераны зрок у 37 тысяч дзяцей і ў трэці з іх знойдзены паталогіі, прычым больш чым у палове выпадкаў – упершыню. Значнасць такіх аглядаў вялізная, бо чым раней выяўляюцца парушэнні зроку, тым больш шансаў не дапусціць іх развіцця.

Сёлета праект рэалізуецца на Віцебшчыне, а сваю работу ва Ушацкім раёне мабільная група ўрачоў пачала з самай буйной сельскай школы – Арэхаўскай, дзе навучаецца 117 вучняў. “Зусім не страшна і нават цікава!” – дзеляцца ўражаннямі ад візіту да медыкаў малодшыя школьнікі. І калі з працэдурай праверкі зроку з дапамогай табліцы ўсе дзеці ўжо знаёмыя, то агляд з прымяненнем спецыяльнай тэхнікі, які праводзіць урач-афтальмолаг Полацкай дзіцячай паліклінікі Валянціна Васільеўна Хамякова, становіцца забаўляльнай прыгодай. “Зараз сфатаграфуем твае вочкі: глядзі на носік “чабурашкі”, – кажа доктар маленькім пацыентам. Партатыўны аўтарэфрактар сапраўды крыху нагадвае твар знакамітага мульт­персанажа. З дапамогай гэтага сучаснага прыбора вельмі хутка і дакладна можна вызначыць размяшчэнне вочнай факусіроўкі: калі яна знаходзіцца на сятчатцы – зрок не парушаны, калі да ці пасля – гэта сведчыць пра наяўнасць блізарукасці ці дальназоркасці. “Пакуль што вынікі нас радуюць. Агледзелі амаль палову вучняў, і пераважная большасць не мае паталогій. Тыя ж, у каго ёсць праблемы, ужо ведаюць пра гэта і атрымліваюць неабходную дапамогу, таму варта пахваліць бацькоў за ўважлівасць”, – адзначае член мабільнай брыгады Галіна Казанцава.

Прынамсі, адну з мам, Святлану Сяргееўну Кірпічонак, давялося ўбачыць у кабінеце падчас агляду: нядаўна яна заўважыла, што ў сына пагаршаецца зрок, і скарысталася выдатнай нагодай, каб атрымаць кампетэнтную кансультацыю, а пры неабходнасці – рэцэпт на акуляры. Да слова, медыкі не толькі аглядалі дзетак, а і тлумачылі ім, як сябе паводзіць, каб захаваць добры зрок, прапаноўвалі рабіць спецыяльныя практыкаванні, раздавалі адпаведныя памяткі. І, канечне, расказвалі, што тым, хто ўжо мае праблемы, абавязкова трэба прымаць адпаведныя меры. Добра разумее гэта, напрыклад, трэцякласнік Улад Кучынскі. “Да сваіх акуляраў ужо прывык, бо нашу іх другі год, а ў першым класе ў мяне былі іншыя”, – па-даросламу грунтоўна распавядае хлопчык. А вось на год старэйшыя Ваня і Косця ніяк не прывыкнуць да новага атрыбуту. “Разам з бацькамі ўгаворваем, каб не саромеліся, сочым, каб не здымалі і не хавалі акуляры, тлумачым, што гэта ўплывае і на здароўе, і на вучобу. І нават заахвочваем: сёння вось падарыла аднаму з хлопчыкаў уласны футляр, – з усмешкай расказвае пра сваіх падапечных настаўніца Святлана Фёдараўна Папко, але сведчаць яе словы пра вельмі сур’ёзны падыход да пытання захавання вучнямі зроку.

Завяршыўшы сваё прабыванне ў Арэхаўне, удзельнікі дабрачыннага праекта накіруюцца ў іншыя сельскія навучальныя ўстановы: заўтра яны правядуць агляд у Глыбачанскай, а на пачатку наступнага тыдня – у Ільюшынскай і Вялікадолецкай школах. Усяго ж за час прабывання ў нашым раёне ўрачы правераць зрок у 363 навучэнцаў.

Фінансуецца праект “Я бачу!” са сродкаў, сабраных у ходзе дабрачыннай акцыі “Рабіць дабро так проста”. Толькі сёлета сума дапамогі, пералічанай на рахунак Беларускага дзіцячага фонду для гэтых мэт, склала каля 177 тысяч рублёў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *