Ушачский филиал облпотребобщества по итогам работы за 9 месяцев занял 2 место среди 117 подразделений «Белкоопсоюза» в нескольких номинациях. Как удаётся быть на плаву и выдерживать конкуренцию?

Экономика и малый бизнес

Ушацкі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства па выніках дзевяці месяцаў заняў другое месца сярод 117 структурных падраздзяленняў “Белкаапсаюза” адразу ў дзвюх важных намінацыях: продажы на душу насельніцтва як у рознічным гандлі, так і грамадскім харчаванні. Кожны ўмоўны жыхар, уключаючы немаўля, набыў за месяц у крамах філіяла тавараў на 121,9 рублі і пачаставаўся ў кафэ, рэстаранах, сталовых на 11, першы паказчык у тры разы больш сярэдніх лічбаў па сістэме кааператараў. Якім чынам гэта ўдаецца, нягледзячы на канкурэнцыю, расказала дырэктар філіяла Л.А. ДОЛГАЯ.

Лілія Альбінаўна, вельмі прыемна, што наш філіял у першых радках нават усяго “Белкаапсаюза”. А як ушачане выглядаюць па іншых пазіцыях рэйтынгу?

– Паказчыкаў многа, скажу, што па рэспубліцы за дзевяць месяцаў па агульных мы на 42 месцы і першыя ў Віцебскай вобласці. Хаця хваліцца я не люблю, тым больш загадзя, калі год яшчэ не скончаны.

Які для ўшацкіх кааператараў 2020-ы?

– Кожны для нас вельмі няпросты, ну а гэты складаны ўдвайне. Па-першае, каранавірус стрымаў магчымыя паказчыкі ў грамадскім харчаванні, а па-другое, у нас павялічваецца канкурэнцыя, прычым з боку такіх моцных сеткавікоў, як “Дабраном”, “Санта”, “Востраў чысціні”, “Міла”, хутка адчыніцца “Еўраопт”. Калі раней на райспажыўтаварыства прыходзілася 78 працэнтаў рознічнага тавараабароту раёна, то зараз толькі 51,5. Зразумела, што частка нашай выручкі перайшла да канкурэнтаў. І год мы плануем закрыць на 93 працэнты ў параўнанні з мінулым. Зазначу, што нават пры гэтых лічбах захаваем рэнтабельнасць.

Як адбілася прысутнасць сеткавікоў на выручцы суседніх з імі магазінаў?

– Канечне, скарацілася, аднак не катастрафічна. Больш паўплывала на “Родны кут” – тыя, хто жыве на вуліцы Віцебскай, сталі затаварвацца бліжэй да дома. Магу сказаць, што “На Віцебскай” і “Раніца” “праселі” нязначна – людзі прывыклі да магазінаў кропкавай даступнасці, таму мы будзем імкнуцца захоўваць іх. Хаця гаворка не ідзе аб суперпрыбытках – збіраем па капейках, утрымліваючы 115 магазінаў не толькі ва Ушацкім раёне, але і Расонскім, Полацкім, Глыбоцкім і Міёрскім. Менавіта на іх прыходзіцца 85,3 працэнта тавараабароту. Мы не толькі не зачынілі ніводнага магазіна, але і імкнёмся пашыраць сваю прысутнасць, напрыклад, аднавілі ў Завячэллі, арганізоўваем дробнарознічны выязны гандаль – нашы палаткі ў летні час працуюць падчас абласных мерапрыемстваў, а таксама ў гарпасёлку. І нават ва Ушачах, дзе асабліва вялікая канкурэнцыя, на аднаго чалавека за месяц прададзена тавараў на 131 рубель.

У магазіне “Родны кут”.

– Што робіце, каб усё ж захаваць такія годныя пазіцыі і заставацца рэнтабельнымі?

– Праводзім аптымізацыю, энергазберагальныя мерапрыемствы, каб скарачаць выдаткі і трымаць магазіны ў розных мікрараёнах. Мы выдатна разумеем, што нам немагчыма канкурыраваць з фірменнымі магазінамі вытворцаў, у якіх прадажная цана складае нашу закупачную. Аднак імкнёмся, каб розніца на тым жа мясе была мінімальнай. Пастаянна маніторым цэны канкурэнтаў, а таксама патанняем сваю прадукцыю, паколькі маем уласную бойню па разбіранні туш свіней і буйной рагатай жывёлы і цэх мясных паўфабрыкатаў. Працэнт гандлёвых надбавак у нашай “Мясной лаўцы” – не больш 11, а вось асартымент імкнёмся рабіць як мага шырэй, таму там не толькі свініна і ялавічына, а таксама мяса індычкі, качкі, труса, і розныя паўфабрыкаты. Пакупнікі Ушацкага раёна прывыклі да такога выбару, а вось ў Расонскім тавараабарот з 62 працэнтаў у пачатку гэтага года, калі мы толькі прынялі раён на абслугоўванне, вырас да 93. І гэта атрымалася толькі таму, што напоўнілі магазіны таварам. У населеных пунктах з насельніцтвам менш 200 чалавек на аднаго па філіяле за месяц прададзена тавараў на 168 рублёў.

Канкурэнцыя ў выглядзе “Е-дастаўкі” існуе і ў аўтакрам, ці не падае тавараабарот у мабільных магазінах?

– Не. Калі ў стацыянарных кропках тавараабарот не дасягае ўзроўню мінулага года, то ў перасоўных складае 113 працэнтаў па Ушацкім раёне і 109 – па ўсёй зоне філіяла. Аўтакрамамі кожнаму жыхару Ушацкага раёна прадаецца за месяц тавараў на 94 рублі, а Расонскага – на 124. І хоць на нашы мабільныя магазіны прыходзіцца толькі 15 працэнтаў выручкі, імкнёмся максімальна насыціць іх таварам, каб вяскоўцы купілі ўсё, што патрэбна менавіта ў нас, а не ў “Е-дастаўцы”. Павільёны абсталяваны халадзільнікамі, вадзіцелі-прадаўцы прымаюць заяўкі і на прамысловыя тавары, а калі паступаюць буйнагабарытныя заказы, мы пускаем па маршруце і прамысловую аўтакраму. За кожнай зонай замацаваны таваразнаўцы, якія вывучаюць запыт. Зона ж абслугоўвання ў 21 аўтамагазіна, якія калясяць не толькі па Ушацкім, але і Расонскім, Полацкім раёнах вельмі вялікая. Напрыклад, дзённы прабег аўтафургона “Хлеб” складае каля 250 кіламетраў.

                                                    Л.А.Долгая.

У вас другое месца па продажы на душу насельніцтва і ў сферы грамадскага харчавання. З чаго складаецца гэты паказчык?

– Каранавірус значна паўплываў на наведванне кафэ, рэстаранаў, значны час яны наогул былі зачынены, ды і зараз не назіраецца піка актыўнасці. Аднак і ў гэты складаны час кропкі гандлёвага харчавання нашага філіяла не толькі балавалі пакупнікоў навінкамі прадукцыі – распрацавана 10 відаў пірожных, тартоў і столькі ж хлеба-булачных вырабаў у дадатак да 196 ранейшых, але і шукалі новыя формы работы. Прыйшлі ў кафэ з дзіцяці – атрымайце ў дадатак да абраных ласункаў падарунак ад установы. Кафэ “Кава&Ежа” з такім сэрвісам адкрылі ў сярэдзіне лістапада ў Расонах на месцы былой кулінарыі. Зразумела, спачатку поўнасцю памянялі інтэр’ер кропкі і насыцілі яе рознымі прадуктамі хуткага прыгатавання. Рызыкуеце наведаць піцэрыю – закажыце піцу па тэлефоне з бясплатнай дастаўкай на дом. Такая паслуга ў кафэ “Папараць-кветка” існуе нядаўна, а вось кейтэрынг – больш трох гадоў. І хоць у выязным накрыцці стала таксама існуе немалая канкурэнцыя, ушачане актыўна выклікаюць нас, за 10 месяцаў мы зарабілі на ім 3,7 тысячы рублёў. І, канечне, прываблівае кошт. Смачна паабедаць у кафэ, заказаўшы тры стравы, у нас па ранейшаму можна за тры-чатыры рублі, а на дваццаць з чалавека – адсвяткаваць урачыстасць. Адмянілі мы ў кафэ і рэстаранах і нацэнку на спіртныя напіткі, каб не было сэнсу прыносіць іх з сабой. Нягледзячы на каранавірус, тавараабарот рэстарана “Купалінка” за 10 месяцаў склаў 147,8 працэнта да ўзроўню мінулага года, а кафэ “Еўропа” – 144,3. Атрымалася гэта і дзякуючы таму, што сёлета з красавіка па жнівень мы гатавалі гарачыя абеды работнікам сельгаспрадпрыем­стваў – усяго на 88,3 тысячы рублёў, у ліпені, напрыклад, гэта 15,6 працэнта выручкі ўсяго грамадскага харчавання па раёне. Нямнога, але як і ў рознічным гандлі, збіраем па крупінках, не адмаўляючыся ні ад якіх відаў паслуг. Працягваем карміць спартсменаў, што наведваюць комплекс “Юнацтва-Ушачы”, а таксама выхаванцаў лагераў адпачынку.

– Хутка новы год, значыць усіх пакупнікоў чакаюць дадатковыя сюрпрызы?

– Як заўсёды, можна будзе набыць святочны набор тавараў па зніжаных цэнах. Наогул, розныя акцыі мы арганізоўваем пастаянна і за 11 месяцаў іх прайшло 45, не лічачы акцыйных пакетаў непасрэдна Белкаапсаюза. Кожны месяц – 15-працэнтныя скідкі на прамысловыя тавары. Працуем па зніжэнні аптовай цаны непасрэдна з пастаўшчыкамі, і, напрыклад, “Калінка”, змяншала кошт на сваю прадукцыю да 70 працэнтаў. Зараз, калі банкі не даюць пазык, мы ўсё роўна прадаём мэблю, складана-бытавую тэхніку ў растэрміноўку. Праз інтэрнэт-вітрыну пакупнікі могуць выбраць кухонны гарнітур, канапу ці шафу. Патэлефанаваўшы ў “Кулінарыю”, вам складуць прадуктовы кошык з улікам вашага густу і даставяць у любую кропку раёна. А вось тавар з асартыменту “Роднага кута” можна заказаць з дастаўкай на дом праз інтэрнэт-магазін. Час не стаіць на месцы – мы імкнёмся аператыўна рэагаваць на яго змены, каб захаваць пакупніка.

Вольга Караленка.

Факт

  • У цэнтры Ушач у радыусе 250 метраў знаходзіцца 40 магазінаў. З іх кааперацыйных толькі 13. У крокавай адлегласці ад “Роднага кута”, “ПраЗапаса”, “Мясной лаўкі” і “Хлеба”, што належаць філіялу, фірменныя магазіны Віцебскай птушкафабрыкі, Глыбоцкага мясакамбіната, “Славянскага велеса”, а таксама кропкі вядомых сеткавікоў “Дабраном”, “Санта”, а праз лічаныя дні расчыніць дзверы і “Еўраопт”.
  • А вось такія водгукі пакінулі жыхары гарадскога пасёлка Расоны пасля адкрыцця ў сярэдзіне лістапада кафэ “Кава&Ежа”: “Вельмі зручна. Торт “Паўлінка” выдатна падыходзіць, каб выпіць з сябрамі каву “Па-венску”. “Утульна, стыльна. Зайшла, не пазнала былую кулінарыю”. “Нарэшце ёсць куды пайсці, асабліва моладзі!”


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *