Ушачский райисполком совместно со специалистами налоговой службы Витебской области провели семинар по изменениям в налогообложении

Общество

Ушацкі райвыканкам сумесна з супрацоўнікамі падатковых органаў Віцебскай вобласці правялі 13 студзеня семінар па зменах ў Падатковым кодэксе, які ўступіў у сілу з гэтага года. Яны закранулі як фізічных, так і юрыдычных асоб, а найбольшыя навіны датычацца індывідуальных прадпрымальнікаў, самазанятых і рамеснікаў. Пра асноўныя з іх мы гутарылі з начальнікам аддзела ІМПЗ па рабоце з плацельшчыкамі па Ушацкім раёне Л.Г.ПРАШКЕВІЧ.

– Людміла Генадзьеўна, давайце агучым змены, якія датычацца фізічных асоб.

– З гэтага года на 11 працэнтаў вырас падатак на першую кватэру і прыкладна на 19 – зямельны. Назвала прыблізную лічбу, паколькі для ўчасткаў вызначаны розныя стаўкі ў залежнасці ад прызначэння зямлі: для абслугоўвання сядзіб, пад шматкватэрнымі дамамі ці ў вытворчай зоне з 1 студзеня 2023 года яны розныя. Дарэчы, для змяншэння даўгабудаў для арганізацый яны могуць павышацца да трох разоў, калі на працягу трох гадоў будынак не ўведзены ў эксплуатацыю. Павялічаны таксама падатак для ўладальнікаў сабак, які ўплочваецца раз у квартал: з 9 рублёў 30 капеек да 11,20 за звычайных чатырохногіх і да 55 рублёў 50 капеек за патэнцыйна небяспечныя пароды. Заўважылі напэўна ўшачане, што падаражэлі цыгарэты і алкагольныя напіткі, гэта звязана з павышэннем ставак акцызаў, якія, дарэчы, будуць павышацца яшчэ ў красавіку, ліпені і кастрычніку, і з 55 рублёў 50 капеек зараз на тысячу цыгарэт восенню складуць 95 рублёў 59 капеек.

– У роспачы асобы, якія маюць уласны бізнес, і справа не толькі ў павышэнні падаткаў.

– Так. Індывідуальныя прадпрымальнікі больш не могуць працаваць па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, а гэта азначае – дадатковы ўлік і нагрузка. Значна вырас і адзіны падатак. Напрыклад, за кропку рознічнага гандлю прадуктамі харчавання на рынку ў месяц індывідуальны прадпрымальнік плаціў 219 рублёў, а зараз давядзецца 438. Яшчэ большы – 579 рублёў ён для тых, хто гандлюе нехарчовым таварам. У цэлым стаўкі выраслі ў 1,5 – 3 разы ў залежнасці ад занятку. За абласнымі Саветамі дэпутатаў захавана права павялічваць або паніжаць іх не больш чым у два разы. Наогул далёка не ўсе зараз змогуць уплочваць адзіны падатак – значна скарочаны віды дзейнасці. Пазбаўлены такой магчымасці цырульнікі, рэпетытары, уладальнікі аўтамайстэрань і многія іншыя. Ім давядзецца плаціць падаходны падатак, на які з гэтага года стаўка вырасла з 16 працэнтаў да 20.

– Раней Вы тлумачылі пра падатак на прафесійную дзейнасць, на які могуць пераходзіць самазанятыя. Калі ж яны пажадаюць застацца на адзіным падатку, на колькі павялічаны стаўкі?

– Для гэтай катэгорыі нязначна – 123 рублі ў месяц, да гэтага было 82. Уладальнікі аграсядзіб заплацяць 37 рублёў, а рамеснікі – усяго 6, аднак сярод гэтых людзей у другім паўгоддзі будзе зроблена “рэвізія” на адпаведнасць менавіта да гэтай катэгорыі.

– Многа пытанняў паўставала ў фіксаванні затрат, якія ўваходзяць у кошт паслуг. Як іх вылучаць з выручкі?

– Таксама два варыянты. Індывідуальныя прадпрымальнікі прадстаўляюць дакументальны ўлік “расходнікаў”, або мінусуюць не больш 20 працэнтаў ад атрыманай выручкі.

– Што зменіцца ў новым годзе для арганізацый?

– Падатак на прыбытак павялічаны з 18 да 20 працэнтаў. Дэкларацыю ў канцы года трэба падаваць нават тым, хто знаходзіцца на спрошчанай сістэме падаткаабкладання, а таксама сельгасарганізацыям, у якіх зусім не было выручкі. Ёсць і прыемныя навіны – бухгалтарам не давядзецца вылічаць зямельны падатак, цяпер гэта зробім мы.

Закранулі толькі самыя асноўныя моманты, нюансаў з уступленнем у сілу новага Падатковага кодэксу шмат. Для іх высвятлення можна звяртацца да нас у аддзел ці выходзіць на сайт nalog.gov.by.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *