Историк и журналист, председатель регионального отделения «Поисковое движение России» в Чеченской Республике И.Сардалов побывал на Ушаччине

Общество

Якімі б рознымі ні былі зараз шляхі краін і народаў, што аб’ядноўваў раней у сабе Савецкі Саюз, але ж ніколі не выкрасліць з гістарычных скрыжаляў і з народнай памяці нашы агульныя гераічныя старонкі. Яскрава пацвердзіў гэта нядаўні візіт на Ушаччыну гісторыка, журналіста, старшыні рэгіянальнага аддзялення грамадскага руху “Пошукавы рух Расіі” ў Чачэнскай Рэспубліцы Ісы Алхазуравіча Сардалава.

Гэты надзвычай цікавы, апантаны сваёй справай чалавек прысвячае жыццё высвятленню сапраўдных падзей ваеннай гісторыі, аднаўленню імён людзей, загінуўшых на палях бітваў Вялікай Айчыннай. З Беларуссю Ісу Алхазуравіча звязваюць цесныя стасункі: ён неаднойчы ўдзельнічаў у пошукавых экспедыцыях на тэрыторыі нашай рэспублікі, вёў работу па ўстанаўленні асоб невядомых абаронцаў Брэсцкай крэпасці, сярод якіх было некалькі соцень чачэнцаў.

Не менш дарагое для яго і званне Ганаровага грамадзяніна горада Грознага, атрыманае за значны ўклад у тое, што ў 2015 годзе ўказам прэзідэнта Расійскай Федэрацыі сталіца Чачэнскай Рэспублікі набыла статус Горада воінскай славы.

– У савецкія часы па палітычных матывах гераічная барацьба абаронцаў Грознага не афішыравалася, прымяншалася і колькасць ахвяр баёў на подступах да горада, – расказвае І.Сардалаў. – Для фашыстаў гэтыя багатыя нафтай мясціны былі стратэгічнай мэтай, але абаронцам удалася ўтрымаць лінію фронту ў 7-8 кіламетрах ад Грознага, які так і не скарыўся ворагу. Цаной гэтаму былі дзясяткі тысяч загінуўшых – мясцовыя чабаны расказвалі, што іншы раз, калі налятаў моцны вецер і здуваў пясок, пад ім агаляліся астанкі наспех пахаваных целаў. Удзельнікі нашага грамадскага руху наладзілі раскопкі на палях бітвы ў Чачні. Асабіста я займаюся пошукавай работай каля 8 год. На ўсё жыццё запомніў момант, калі знайшоў астанкі першага байца – ахапіўшыя мяне пачуцці цяжка перадаць. Усведамленне важнасці гэтай справы прымушае прысвячаць ёй шмат часу і сіл, весці карпатлівую работу ў архівах, ладзіць падарожжы ў іншыя краіны, у тым ліку і ў нашу.

У беларускіх партызанскіх атрадах ваявала шмат землякоў Ісы Алхазуравіча. Гэтай тэме, дарэчы, прысвечана дысертацыя, над якой ён зараз працуе, а візіт на Ушаччыну быў абумоўлены жаданнем пабываць на комплексе “Прарыў”, дзе ўвекавечана памяць Салмана Мідаева – легендарнага “аляксееўца”, героя аповесці “Казбек прымае бой”. Вянок да пліты мемарыяла з яго прозвішчам разам з высокім госцем усклалі старшыня Ушацкага райвыканкама У.Г.Аўдошка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, выконваючы абавязкі ваеннага камісара Лепельскага і Ушацкага раёнаў А.В.Еўстаф’еў, намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Ушацкага раёна А.С.Захараў. Было прыемна і нечакана бачыць, наколькі дасведчаны ў нашай ваеннай гісторыі ўраджэнец далёкай каўказскай рэспублікі: ён ведаў назвы і месцы дыслакацыі ўсіх 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, расказаў, напрыклад, што ў брыгадзе імя Панамарэнкі ваявала 17 яго землякоў. Іса Алхазуравіч з удзячнасцю прыняў памятныя сувеніры і запрашэнне на святкаванне чарговай гадавіны прарыву, з цікавасцю распытваў пра сённяшні дзень Ушаччыны.

– Нашы народы даволі розныя па менталітэце, – зазначыў ён. – Беларусы спакойныя і памяркоўныя. Чачэнцы ж маюць імідж ваяўнічай нацыі. На гэты конт існуюць нават гістарычныя анекдоты. Так, калі ў Грозным ішлі здымкі знакамітага фільма “Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх”, для масоўкі запрасілі мясцовых жыхароў, загадваючы ім браць з сабой пашпарты, каб потым выдаць грошы. Дык будучыя артысты шчыра цікавіліся, колькі ім трэба заплаціць і ці браць з сабой уласную зброю! Жарты жартамі, але трэба сказаць, іншы раз ваяўнічасць і агрэсіўнасць маіх землякоў перабольшваецца, згушчаюцца фарбы і наконт таго, што Чачня – ачаг небяспекі. Магу вас запэўніць, што ў большасці сваёй чачэнцы – таварыскія, добразычлівыя людзі, якія паважаюць і ўстоі продкаў, і законы грамадства.

Удзельнікі гэтай цікавай сустрэчы выказалі ўпэўненасць, што сяброўства і супрацоўніцтва нашых народаў будзе актыўна развівацца. У нас агульны боль у ваенным мінулым і, хочацца верыць, шмат сумесных мірных дасягненняў у будучым.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *