Про пин-код — никому! На Ушаччине резко увеличилось количество преступлений в сфере высоких технологий

Профилактика и безопасность

Сёлета на тэрыторыі раёна рэзка павялічылася колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій – па 2-3 за месяц.

Часцей за ўсё зламыснікі выкарыстоўваюць наступныя сцэнарыі:

1. Пасля несанкцыянаванага доступу да чужых старонак у сацыяльных сетках яны рассылаюць сябрам гэтых людзей паведамленні з просьбай аб пераводзе грошай. Падставы могуць быць розныя: “пазыч мне 20 рублёў, хутка аддам”, “пакладзі, калі ласка, 10 рублёў на тэлефон, вярну”, “можна, я перавяду табе на карту свае грошы, а то не атрымліваецца перавесці на сваю?” Далей злодзеі просяць паведаміць рэквізіты банкаўскіх карт, коды з смс-паведамленняў, а ў выніку атрымліваюць доступ да чужых грошай і здзяйсняюць крадзеж.

2. На гандлёвых пляцоўках “Куфар”, “Барахолка” і іншых знаходзяць аб’яву аб продажы маёмасці, праз розныя мэсэнжэры пішуць, што хочуць гэта набыць, і прапануюць перавесці грошы на банкаўскую карту чалавека. Калі той пагаджаецца, злодзеі высылаюць на яго адрас спасылку з фішынгавай старонкі сайта банка (яна звычайна вельмі падобная на рэальную старонку, адрозніваецца толькі сімваламі). Там, як правіла, прапануецца ўвесці логін і пароль ад інтэрнэт-банкінгу, пашпартныя даныя і іншыя звесткі. Пасля іх увядзення чалавеку паведамляецца пра памылку ці немагчымасць правядзення плацяжу. У гэты час уведзеную інфармацыю бачаць зламыснікі і ўводзяць яе на сапраўдным сайце банка.

3. На ўсё тых жа гандлёвых пляцоўках злодзеі размяшчаюць аб’явы аб продажы запатрабаванай маёмасці і выстаўляюць заніжаны кошт. У ходзе перапіскі з патэнцыяльным пакупніком яны прапануюць скарыстацца паслугамі “Дастаўка Куфар”, “Белпошта (ЕМС)”, кур’ерскіх службаў. У адрас чалавека, як і ў папярэднім выпадку, высылаецца спасылка з несапраўднай старонкі пэўнага сайта, дзе прапануецца ўвесці асабістыя даныя.

4. На мабільны тэлефон фізічнай асобы паступае званок. Як правіла, зламыснік карыстаецца сэрвісам падмены нумара і ўказвае той, што належыць якому-небудзь банку. Прадставіўшыся супрацоўнікам установы (можа назваць чалавека па імені і па бацьку, агучыць частку нумара банкаўскай карты, інфармацыю аб нядаўна праведзеных аплатах), ён паведамляе аб падазроных аперацыях па пераводзе грашовых сродкаў, раіць тэрмінова заблакіраваць карту, у сувязі з чым просіць паведаміць яе рэквізіты ці пашпартныя даныя. Пасля гэтага паведамляе, што ў адрас чалавека ён высылае смс-паведамленні з кодамі, якія яму неабходна будзе назваць пасля гукавога сігналу. У гэты час усю атрыманую інфармацыю зламыснік уводзіць на сапраўдным сайце банка.

Распаўсюджаным кіберзлачынствам з’яўляецца таксама крадзеж грошай у абанентаў сотавай сувязі. Ашуканцы просяць у грамадзян тэлефон і, робячы выгляд, што набіраюць нумар, актывуюць паслугу мабільнага банкінгу, якая дазваляе ажыццявіць плацеж і атрымаць у аператара мікразайм.

Паважаныя ўшачане! Праяўляйце павышаную пільнасць да грашовых аперацый у інтэрнэце. Памятайце, што супрацоўнікі банка ні ў якім разе не стануць вам тэлефанаваць з просьбай паведаміць інфармацыю наконт карткі ці пашпартных даных. Мяняйце пароль кожныя 2-4 тыдні, калі для ўваходу ў сістэму інтэрнэт-банкінгу карыстаецеся чужымі камп’ютарамі. Уваход у асабісты кабінет прывяжыце да МАС або IР-адраса – гэта забяспечыць максімальны ўзровень бяспекі. Не выкарыстоўвайце аўтаматычнае запамінанне пароляў у браўзеры, калі да камп’ютара маюць доступ іншыя асобы. Нікому не перадавайце мабільны тэлефон, устанавіце блакіроўку (праз пароль, сканэр адбітак пальца, фэйскантроль).

Ушацкі раённы аддзел Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *