Главное — мотивация. Вернуть форму в «норму» помогут занятия по аквааэробике в «Юность-Ушачи»

Cпорт Общество

Святы прайшлі – і многія паспяшаліся стаць на вагі. Настрой прадказальна падае: шыпучыя напоі, прысмакі, салаты з маянэзам зрабілі сваю справу. Прыходзіць усведамленне: трэба выпраўляць сітуацыю! Дапамагчы ж у гэтым абяцаюць заняткі па аквааэробіцы, якія амаль штодзень праводзяцца ў басейне фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”.

Праштудзіраваўшы інтэрнэт, высвятляю, што такія заняткі ўмацоўваюць імунітэт, робяць больш вынослівым арганізм, трэніруюць мышцы і сардэчна-сасудзістую сістэму, зніжаюць халестэрын, разгружаюць стомлены пазваночнік, дапамагаючы пазбавіцца ад пастаянных спадарожнікаў сядзячай работы – боляў у шыі, плячах, паясніцы. А яшчэ плаванне практычна не мае супрацьпаказанняў. Ці настолькі ўсё прывабна? Накіроўваюся на “разведку” ў басейн.

На блакітных дарожках – выключна прадстаўніцы прыгожай паловы, хаця аквааэробіка карысна і мужчынам. Усе рознага ўзросту і камплекцыі. Хтосьці прыйшоў, каб скінуць вагу, нехта – за здароўем, іншыя – для ўзняцця настрою. У кожнай удзельніцы трэніроўкі нейкія “пенапластавыя” палкі ў руках. Даведваюся, што гэта нудлы – прыстасаванні, якія прымяняюцца для падтрымання плывучасці, узмацнення нагрузкі, павышэння эфектыўнасці практыкаванняў.

– Розныя віды аквааэробікі і іншыя фітнес-заняткі ў вадзе – ідэальны варыянт для тых, каму звычайныя трэніроўкі (як аэробныя, так і сілавыя) супрацьпаказаны, – кажа трэнер-метадыст Святлана Ганчарова. – У вадзе нагрузка размяркоўваецца раўнамерна, калорый губляецца амаль у два разы больш, чым у спартзале. Аднак каб дасягнуць прыкметных вынікаў, трэба хадзіць у басейн мінімум два разы на тыдзень. Плюс правільнае харчаванне – важны складнік для тых, хто хоча прывесці цела ў парадак.

Сама С.Ганчарова прыйшла ў аквааэробіку 20 гадоў таму – спачатку кліентам спартыўнай установы, а ў 2002-м, пасля праходжання адмысловых курсаў у сетцы клубаў “Планета Фітнес” у Маскве – у якасці трэнера ў розных басейнах Мінска. З нядаўняга часу жанчына жыве і працуе ва Ушачах. Добра разумець справу, уплыў “водных” практыкаванняў на здароўе чалавека дапамагае атрыманая адукацыя: па першай Святлана Вікенцьеўна – медыцынская сястра, па другой – выкладчык фізічнай культуры і спорту са спецыялізацыяй “лячэбная фізкультура”.

Трэнер лічыць, што дасягнуць поспеху можа кожны. Галоўнае – матывацыя. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. У ліку даўніх аматараў “аквы” – Вераніка Пацэйка.

– Восенню перанесла каранавірусную інфекцыю, – расказвае ўшачанка. – Каб падтрымаць арганізм, пазбавіцца адышкі, вырашыла пайсці ў басейн – спачатку проста плавала, а потым даведалася пра аквааэробіку. Ужо праз некалькі тыдняў заняткаў заўважыла вынік: дыхаць стала лягчэй, ды і цела стала больш падцягнутым. Адзінае, чаго б асабіста мне – цеплалюбівай асобе – хацелася, дык гэта больш высокай тэмпературы вады.

У ліку пастаянных наведвальнікаў групы па аквааэробіцы – Таццяна Глінская.

– Заняткі ў басейне адкрыла для сябе адносна нядаўна, – расказвае яна. – Доўгі час хадзіла на пілатэс і неяк захацела параўнаць практыкаванні, нагрузку. Адзін раз паспрабавала – і закахалася! Такія “ўрокі” дапамагаюць не толькі выправіць асанку, але і пасля няпростых працоўных будняў супакоіцца. Стала лепш спаць – вада, сапраўды, здымае стрэс.

Адна гадзіна ў руху пад музыку, у прыемнай кампаніі, пад кіраўніцтвам вопытнага трэнера (дарэчы, у “Юнацтва-Ушачы” іх двое) пралятаюць як адно імгненне. Розныя праграмы, на розныя групы мышц, з індывідуальным падыходам да кожнага робяць заняткі не толькі цікавымі, але і па-максімуме карыснымі. Прынамсі, можна выбраць і зручны для сябе час – раніцай (у 11.30) ці вечарам (19.00 ці 19.30) з панядзелка па суботу.

Дзяўчаты, з якімі мне давялося пагутарыць, прызналіся, што не ўсё атрымліваецца адразу – вада зносіць у бакі, таму лепш трымацца зоны, дзе мяльчэй і ногі дастаюць да дна. Добра плаваць для таго, каб займацца аквааэробікай, неабавязкова. А вось выкарыстоўваць дадатковае абсталяванне – гантэлі, аквапаясы і прыгаданыя вышэй нудлы – пажадана. Так, з імі цяжка выконваць практыкаванні. А калі цяжка – значыць эфектыўна, значыць прывесці форму ў норму атрымаецца хутчэй.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Дарэчы

  • Для ўсіх жадаючых займацца аквааэробікай ва Ушачах створана адмысловая група ў Viber, дзе можна знайсці цікавую інфармацыю, задаць свае пытанні трэнерам. Для дабаўлення варта звяртацца па нумары +375(33) 336-20-69.

Цікава ведаць

  • Гісторыя аквааэробікі пачынаецца з 1950 года, калі прафесіянал фітнесу Джэк Лалейн упершыню паказаў па тэлебачанні арганізаваныя заняткі ў вадзе. У сваім відэа “Фантан маладосці: практыкаванні воднай гімнастыкі” ён сказаў: “Не важна, колькі табе гадоў, 5 ці 105, – гэта практыкаванні для ўсіх людзей, усе 640 мышц можна трэніраваць з дапамогай самага натуральнага сродку – вады”. У Расію, а пасля і Беларусь аквааэробіка прыйшла ў пачатку дзевяностых гадоў.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *