Юные ушачанки Варвара Ларченко и Надежда Романовская попробовали свои силы в отборочном туре на Международный детский конкурс, который проводится в рамках «Славянского базара»

Калейдоскоп

Здаецца, зусім нядаўна мы пільна сачылі за перыпетыямі Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу, што праводзіўся ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску-2020”. Цікаўнасць была зразумелай: упершыню ў гісторыі наша зямлячка Надзея Раманоўская трапіла ў дзясятку фіналістаў адбору ад Беларусі. Канечне, паўтарыць гэты вынік будзе няпроста, але дзяўчына і яе педагог па вакале Алена Анатольеўна Сазонава гатовы да штурму новых вяршынь.

Што, прынамсі, ужо яскрава пацвердзіў рэгіянальны адборачны тур да конкурсу 2021-га года, які прайшоў у абласным цэнтры ў мінулую пятніцу. Нельга двойчы ўступіць у адну і тую ж ваду – сцвярджаюць філосафы, вось і наша ўдзельніца пастаралася цалкам абнавіць “музычную плынь”, якая мусіць несці яе ў васільковае фестывальнае мора. На суд журы Надзея прадставіла песню “Мой анёл” беларускага аўтара Валерыя Шмата і твор з рэпертуару Эдыт Піаф “Гімн каханню”, які выканала на французскай мове. “На другі нумар рабілі асаблівую стаўку. Вырашылі не капіраваць манеру выканання легендарнай спявачкі: падабралі аранжыроўку, якая дапамагла стварыць мне свой вобраз”, – расказвае Надзя.

“Вашу дзяўчынку не пазнаць! – дзяліліся ўражаннямі з ушацкімі педагогамі члены журы пасля яе выступлення. – Вырасла і знешне, і вакальна!”. Такім чынам, наша прадстаўніца, набраўшы самую вялікую суму балаў, прагназуема трапіла ў пяцёрку лепшых юных спевакоў Віцебшчыны і будзе спадзявацца, што на наступным этапе, які праходзіць у форме прагляду відэа, атрымае пропуск у фінальную дзясятку.

Аднак не толькі Надзея паказвала здольнасці на рэгіянальным адборы: на свой дэбютны конкурс адправілася васьмігадовая навучэнка першага класа эстраднага аддзялення Варвара Ларчанка. Дзяўчынка заваявала сімпатыі журналістаў, якія ахвотна фатаграфавалі самую юную ўдзельніцу, і членаў журы, якія адзначылі яе яркасць, эмацыянальнасць і вялікі патэнцыял. Знакаміты шлягер Ціны Цёрнэр “Проста самы лепшы” ў яе выкананні нікога не пакінуў абыякавым, і арганізатары выказалі спадзяванне, што на наступны год таксама ўбачаць Варвару на сцэне, а назву песні яна ператворыць у рэчаіснасць.

“Каб дастойна выглядаць на адборы, мы правялі значную работу, у якой удзельнічала цэлая каманда, – адзначае А.Сазонава. – Хачу асабліва падзякаваць бацькам дзяўчынак за разуменне і шчырую зацікаўленасць. Пад кожны нумар спецыяльна шылі касцюмы: для Вары, напрыклад, іх распрацавала і вырабіла яе мама Іна Аляксееўна Ларчанка. Свой уклад у стварэнне вобразаў зрабілі візажысты, фатографы, а таксама выкладчыкі Людміла Сямёнаўна Варанько і Вольга Уладзіміраўна Хамянок, якія практыкавалі дзяўчат у англійскім і французскім вымаўленні. І як заўсёды, над гукаматэрыялам шчыраваў мой калега Алег Барысавіч Іваноў”.

Напрыканцы ж хочацца падкрэсліць, што вось ужо трэці год запар у пяцёрцы лепшых вакалістаў вобласці аказваюцца ўшачане – гэта прыкмета экстра-класа і сведчанне таго, што і правінцыяльныя школы здольныя рыхтаваць выканаўцаў самага высокага ўзроўню.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *