Благодаря архитектору Галине Дымман Ушачи называют уютным и комфортным городком для жизни

Общество

“Давайце мы паслухаем архітэктараў-аксакалаў”. Калі на калегіях у вобласці гучыць такая фраза, Галіна Віктараўна Дымман ведае, што ёй трымаць слова – адзінкі яе калег засталіся на пасадзе больш за 20 гадоў. Яна ж заўсёды жартуе, што хоць і сапраўды – архітэктар з мінулага веку – аднак па поглядах зусім не архаічная.

Прымерыць гэты дзелавы і больш мужчынскі “касцюм” доўга не пагаджалася.. “Я ж, як і ўсе мае калегі з праектнага бюро, скончыла факультэт грамадзянскага будаўніцтва Наваполацкага політэхнічнага інстытута. Архітэктуру, канечне, праходзілі, аднак не ў такім аб’ёме. Ды і адказнасць вялікая, – прагадвае Г.Дымман. – Мяне ўгаварыў намеснік старшыні райвыканкама Іван Сцяпанавіч Роўба, які курыраваў будаўніцтва. Напэўна, проста не магла яму адмовіць, бо вельмі паважала як чалавека, улюбёнага ў сваю справу і столькі зрабіўшага для Ушаччыны. А жыццё пераканала, што тут не столькі творчая работа, колькі адміністрацыйная”.

Пацвярджэнне таму доўга шукаць не даводзіцца. Увесь кабінет Галіны Віктараўны – у папках, картах, паперах. Бо будаўніцтва ні аднаго аб’екта, пачынаючы з праектавання новай вуліцы, заканчваючы саджалкай на прыватным участку, не праходзіць без узгаднення з архітэктарам. Толькі 41 адміністрацыйная працэдура, што паступае праз “адно акно”, знаходзіцца ў кампетэнцыі сектара архітэктуры і будаўніцтва, у якім усяго два чалавекі. Газіфікацыя і электрафікацыя дамоў, іх будаўніцтва і рэканструкцыя – перш чым даецца заключэнне, запрошваюцца і правяраюцца на адпаведнасць з заканадаўствам мноства дакументаў. І што самае ўнікальнае, Галіна Віктараўна не толькі з лёту адказвае на пытанне, звязанае з канкрэтным забудоўшчыкам, аднак і можа расказаць падрабязнасці ўзвядзення таго ці іншага дома:

– Раён зацікаўлены ў тым, каб людзі самі паляпшалі жыллёвыя ўмовы ці выкуплялі ўчасткі і будавалі дачы на вёсцы. І я схіляю галаву перад тымі працаўнікамі, якія робяць гэта індывідуальна і тым больш з мазаля, як, напрыклад, Дзмітрый Верхалазаў ці Вячаслаў Шаўчэнка. Наогул мая любімая вуліца – Лабанка. Па першае, таму што ўнікальная – адзіная, дзе былі пракладзены ўсе інжынерныя сеткі, перш чым раздаць участкі, па-другое, таму што з 19 дамоў – у 8-мі жывуць мнагадзетныя сем’і. Прыемна, калі людзі выкарыстоўваюць сямейны капітал ці крэдыт на будаўніцтва жылля.

У самых блізкіх планах – рэканструкцыя кацельні, завяршэнне вуліцы № 5, правядзенне водаправода ў Ваўчо, рамонт былой “музыкалкі”.

Галіна Віктараўна пачціва адгукаецца пра індывідуальных забудоўшчыкаў, таму што ведае, як гэта складана – у любы час, хоць у кожны – па розных прычынах. У 1992-м яны з Сяргеем Пятровічам таксама распачалі будаваць уласны дом. І сёння архітэктар кажа, што зрабіла б многае па-іншаму, а тады і крэдыт атрымалі толькі на другі год з цяжкасцю, і ўсяго па 10 лістоў шыферу куплялі: такі татальны дэфіцыт быў на будматэрыялы. Хоць і магла жыць зараз у сталіцы – менавіта ў Мінск атрымаў размеркаванне муж – ні на хвіліну не пашкадавала, што прыехалі на яе радзіму. Сама Галіна Віктараўна распачынала працоўны шлях у Магілёве (размеркаванне тады было саюзнае і добрае) на заводзе жалезабетонных вырабаў, аднак паездзіўшы амаль кожныя выхадныя да бацькоў, зразумела, што жыць трэба бліжэй. Яна вельмі шчыра любіць Ушаччыну, і самае вялікае яе прафесійнае расчараванне звязана з роднай Глыбачкай. Пры ёй як архітэктары ў раёне вырасталі аграгарадкі. Многа якіх аб’ектаў закладвалі пры іх праектаванні, у Арэхаўне, напрыклад, меркавалі нават аднавіць панскі паркавы комплекс. Толькі ўсё уразалася з-за адсутнасці фінансаў. Больш складана заўсёды першым і апошнім, якім і аказаўся аграгарадок Глыбачка. “Я вырасла ў той вёсцы, дзе быў палац культуры, гасцініца, лазня… Часам паўстае адчуванне, што жыццё пражыта дарэмна, калі бачу ачаг культуры ў старым будынку”.

Хоць у гэтых рэаліях Г.Дымман, канечне, не вінавата, а яе жыццё насамрэч напоўнена мноствам яркіх момантаў. Азірнуўшыся навокал, яна можа сказаць, што літаральна ўсё будавалася пры ёй. Калі ў 1987 годзе прыехалі ў раён і яна паўгода працавала інспектарам дзяржбудкантролю, раслі яшчэ шматпавярхоўкі на Камсамольскай, не было ні Віцебскай, ні мікрараёнаў з катэджнай забудовай, ні такіх знакавых аб’ектаў, як фізкультурна-аздараўленчы комплекс, гандлёвыя цэнтры, рэканструкцыя “Прарыва”, і практычна не ўзгадвалася пра добраўпрадкаванне. “Зараз мне смешна глядзець на той “вінегрэт”, які быў на нашых клумбах у цэнтры. Азелянялі з таго, што было, як і Ушачы апраналі ў сайдынг, які мне як матэрыял не падабаецца, калі ў 2005 годзе рыхтаваліся сустракаць гасцей абласнога свята 60-годдзя Перамогі. Але і тады выгляд мяняўся да лепшага, і штогод прырастаем. Прыемна, што многія наш кампактны пасёлак называюць утульным, камфортным для жыцця”.

Летась у сектар архітэктуры і будаўніцтва паступілі заявы ад 457 фізічных асоб і 128 – ад юрыдычных. Дарэчы, у параўнанні з 2016 годам іх колькасць павялічылася на 194.

Галіна Віктараўна паказвае генеральны план развіцця гарпасёлка і расшыфроўвае розныя каляровыя фігуры. Чырвоныя зоны адпачынку на Вечаллі, Чаравэччы, Ваўчо. Кальцавая, што будуецца зараз ля запраўкі, а калісьці, спадзяёмся, будзе апаясваць поўдзень гарпасёлка і выходзіць у самым канцы вуліцы Ленінскай. Новыя мікрараёны індывідуальнай забудовы ля бальніцы, па Дуброўскага, незавершаная цэнтральная плошча. І ці варта дадаваць, што ніводны аб’ект не праходзіць гладка, без адстойвання пазіцый, спрэчных момантаў. Упэўнена, што менавіта разгледзеўшы прынцыповасць, неабыякавасць маладога спецыяліста, які да гэтага 8 год узначальваў створанае ў 1990 годзе пры райвыканкаме праектнае бюро, і прапанаваў тады І.Роўба кандыдатуру Г.Дымман. Яна заўсёды мае сваё меркаванне і яго адстойвае, калі ўпэўнена, што правая. “Дзерзкая была па маладосці. Памятаю, толькі ўваходзілі ў моду газоны, я начыталася літаратуры і спрачалася са старшынёй райвыканкама К.А.Пачэпкам (аграномам па адукацыі) пра нормы высеву”, – прыгадвае Галіна Віктараўна адзін з кур’ёзных, аднак далёка не самых адказных момантаў. Сёлета, напрыклад, да Міністэрства энергетыкі дайшла, перш чым укараніць у практыку льготы па электрафікацыі ацяплення дамоў. Вельмі многа было спрэчнага. А вучыцца, дэталёва разбірацца ў законах даводзіцца пастаянна.

Не перастае эксперыментаваць яна і на сваім участку, дзе ўсё патанае ў любімых ружах, півонях, хрызантэмах. І калі раней везла дадому тое цікавае, што ўбачыла ў Батанічным садзе ці дэндрапарку, то зараз безліч яе ўласных хост і руж перакачавала на клумбы гарпасёлка. Ніколькі не шкадуе дзяліцца – гэта ж яе любімая Ушаччына, дзе яна столькі год – дырыжор невялікага астраўка, які многія называюць еўрапейскім гарадком.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *