«Патрыёту» — 80. У газеты юбилей.

Общество

З вялікім задавальненнем перагортваю падшыўкі “Патрыёта”. Верасень 2008 – адкрыццё адноўленага Дома культуры. 19 кастрычніка 1996 – на першай старонцы імёны адзінаццаці дэлегатаў першага Усебеларускага народнага сходу. Снежань 1979 – пераразаецца стужка на толькі што ўзведзеным свінагадоўчым комплексе.Нумары нават гадовай даўніны выклікаюць непадробны інтарэс. Ну а дзесяці, сарака гадоў таму, дзе на крыху пажоўклых старонках толькі больш выразнымі сталі здымкі, гэта ўжо экскурс у гісторыю. Тое, што забылася, зноў становіцца рэчаіснасцю. Ажываюць маладыя твары землякоў, ледзь не са слязамі на вачах чытаеш пра бацькоў, знаёмых, суседзяў, якія працавалі ў калгасах, якіх было амаль столькі ж, колькі і вёсак у раёне.

І гэта “Патрыёт”. А што казаць пра пасляваенны “Сацыялістычны шлях”, чые падшыўкі захоўваюцца ў Полацкім занальным архіве. Ці пра даваенны “Прымежны калгаснік”, у якім пад колкімі псеўданімамі высмейваліся мясцовыя хібы. Які няхай не сістэматычна, але асвяшчаў нават жыццё партызанскай Ушаччыны. Няма ў жывых герояў і аўтараў тых далёкіх нумароў, аднак захавалася газета. Значыць не адышлі ў нябыт землякі і іх справы, а трапілі ў гісторыю нашага з вамі краю.

У гэтым унікальнасць “раёнкі”. Яна і толькі яна “сочыць” за кожным днём раёна. Яна з’яўляецца яго летапісцам. Крыху суб’ектыўным, бо пераважная большасць матэрыялаў – аўтарскія, прапушчаныя праз душу журналіста і яго светапогляд. І тым не менш, гэта самая падрабязная і самая праўдзівая гісторыя раёна, на якую спасылаюцца сёння ўсе, хто хоча высветліць, як жа жылі ўшачане ў пяцідзесятых, сямідзесятых, дзевяностых…

Сённяшні юбілей – агульнае свята раёна. Бо газета – не толькі дзецішча калектыву рэдакцыі. Не тое, што 80 год, аднак і паўгода не пратрымалася б выданне без сваіх чытачоў – вас, нашы паважаныя падпісчыкі, крытыкі, дарадчыкі. Таму і віншуем з агульным святам усіх, хто трымае ў руках сённяшні нумар. Мы віншуем са святам нашых ветэранаў Мікалая Данілавіча Васілеўскага, Ніну Канстанцінаўну Шасцярэнь, Кацярыну Пятроўну Конах, Зінаіду Аляксандраўну Кучаронак, а таксама іх сем’і, бо заўсёды калектыў газеты і друкарні жыў адной дружнай сям’ёй. Шмат гадоў адпрацавалі ў калектыве Людміла Платонаўна Гладышава, Любоў Парфір’еўна Клачок, Уладзімір Лявонавіч Лукашэвіч, Лідзія Пятроўна Сіротка, Яўгенія Пятроўна Касцюковіч. Віншуем вялікую кагорту ўсіх, хто прыкладаў намаганні над выпускамі газеты, незалежна ад таго, колькі год у іх біяграфіі заняла “раёнка”. Шчырыя словы ўдзячнасці нашым актыўным грамадскім карэспандэнтам і нашым памочнікам – паштальёнам раённага вузла паштовай сувязі.

Са святам! Святам самага блізкага, вашага выдання.

В.КАРАЛЕНКА
 
 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *