На межрайонных соревнованиях по зимней ловле рыбы ушачане заняли первое место

Калейдоскоп Общество

У нядзелю возера Гомель у суседнім Полацкім раёне “акупіравалі” рыбаловы-аматары, якія сабраліся, каб выявіць самага вопытнага і ўдачлівага. У гэты дзень Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў праводзіла міжраённыя спаборніцтвы па зімняй лоўлі рыбы. Зразумела, што не маглі яны прайсці без ушачан.

Трэба сказаць, марознае надвор’е не стала перашкодай для апантаных рыбакоў. Азарт прывёў на вадаём каля трох дзясяткаў чалавек з пяці раёнаў. Канкрэтнае месца ўдзельнікам даставалася па выніках жараб’ёўкі, дазвалялася карыстацца толькі адной вудай з адной мармышкай, мець пры сабе запасную. За тым, каб удзельнікі не парушалі правілы, уважліва сачыла строгае журы. Тры гадзіны “варажылі” аматары каля лунак, у кожнага былі свае метады лоўлі. Кожная злоўленая рыба, незалежна ад яе памеру, для рыбалова – удача. І найбольш пашанцавала ў гэты дзень менавіта прадстаўнікам Ушацкага раёна, улоў якіх “пацягнуў” на першае месца.

У асабістым заліку не аказалася роўных Вячаславу Мамяку, які злавіў 2,4 кілаграма рыбы. Трэцяе месца заняў Валерый Буевіч – каля двух кілаграмаў. Разам з гэтымі рыбаловамі адстойвалі гонар ушацкага азёрнага краю таксама Арцём Лапёнак і Віктар Патапчык. На вуду апошняга, напрыклад, трапіла 85 невялікіх акунёў, але гэтага не хапіла, каб увайсці ў тройку лідараў.

Вельмі задаволены засталіся пераможцы не толькі сваім уловам, але і прызамі, якія для іх падрыхтавалі арганізатары. Так, напрыклад, самы лепшы рыбалоў атрымаў незаменную рэч на зімовай рыбалцы – ледабур, а таксама сімвалічную статуэтку-рыбіну і дыплом.

– Такія мерапрыемствы мы ніколі не прапускаем, ахвотна адпраўляемся за ўловам. Не раз ужо праводзіліся яны і на тэрыторыі нашага раёна, – адзначае егер Ушацкай арганізацыйнай структуры “БТПР” і капітан каманды В.В.Селезень. – Праводзяцца ж спаборніцтвы не толькі для прапаганды рыбалоўнага спорту як формы актыўнага адпачынку, а і абмену вопытам, павышэння майстэрства.

Абмяркоўваючы вынікі спаборніцтва за смачнай юшкай, рыбакі ў чарговы раз адзначалі, што не столькі важны аб’ём улову, колькі сам працэс. І ўжо абмяркоўвалі падрыхтоўку да наступнага мерапрыемства: у канцы лютага сярод пераможцаў міжраённых этапаў выявяць лепшага на абласных спаборніцтвах, якія плануецца правесці ў Гарадоцкім раёне.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *