Чтоб «вздохнуть с облегчением»! Специальный комплекс оздоровления после болезни предлагает санаторий «Лесные озёра»

Здравоохранение

У цяперашні няпросты перыяд вельмі важна мінімізаваць наступствы эпідэміі, максімальна выкарыстаць магчымасці ўстаноў, якія займаюцца лячэннем і аздараўленнем насельніцтва. Праблемы са здароўем мела сёлета і даволі значная частка беларусаў, занятых на вытворчасці, што, безумоўна, негатыўна ўплывае як на дзейнасць канкрэтных прадпрыемстваў, так і на эканоміку краіны ў цэлым. Як адзначае старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Сяргеевіч Орда, дзяржава гатова аказаць падтрымку сваім грамадзянам у справе паляпшэння здароўя і аднаўлення працаздольнасці, і найперш – самай актыўнай і стваральнай частцы працоўных, да якіх, безумоўна, належаць члены ФПБ – а іх у нашай краіне парадка 4-х мільёнаў.

Дома ці ў здраўніцы?

Як вядома, ФПБ мае сваю сетку здраўніц “Белпрафсаюзкурорт”, у якую ўваходзяць і нашы “Лясныя азёры”. Мы накіраваліся ва ўстанову, каб пацікавіцца, як ушачанам аднавіць ці ўмацаваць тут сваё здароўе.

Прынамсі, даволі многія зараз лічаць, што лепш усё ж рабіць гэта дома, бо санаторыі з’яўляюцца грамадскім месцам, дзе шмат людзей. Таму менавіта з абмеркавання гэтага пункту гледжання пачалі размову з дырэктарам здраўніцы Віктарам Мікалаевічам Грынкевічам. “Як правіла, дома мы ўсё роўна з кімсьці кантактуем, а яшчэ і накручваем сябе псіхалагічна, калі бачым з экрана “каранавірусныя жахі”. Санаторый жа – гэта медыцынская ўстанова, дзе створаны сур’ёзны ўзровень бяспекі, дзе вы заўсёды пад кантролем спецыялістаў. Нядаўна давялося прымаць удзел у нарадзе, якую праводзіў Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, які курыруе работу ўсіх беларускіх здраўніц. Дырэктар цэнтра Генадзь Балбатоўскі прывёў такія красамоўныя даныя: за апошнія два тыдні ў санаторыях Беларусі (а іх зараз каля 80-ці) не было зафіксавана ніводнага выпадку захворвання на COVID-19”.

Па кішэні не ўдарыць

“Такім чынам, ехаць у санаторый варта. Але ж многія нашы землякі мяркуюць, што гэта можа быць непад’ёмна па фінансах…” – закранаем у нашай гутарцы немалаважны аспект.

І Віктар Мікалаевіч распавядае, што дзякуючы аб’яднанню намаганняў усіх зацікаўленых у гэтым бакоў, аздаравіцца зараз рэальна літаральна кожнаму.

Так, ФПБ прапануе работнікам прадпрыемстваў прайсці курс рэабілітацыйна-аднаўленчых працэдур пасля перанесенай пнеўманіі і іншых захворванняў, у тым ліку выкліканых каранавіруснай інфекцыяй, у 12 сваіх здраўніцах. Пры гэтым сам санаторый кампенсуе членам прафсаюза 25 працэнтаў кошту пуцёўкі. Магчымасць яшчэ больш аблегчыць фінансавую нагрузку на людзей павінны разгледзець і прафсаюзныя пярвічкі, якія могуць пакрыць яшчэ ад 10 да 20 працэнтаў кошту. Кіраўніцтва прадпрыемства (у рамках палажэнняў калектыўнага дагавору) таксама мае права часткова кампенсаваць работнікам праходжанне лячэння – ад 10 да 20 працэнтаў у залежнасці ад фінансавага становішча арганізацыі. Прыкладна адлюструем гэта ў лічбах: сярэдні кошт аднамеснага нумара на 10 дзён у “Лясных азёрах” складае 500 рублёў, калі ж выкарыстаць усе скідкі, то атрымаецца каля 200. Такім чынам, у здраўніцы можна жыць і лячыцца ўсяго на 20 рублёў у суткі.

Яшчэ дзешавей абыдзецца пуцёўка, калі атрымаць яе праз Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні. Для гэтага варта звярнуцца ў райвыканкам да спецыяліста цэнтра. Ваша заява будзе разгледжана ў абласным падраздзяленні, пры гэтым грамадзяне, якія перанеслі пнеўманію і іншыя захворванні, выкліканыя каранавіруснай інфекцыяй, маюць перавагу. Кошт 18-дзённай пуцёўкі ў нашу здраўніцу каля 670 рублёў, адпачываючаму ж давядзецца заплаціць толькі 25 працэнтаў – 167.

Спецыяльныя комплексы

Улічваючы абстаноўку, у нашым санаторыі распрацавалі два спецыяльныя медыцынскія комплексы. Пра першы, накіраваны на агульнае ўмацаванне здароўя і ўзмацненне імунітэту, мы ўжо расказвалі раней. 10-дзённы курс абыдзецца прыкладна ў 95 рублёў, а скіраваны ён найперш на тое, каб наш арганізм змог эфектыўна супрацьстаяць хваробам.

А вось другі комплекс будзе дарэчы асобам, якія ўжо перанеслі пнеўманію, вострае рэспіраторнае захворванне, у тым ліку з каранавіруснай этымалогіяй. Ён накіраваны на рэабілітацыю органаў дыхання. “У праграме комплексу 15 працэдур – УФО і “Біяптрон”, парафіна-азакерытавыя аплікацыі і інгаляцыі, магніта-, гала- і фітатэрапія, масаж, ванны, лячэбная фізкультура, – тлумачыць урач санаторыя Юрый Іванавіч Зарубаў. – Як ужо паказала практыка, вынікам лячэння становіцца павелічэнне жыццёвай аб’ёмнасці лёгкіх і насычанасці крыві кіслародам, паляпшэнне праходнасці бронхаў, рассысанне ачагоў запалення. Мінімальны для атрымання эфекту 10-дзённы курс абыдзецца ў 140-150 рублёў. Прайсці яго ўшачане могуць і без набыцця пуцёўкі”.

Прынамсі, многія нашы землякі, якія перанеслі пнеўманію, ужо ацанілі магчымасці санаторнага аздараўлення і, прайшоўшы курс, зноў вярнуліся да паўнацэннага жыцця і працы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • Выкарыстанне магчымасцяў здраўніцы дазваляе разгрузіць райбальніцу, бо тут таксама можна атрымаць назначаныя ўрачом працэдуры і пры гэтым пазбегнуць небяспечных кантактаў з хворымі. Санаторый жа зараз загружаны не так, як звычайна: з-за абмежаванняў на мяжы не ўсе жадаючыя расіяне змаглі прыехаць да нас на калядныя святы.
  • Адмысловая пуцёўка “Аздараўленне лёгкіх” выклікала цікавасць у кліентаў: толькі за першыя дні снежня за такім лячэннем у здраўніцу прыехала больш 10 адпачываючых.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *