Литературная страница «Патрыёта»

Общество

Літаратура нясе ў сабе яркія фарбы, высвечвае душу, апісвае пачуцці. І таму нямала паклоннікаў вершаў і прозы ёсць сярод чытачоў розных выданняў. Зразумела, раённая грамадска-палітычная газета менш за ўсё ставіць мэтай друкаваць літаратурныя спробы аматараў такой творчасці. Некаторыя “раёнкі” наогул амаль не займаюцца гэтым. Яно і сапраўды, няпроста рэдагаваць аматараў рыфмы. І, канечне, павінна быць мера. Але, думаю, прадстаўляць час ад часу ў раённай газеце вершы, кароткую прозу чытачоў не з’яўляецца лішнім.

Літаратурную старонку, выпуск якой наладжваецца ў “Патрыёце” не адзін дзесятак гадоў, памятаю з той пары, калі ў рэдакцыі працавалі ўжо прызнаныя паэты Сяргей Законнікаў і Алег Салтук, на добрым узроўні пісалі вершы намеснік рэдактара газеты Пётр Пратасевіч, карэспандэнт Мікалай Лісічонак, спрабаваў сябе ў прозе рэдактар Вадзім Грынкевіч. Якраз яны ў асноўным і друкавалі свае творы ў раённай газеце. Памятаю, што ўшачане цікавіліся літаратурнымі творамі, ці, можа, так мне здавалася, бо вельмі захаплялася паэзіяй і пасля заканчэння школы, у 1974 годзе, прапаноўвала свае першыя спробы пяра для апублікавання.

У гэты час раз ад разу, не так часта, з’яўляліся ў газеце вершы работніцы цэнтральнай раённай аптэкі Людмілы Пашкоўскай, якая пазней выехала з раёна, а таксама ўрача санэпідстанцыі Тамары Гур’евай, будучага вядомага рэжысёра Валерыя Маслюка, яшчэ некалькіх аўтараў.

На працягу наступных гадоў работнікі рэдакцыі, здатныя да літаратурнай творчасці, паступова раз’ехаліся па гарадах. Працуючы ў “Патрыёце”, мне давялося ўзяцца за літаратурныя выпускі газеты. Пры гэтым ставіла перад сабой задачу: менш за ўсё друкавацца самой, а прыцягваць больш і больш аўтараў да літаратурнай старонкі. І нярэдка іх творчасць усё больш удасканальвалася. Сёння можна сказаць, што на нашай маленькай літаратурнай планеце “Ушаччына” працвітае літаратурная плынь. Не адзін дзесятак аўтараў прапануюць свае творы газеце. Раз у квартал выходзіць старонка “Неруш”, на якой друкуецца шэраг вершаў, кароткая проза.

Урач Святлана Лапіцкая і энергетык Сяргей Каранеўскі, настаўніцы Галіна Лапёнак і Галіна Данілёнак, Наталля Шарыпа і Сняжана Касяк, Вера Дрозд і Святлана Дземчанка, сёстры Вольга і Надзея Данішэўскія, заслужаная настаўніца Беларусі Марыя Сяргееўна Каплеўская і былая бібліятэкар Любоў Міхайлаўна Карабань, студэнтка медуніверсітэта Вольга Шлёнская і страхавы агент Таццяна Палячэнка, былая галоўны бухгалтар калгаса Галіна Васільеўна Сурвіла і будаўнік у мінулым Лідзія Кірылаўна Сідарэнка, ушачане Генадзь Карэйша і Галіна Ладыгіна, работнік Дэпартамента аховы Васіль Гардзіёнак і будучы журналіст Крысціна Гайко, інжынер Аляксандр Лосеў і юрыст Наталля Гаманёк.

Як і раней, зрэдку прапануюць свае вершы раённай газеце Уладзімір Хвашчэўскі з вёскі Загуззе, які жыве ў Наваполацку, Валерыя Міхно з Лутава. Часта друкуецца Тамара Барадзёнак з гарпасёлка.

Пры падрыхтоўцы старонкі “Неруш” аўтары не падзяляюцца па сацыяльным статусе. Побач вершы нашага земляка, доктара тэхнічных навук, прафесара, загадчыка лабараторыі Генадзя Броўкі і Андрэя Пракоф’ева з вёскі Мосар, якога жыццё вельмі павыпрабоўвала, і можа адзіным выратаваннем для яго сёння з’яўляецца вера ў Бога і незвычайная магчымасць выказаць свае думкі і пачуцці ў вершы, убачыць іх надрукаванымі.

Сярод афіцыйных, публіцыстычных матэрыялаў газеты, галоўным для якой з’яўляецца інфармацыйнае насычэнне, сацыяльна-эканамічная накіраванасць, літаратурныя спробы пяра нашых аўтараў з’яўляюцца ўваходам у неруш, чыстае святло душы ў абрамленні прыгожага пісьменства, у тое, што нясе спакой і хараство.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *