Статистика неоднозначная: актуальные проблемы подрастающего поколения

Общество

Для падлеткаў і іх бацькоў даволі непрыемным бывае паведамленне аб неабходнасці з’явіцца на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. І добра, калі выклік звязаны выключна з правядзеннем прафілактычнай работы… Пра найбольш актуальныя праблемы, што датычацца падрастаючага пакалення, наша сённяшняя гутарка са старшынёй камісіі А.В.ПАШКОВІЧ:

– Алена Васільеўна, раскажыце, калі ласка, якая сітуацыя назіралася летась з падлеткавай злачыннасцю?

– У мінулым годзе адным непаўналетнім здзейснена два злачынствы. Так, другакурснік Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа 2002 года нараджэння шляхам падбору ключа пранік у гараж пенсіянера ў адной з вёсак раёна, адкуль выкраў запчасткі ад матацыкла “Мінск”. Юнаку, які, дарэчы, ужо меў праблемы з законам, пашанцавала – справа была спынена па амністыі. Але ж гэта не сныніла яго ад далейшых “подзвігаў” – напрыканцы мая ён зайшоў у дом да знаёмага, які ў той момант спаў, прыкмеціў на стале ключы ад аўтамабіля і не змог утрымацца ад спакусы пакатацца. І хоць на наступны дзень аўто было вернута гаспадару ў тэхнічна спраўным стане, ад узбуджэння крымінальнай справы па факце ўгону гэта хлопца не выратавала. Судом Ушацкага раёна яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады.

– Колькі на пасяджэннях камісіі разгледжана спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносінах непаўналетніх?

– У мінулым годзе іх было значна менш: 25 супраць 36, што былі годам раней, у тым ліку сярод школьнікаў: 7 супраць 10. У большасці сваёй гэта факты распіцця спіртных напояў ці з’яўленне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення, парушэнне правілаў дарожнага руху, неналежнае выкананне бацькамі абавязкаў па выхаванні. Адзначу, што большасць правапарушэнняў здзейснена падчас школьных канікул, у выхадныя дні, калі адказнасць за дзяцей нясуць бацькі. Летась толькі адна грамадзянка парушыла заканадаўства ў частцы невыканання абавязкаў па суправаджэнні дзіця, якое не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту, пасля 23.00 на вуліцу. Яна прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці (у 2019-м такіх фактаў было 8 – штрафы заплацілі 11 бацькоў).

– Як бачым, у раёне існуе праблема п’янства сярод непаўналетніх…

– На жаль, так. Усе 7 правапарушэнняў, здзейсненых школьнікамі, – факты распіцця спіртных напояў. З адной дзяўчынай, якая засвяцілася на гэтым за год двойчы, рэалізавана пярвічная індывідуальная рэабілітацыйная праграма. У большасці падобных выпадкаў вінаваты дарослыя, за ўцягненне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны за адзначаны перыяд складзена 4 адміністрацыйныя пратаколы. На пачатак 2021-га ў наркалагічным кабінеце Ушацкай ЦРБ пад назіраннем знаходзілася 7 падлеткаў (годам раней было 11). Каб не здарылася падобнае у сям’і, бацькам трэба пільна сачыць за паводзінамі свайго дзіця, за яго сяброўскім акружэннем.

– А ці былі факты гібелі дзяцей, суіцыды?

– На шчасце, не. У ліку станоўчага назаву таксама змяншэнне ўзроўню дзіцячага траўматызму: за 2020 год сярод непаўналетніх адбылася 51 бытавая траўма (у 2019-м – 78).

– Сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія, часам трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча. Якія на гэта ёсць прычыны?

– Найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца амаральны лад жыцця бацькоў, ігнараванне імі патрэб дзяцей, неналежнае выкананне абавязкаў па выхаванні. І тут сваю лепту традыцыйна ўносіць “зялёны змій”. Дастаткова часта непаўналетнія вымушаны пражываць у нядобранадзейных умовах, у сітуацыі канфлікту паміж бацькамі, што таксама становіцца прычынай пастаноўкі сям’і на ўлік. На пачатак 2021-га ў раёне 46 дзяцей з 18 сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

– Калі мамы і таты ўпарта не бяруцца за розум, камісіяй вырашаецца пытанне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне…

– Так, за 2020 год з 9 сямей вымушаны былі забраць 18 непаўналетніх. У выніку праведзенай прафілактычнай работы 9 дзяцей вернуты ў біялагічныя сем’і, бацькі ў якіх паспяхова прайшлі рэабілітацыю. 6 хлопчыкаў і дзяўчынак з трох сямей атрымалі статус сірот у сувязі з пазбаўленнем іх матуль і татаў бацькоўскіх правоў, адабраннем па судзе і іншых падставах. Як бачыце, статыстыка неадназначная. А каб пазітыўных зрухаў было больш, неабходна аб’яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых службаў, дастукацца да сумлення бацькоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *