Особенно атмосферно и с хорошим настроением отметили праздник Коляды в «Рыбаковай хаце»

Культура

“Па вёсках ходзім, казу з сабой водзім. Куды каза заходзіць, там і жыта родзіць. І жыта, і пшаніца, і ўсякая пашніца. А збажына ўродзіць, можна добра жыць: пірагі пячы, хмяльное варыць, сыноў-дочак жаніць”, – разносіліся па падворку этнасядзібы “Рыбакова хата” вясёлыя галасы валачобнікаў.

Імі ў святочныя вечары не здзівіць. Хто не бачыў каляднага абраду, таму можна толькі паспачуваць, бо дабрабыт, дастатак прадракалі гаспадарам калядоўшчыкі. І ў самай беднай хаце іх сустракалі з радасцю, частавалі чым было. І ўсё ж, упэўнена, што нават старажылы не чулі ўсіх прыведзеных вышэй слоў. Бо Тамара Дзмітрыеўна Барадзёнак аднавіла аўтэнтычны матырынскі абрад Зінаіды Аляксееўны Рудзёнак. Аснова, канечне, аднолькавая для ўсіх рэгіёнаў Беларусі… А вось пажаданні…

Калі “знясіленая” доўгім падарожжам каза рухнула на падлогу, рэальна напужаліся не калядоўшыкі, а людзі, якія ніколі не бачылі абраду. Гэта госці “Рыбаковай хаты”, што спецыяльна засталіся яшчэ на дзень, каб пабачыць дзейства. Расіянка ж Людміла Полышава, што мае ў Белым дачу, не ўпершыню прымае ўдзел у абрадзе, наогул з задавальненнем вывучае беларускія традыцыі. І пакуль каза, ролю якой выканала Л.Мядзведзева, па-майстэрску білася ў канвульсіях, гучала іншая замова: “Каб упуд не паспеў прыжыцца, усім нам трэба тэрмінова палячыцца. Бывалыя людзі сведчаць, што ад упуду добра самагонка лечыць. Калі нальяце ў келіх па глыточку, сыдзе наш упуд у цёмну ночку. Можа, станеце на драбіну і дастанеце саланіну. А залезеце пад баляску ды здыміце каўбаску. Казу ж трэба ратаваць. Каза наша ладная. Не простая, калядная”. Усім гэтым і частавала гасцей Ірына Фёдараўна Навагродская. У печы чакалі скваркі, бульба, бліны, запечаныя каўбасы, бо куцця менавіта на Стары Новы год нездарма называецца багатай.

Гэтыя Каляды ўдзельнікі клуба “Ушачане” пры раённай бібліятэцы, канечне, запомняць. Яго заснавальніца Таццяна Браніславаўна Гарбаценка і сама ніколі раней не была ў “Рыбаковай хаце”, таму тэматычнае пасяджэнне вырашыла зрабіць “інтэрактыўным”. Многія, як Валянціна Іосіфаўна Дунік і Тамара Паўлаўна Залатухіна ведалі словы і падпявалі гаспадыні, якая, дарэчы, захаваўшы сакральны сэнс, падрыхтавала аўтарскую тэкстоўку. Наогул як краязнаўца, Ірына Фёдараўна адзначае, што на Мосаршчыне абрад калядавання не быў ярка выражаны. Самай галоўнай падзеяй святак з’яўлялася жаніцьба Цярэшкі, якая мала дзе сустракаецца на Беларусі. Яе маці, калі трапіла настаўніцай па размеркаванні на Ушаччыну, дзівілася, хто ж гэты знакаміты Цярэшка, якога ўсе збіраюцца ажаніць.

Кожнага, хто завітвае ў “Рыбакову хату”, чакае знаёмства з экспазіцыямі. Падчас Новага года і Каляд гэта інсталяцыя Збавіцеля ў адным з акон, выстава паштовак адпаведнай тэматыкі 50-60-х гадоў, а таксама ёлачных цацак – кардонных, ватных, шкляных. У адрыне і на сценах – старадаўнія рэчы, а на канапе размясціліся ручнікі – без вышыўкі, якімі прымалі немаўля, ці з ёй – самага рознага прызначэння. Ну і зразумела, што на святкі самы час загадваць жаданні, што і зрабілі госці на аднайменнай алеі, павязаўшы сімвалічныя стужкі. “Не ведала, што існавала дваццаць розных па прызначэнні і, адпаведна, аздабленні ручнікоў”, – казала адна з удзельніц падарожжа Раіса Станіславаўна Ігнатовіч. “Уразіла багатая гісторыя вёскі Белае, захацелася пачытаць пра гэты маляўнічы куток, а таксама дапамагчы І.Навагродскай пазбавіць былую тэрыторыю панскай сядзібы, падыход да алеі і возера ад баршчэўніку. Спадабаліся і вершы Ірыны, прасякнутыя любоўю да малой радзімы”, – дадала старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская. Дарэчы, раённая бібліятэка збіраецца выпусціць зборнік вершаў гаспадыні “Рыбаковай хаты”, а аб вячэрнім падарожжы ў Белае не пашкадаваў ніхто з клуба “Ушачане”.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Дарэчы

  • Святкі, або крывыя вечары, падчас якіх не выконвалі ніякіх зімовых работ, доўжацца да 21 студзеня. У народзе казалі: 19 – Хрышчэнне, 20 – разрашэнне, 21 да абеду – усім святкам палажэнне. Увечары гэтага дня пачыналі працаваць.

 

  • Каляды ў “Рыбаковай хаце” праводзяцца з розным складам гасцей ужо трэці год. Наогул І.Навагродская марыць, каб Белае стала месцам аднаўлення ўшацкіх народных абрадаў. Са святкаваннем Купалля сёлета, напрыклад, пазнаёміліся мінчане, а ўдзельнікамі Яблычнага спасу сталі госці з Віцебска.

 

  • У кожным рэгіёне Беларусі былі свае адметнасці калядавання. У Барысаўскім раёне, напрыклад, сваволілі, як у нас на Купалле: маглі зняць вароты і аднесці іншаму гаспадару, закрыць шклом комін. Але ўсюды падчас крывых вечароў варажылі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *