Ветераны культуры

Общество

Усё пачалося на абласным узроўні. Культработнікі-ветэраны падалі кліч сваім былым калегам утварыць ветэранскую арганізацыю. І вось ужо другі год да Дня работнікаў культуры ці адразу пасля яго збіраюцца разам прадстаўнікі гэтай сферы, якія займаліся клубнай, бібліятэчнай або падобнай дзейнасцю, каб паразмаўляць аб сабе, сябрах, аб сённяшнім дні. Так адбываецца і ў нашым раёне.

У фае раённага Дома культуры тым днём была наладжана выстава народнай творчасці. Экспанаты, зробленыя рукамі дзяцей, прадставіў раённы цэнтр пазашкольнай работы. Дзякуючы кіраўніку народнага клуба “Адраджэнне” пры РДК А.В.Кузусёнак, як і ў час правядзення мерапрыемства да Дня маці, дэманстраваліся вырабы сем’яў Г.І.Карабань з Градзянца і І.Ц.Львовай з Сарочына.

Cедзячы разам за столікамі, былыя прадстаўнікі сферы культуры адпачывалі душой. Як і ў мінулым годзе, працуючыя работнікі, асаблі- ва маладыя, імкнуліся паказаць ім свае дасягненні. Аб пачынаючых гаварыла ў сваёй невялікай прамове і вядучы спецыяліст аддзела культуры райвыканкама М.А.Шаўчэнка. Яркімі, творчымі, захопленымі, ініцыятыўнымі назвала яна сённяшніх прадстаўнікоў сваёй сферы. І гэта важна, сказала Марыя Аляксееўна, бо культура – неад’емная частка жыцця грамадства, якая звязвае нават народы, краіны. Выступаючая пажадала прысутным здароўя і бязмежнай энергіі.

Прыемна было дзяліцца сваімі ўспамінамі з былымі калегамі Г.І.Пахілка. За яе плячыма доўгі працоўны шлях у бібліятэчнай справе. Больш дваццаці гадоў аддадзена школьнаму чытачу. Па словах Ганны Іванаўны, у сваёй рабоце яна кіравалася тым, што чалавек павінен шмат ведаць, і бібліятэкар не можа адказваць чытачу “Не”. Дзеля гэтага яна тры першыя гады вывучала кніжны фонд. А кніг тады было 22 тысячы.

Ганна Іванаўна прыгадала, што давала і своеасаблівыя ўрокі выхавання сваім юным наведвальнікам. У прыватнасці, пераконвала, як важна паважаць бацькоў, захоўваць сямейныя традыцыі.

У сяброўскай атмасферы прыгадвала мінулае былая бібліятэчная работніца Т.Ф.Крахотка, за плячыма якой не толькі працоўныя будні, але і ваенныя выпрабаванні. Яшчэ поўная энергіі Г.М.Жаланкоўская, і, пайшоўшы на пенсію, яна не замкнулася ў сабе, наведваецца ў хор народнага клуба “Ветэран” пры РДК, сустракаецца вось з калегамі. Як і былая работніца РДК В.У.Пальвінская.

З аптымізмам гаварыла В.П.Полазава, якая ўзначальвае савет ветэранаў работнікаў культуры. Яна хоча бачыць членаў арганізацыі яшчэ больш актыўнымі, энергічнымі, а таксама выказала надзею, што павялічыцца колькасць удзельнікаў такіх сустрэч. Увогуле ж ветэранаў культуры – амаль сорак чалавек.

У ходзе такога святочнага пасяджэння шмат было цікавага. Вядучыя, маладыя спецыялісты Марына Кажан і Наталля Барысава, якіх прадставіла начальнік аддзела культуры райвыканкама Т.М.Малак, праводзілі з удзельнікамі сустрэчы конкурсы, віктарыны, гульні. Прадстаўнікі канцэртнай групы дарылі прысутным нумары мастацкай самадзейнасці. Самі ветэраны працы весялілі сябе, як маглі, жартавалі, спявалі, танцавалі. І было смешна, радасна. Гучала пажаданне сустракацца часцей. Так і запланавалі. Наступнае святочнае пасяджэнне ветэранскай арганізацыі — цяпер на Каляды.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *