Идёшь в магазин? Надень маску!

Здравоохранение Общество

Масачны рэжым – для нас ужо не ў навінку. Cёння ў кожным магазіне ёсць папярэджанне аб тым, што пакупнікі без сродкаў абароны органаў дыхання не абслугоўваюцца, дзе-нідзе прапануецца наглядная інфармацыя аб правілах іх нашэння. Вось толькі ці “кранаюць” ушачан заклікі з лістовак засцерагчы сябе і акружаючых ад небяспечнага віруса? Хутчэй не. І доказ таму – “безмасачныя” наведвальнікі практычна на ўсіх аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, дзясяткі выяўленых парушэнняў супрацьэпідэміялагічных мер з боку саміх работнікаў.

– Маніторынгі названых “кропак” усіх форм уласнасці спецыялістамі нашай службы праводзяцца пастаянна, – каменціруе сітуацыю галоўны ўрач Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі П.А.Саўчанка. – За трэці квартал бягучага года – на 45 аб’ектах. На жаль, мала дзе абышлося без выяўленых хібаў – на іх ухіленне выдадзена 39 прадпісанняў (рэкамендацый), 24 работнікі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Сярод самых частых парушэнняў – адсутнасць “уваходнага фільтра”, недастатковы запас дэзсродкаў для апрацоўкі паверхняў, “сцёртая” разметка для дыстанцыравання пакупнікоў. У трэндзе, як паказвае практыка, і нашэнне маскі “пад носам”, якое прыносіць толькі ўяўнае самазаспакаенне, а не карысць.

“Грашаць” на такое і пакупнікі. Калі пра апрацоўку рук на ўваходзе і выхадзе з магазіна помняць многія, то пра маску ўзгадваюць у лепшым выпадку пры разліку. І то толькі таму, што прадавец зрабіў заўвагу і прапанаваў на месцы купіць гэты неабходны аксесуар (іх запас ёсць ва ўсіх гандлёвых аб’ектах райцэнтра). Пра сацыяльнае дыстанцыраванне на касе, ля прадуктовых прылаўкаў увогуле гаварыць не прыходзіцца. Відаць, спадзяюцца людзі на сваю “ўнікальнасць”: менавіта іх каранавірус абыдзе бокам.

…Тым часам выпадкі інфіцыравання на COVID-19 рэгіструюцца ў раёне кожны дзень. У ліку хворых – людзі сталыя і маладыя, з шэрагам хвароб і дагэтуль цалкам здаровыя. І ніхто не ведае, як павядзе сябе каварны вірус у арганізме кожнага. Хочаце рызыкнуць і праверыць сваю “ўдачу”? Напэўна, не варта. Апраніце маску, пальчаткі, зрабіце прышчэпку – і будзьце здаровыя.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *