Члены Молодёжной палаты Ушачского района поддержали медиков и провели акцию «Пожалуйста, дышите!»

Образование и молодежь

У няпростай эпідсітуацыі вялікая нагрузка – фізічная і псіхалагічная – легла на плечы нашых медыкаў. Выказаць ім словы ўдзячнасці, аказаць падтрымку на Ушаччыне выклікаліся многія. У іх ліку – і члены Маладзёжнай палаты раёна трэцяга склікання, якія падышлі да пытання творча – праз правядзенне акцыі “Калі ласка, дыхайце!”

– Першапачаткова планавалі аб’явіць яе ва Ушацкай школе, прапанаваўшы юнакам і дзяўчатам своеасаблівы эксперымент: са звычайных медыцынскіх масак, якія нам выдзеліла раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, з дапамогай фарбаў, налепак, пацерак зрабіць штосьці арыгінальнае, – расказвае старшыня Маладзёжнай палаты Паліна Сазонава. – Вядома, выкарыстоўваць такія вырабы ў перспектыве ніхто не збіраўся – лепшыя работы меркавалі змясціць на адмысловае пано і перадаць на памяць работнікам райбальніцы.

Дарэчы, апошняе ў моладзі атрымалася. А вось маштаб акцыі давялося перагледзець – жадаючых творча падзякаваць медыкам за іх працу знайшлося нямала! Актыўна ўключыліся ў творчы працэс не толькі ўшацкія школьнікі, але і выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі, дзіцячай школы мастацтваў, юныя наведвальнікі аддзяленняў ТЦСАН Ушацкага раёна, малышы з усіх дзіцячых ясляў-садоў гарпасёлка, а таксама вучні Глыбачанскай і Арэхаўскай школ. Некалькі дзён чаравалі яны над сваімі мілымі “шэдэўрамі” – вось на адну з масак “прызямліўся” абаяльны снягір, на другую “завітаў” сам Дзядуля Мароз, а на трэцяй знайшла адлюстраванне медыцынская тэматыка: шпрыцы ды таблеткі. Разглядаць гэтыя вырабы можна бясконца. Членам жа журы, у склад якога ўвайшлі актывісты Маладзёжнай палаты, трэба было выбраць тыя, што абавязкова крануць сэрцы спецыялістаў у белых халатах. Менавіта гэтыя работы пакладзены ў аснову пано памерам 1 на 0,5 метра, з афармленнем якога дапамагла народны самадзейны майстар Айгуль Аразалаўна Смык. Рамку ж для яго выдзеліў раённы Дом рамёстваў.

У ліку лепшых аказаліся творчыя знаходкі выхаванкі ясляў-сада №3 г.п.Ушачы Насці Агіевіч і яе выхавацеля Марыны Аляксандраўны Стэльмах, Аліны Царовай і выхавацеля Ніны Іванаўны Шмацёнак – з ясляў сада №1, Ясеніі Кляшчонак і яе матулі Крысціны Аляксандраўны – №4, Цімафея Коршуна і матулі Аляксандры Уладзіміраўны – №2. Парадавалі сваімі работамі выхаванка гуртка “Умелыя ручкі” пры цэнтры дзяцей і моладзі Дар’я Цвяцінская (кіраўнік – Любоў Валер’еўна Прашкевіч), адзінаццацікласніца Глыбачанскай школы Таццяна Кірпічонак (настаўнік працоўнага навучання Віталь Сяргеевіч Дзямідаў) і многія іншыя. Некаторыя аўтары прапаноўвалі адразу па некалькі вырабаў, а часам адыходзілі ад вызначаных патрабаванняў – працавалі над малюнкамі, фотасправаздачамі, пісалі вершы.

Падсалодзіць будні ўшацкім медыкам выклікаўся індывідуальны прадпрымальнік А.М.Лісоўскі – за ўласныя сродкі ён набыў у полацкай кандытарскай кампаніі “Проста смачна”, з якой супрацоўнічае, торт з адмысловым афармленнем. Аляксандр Мікалаевіч нагадаў аб магчымасці заказаць салодкі пачастунак высокай якасці на любую дату і нават з дастаўкай на дом у сваёй “Чайнай лаўцы”.

Акцыя “Калі ласка, дыхайце!” атрымалася надзвычай масавай. З усімі матэрыяламі па ёй – работамі (дарэчы, лепшыя былі адзначаны Лістамі падзякі Маладзёжнай палаты, з распрацоўкай і афармленнем якіх дапамог райкам БРСМ), відэавіншаваннямі і многім іншым – можна азнаёміцца ў групе прыгаданай суполкі ў Інстаграм.

Знакавым мерапрыемствам акцыі стала сустрэча моладзі з работнікамі райбальніцы, наладжаная на бягучым тыдні ў райвыканкаме. Школьнікі перадалі медыкам падрыхтаваныя падарункі, шчыра падзякавалі ім за штодзённую работу ў барацьбе з каранавірусам, іншымі хваробамі. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы Марына Генадзьеўна Харэвіч адзначыла, што такое “дарослае” разуменне падрастаючым пакаленнем праблем сучаснасці не можа не радаваць, і ўручыла актывістам Маладзёжнай палаты ад калектыву Ушацкай ЦРБ Ліст падзякі.

– Вельмі прыемна бачыць першыя, але такія годныя праявы нашых юнакоў і дзяўчат, – зазначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. – Пры гэтым спыняцца члены Маладзёжнай палаты не збіраюцца – плануюць удзел у навагодніх ранішніках, акцыях.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *