В День инвалидов приятный сюрприз сделали для пациентов социальных палат Великодолецкой больницы местные школьники

Общество

Напярэдадні Дня інвалідаў, які адзначаўся ў Беларусі ў мінулы чацвер, у госці да пацыентаў сацыяльных палат Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду завіталі юныя артысты – удзельнікі гуртка побытавага танца “Таўкачыкі”, які створаны ў мясцовай школе. “Дзецям вельмі карысна ўдзельнічаць у падобных дабрачынных акцыях, бо гэта выхоўвае ў іх чуласць і міласэрнасць”, – упэўнены кіраўнік гуртка, педагог-­арганізатар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Пётр Аляксандравіч Алексяёнак. А таму візіт да пажылых людзей і інвалідаў не быў абмежаваны аднымі толькі канцэртнымі нумарамі: школьнікі і іх педагог пагутарылі з пацыентамі, распыталі пра іх лёс. У кожнага з гэтых людзей свой жыццёвы шлях, які, на жаль, у многіх зараз праходзіць без клопату блізкіх: у кагосьці няма дзяцей, нехта проста не хоча іх абцяжарваць. “Пятую зіму я знаходжуся тут, а летам жыву ў родных Жарах, вось толькі сёлета зусім дрэнна стала з нагамі, таму давялося раней вярнуцца ў бальніцу”, – расказвае Валянціна Лявонаўна Марковіч і дадае, што добрае лячэнне, догляд і харчаванне дазваляюць ёй нядрэнна сябе адчуваць. Трэцюю зіму праводзіць ва ўстанове і Марыя Іванаўна Падгол з Царкавішча. Жанчына расказвае, як летам зламала нагу і доўгі час не ўставала, але пасля лячэння ў бальніцы ўжо можа рухацца. “Добра тут, але дамоў усё роўна хочацца”, – сумна ўсміхаецца яна. А вось ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Станіславаўна Ільюшэвіч з вёскі Рагозіна лічыць, што менавіта тут ёй найбольш камфортна. Спрабавала жыць у дзяцей у горадзе, але вельмі цягнула дамоў. У жанчыны праблемы са зрокам, а таму ёй не абысціся без спецыяльнага догляду, якім яна забяспечана ў бальніцы.

Усе прыгаданыя пацыенты і іншыя гледачы дабрачыннага канцэрта засталіся ў захапленні ад выступлення школьнікаў. Яны з задавальненнем глядзелі, як прыгожа дзеці спяваюць і як ладна танцуюць старажытныя народныя танцы “Падыспань”, “На рэчаньку”. А калі Ігар Лабецкі з Крысцінай Пугач паказалі гарэзлівую “Барыню”, бабулі пачалі выціраць хустачкамі слёзы, бо яскрава прыгадалі, як танцавалі яе ў далёкай маладосці. “Вялікі дзякуй вам і вашым дзеткам, якія так нас парадавалі! – выказала агульныя эмоцыі пасля канцэрта В.С.Ільюшэвіч. – І, канечне, у чарговы раз хочацца выказаць добрыя словы ў адрас усіх работнікаў бальніцы, якія робяць усё, каб мы адчувалі сябе тут, як дома”.

* * *

У Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь дабрачынную акцыю “Сумка сяброўства” сумесна правялі актывісты райкама БРСМ і работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Яны накіраваліся ў сем’і, дзе жывуць дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, каб парадаваць іх гульнявымі забаўляльнымі нумарамі. Назву ж акцыі дала вялікая паштовая сумка – менавіта з яе, як з чароўнага куфэрка, госці даставалі прызы і пачастункі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *