Ушачские медики подвели итоги работы за 2020 год

Здравоохранение

2020 год для работнікаў сістэмы аховы здароўя быў, можна сказаць, экстрэмальным. “Знаёмства” з каранавірусам, дзве яго хвалі, перапрафіліраванне аддзяленняў, новыя формы работы… Аднак усе выпрабаванні ўшацкія медыкі вытрымалі дастойна! Пацверджанне таму – інфармацыя, агучаная на нядаўнім выніковым медыка-санітарным савеце. Са справаздачным дакладам, планамі на перспектыву выступіла галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы А.А.Міранкова. Сваімі меркаваннямі падзяліўся галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна П.А.Саўчанка. Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Л.Ф.Кавалёва.

Даступна і якасна

Галоўнай задачай калектыву ЦРБ па-ранейшаму з’яўляецца рацыянальнае выкарыстанне ўсіх наяўных рэсурсаў для захавання і ўмацавання здароўя жыхароў Ушаччыны, забеспячэння іх даступнай кваліфікаванай медыцынскай дапамогай. Апошняя аказваецца стацыянарам на 116 ложкаў, паліклінікай на 300 наведванняў у змену, аддзяленнем хуткай медыцынскай дапамогі, трыма бальніцамі сястрынскага догляду (у Глыбачцы, Вялікіх Дольцах, Дубраўцы) і 18 фельчарска-акушэрскімі пунктамі.

Узнагароду атрымлівае Р.Клачок.

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці ўстановы з’яўляецца амбулаторна-паліклінічная дапамога. Летась насельніцтва агледжана на 94,5 працэнта, а ўдзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, прыраўнаваныя да іх асобы – на 100.

Сярод станоўчага таксама – адсутнасць выпадкаў дзіцячай смяротнасці, 100-працэнтны ахоп рэабілітацыяй пацыентаў працаздольнага ўзросту пасля інфаркта міякарда, вострага парушэння мазгавога кровазвароту, аператыўных умяшальніцтваў па некаторых захворваннях. ВІЧ-станоўчыя пацыенты забяспечаны камбініраванай антырэтравіруснай тэрапіяй, выпадкаў перадачы названай інфекцыі не зарэгістравана. Усе хворыя на туберкулёз прайшлі поўны курс лячэння.

Стацыянарная дапамога аказана летась 3036 пацыентам. З 20 красавіка па 24 чэрвеня для аказання дапамогі хворым на пнеўманію і COVID-19 перапрафіляваны ў інфекцыйныя 43 ложкі тэрапеўтычнага аддзялення, 15 – дзіцячага, 3 – аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі. У другую хвалю – з 1 кастрычніка па 31 снежня для адзначанай катэгорыі пацыентаў выдзелена 38 ложкаў у “інфекцыі”, “тэрапіі” і “рэанімацыі”. Усяго за год тут пралечана 292 пацыенты з каранавірусам, у тым ліку 25 дзяцей.

Беражыце сябе

Сярод захворванняў, ад якіх паміраюць жыхары Ушаччыны, па-ранейшаму лідзіруюць сардэчна-сасудзістыя – за мінулы год з-за іх пайшлі з жыцця 190 чалавек (58,3 працэнта ад усіх памерлых). На другім месцы – новаўтварэнні (37 чалавек), на трэцім – хваробы органаў дыхання (12). На жаль, ёсць факты смерці і ад знешніх прычын.

Э.Лук’янёнак.

У структуры агульнай захваральнасці тройку “лідараў” пасля сардэчна-сасудзістых і хвароб органаў дыхання замкнулі псіхічныя растройствы. Яны нечакана апярэдзілі не толькі траўмы, захворванні костна-мышачнай сістэмы, органаў стрававання, але і інфекцыйныя, эндакрынныя.

У дапамогу – вакцынацыя

Павелічэнне колькасці інфекцыйных захворванняў, хоць і нязначнае, актывізавала работу па прафілактыцы рэспіраторных вірусных інфекцый, грыпу – правакцынавана 5200 чалавек, а гэта 40,5 працэнта насельніцтва. 12 лютага пачалася імунізацыя і ад каранавіруса – на першым этапе прышчапляюцца работнікі ўстаноў аховы здароўя і з кругласутачным знаходжаннем грамадзян. Створаны ўсе неабходныя ўмовы для захавання “холадавага ланцуга”, дадаткова набыта маразільнае абсталяванне. У хуткім часе прышчапіцца ад COVID-19 змогуць усе жадаючыя.

Т.Раманчук.

За перыяд рэгістрацыі каранавіруса работнікамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праведзена заключная дэзінфекцыя 492 ачагоў. На пастаяннай аснове ладзіцца прафілактычная дэзінфекцыя паліклінікі, аддзяленняў ЦРБ.

Кадры вырашаюць усё

Сёння аб здароўі жыхароў Ушаччыны клапоцяцца 36 урачоў (9 маюць першую кваліфікацыйную катэгорыю, 17 – другую), 142 медыцынскія работнікі сярэдняга звяна, 1 правізар. Праблема забяспечанасці кадрамі застаецца актуальнай: зараз ЦРБ неабходны педыятр, хірург, урач агульнай практыкі, стаматолаг, тэрапеўт, кардыёлаг, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, а таксама рэнтгеналабарант, фельчар, памочнікі ўрача і медыцынскія сёстры. Радуе тое, што ўжо сёлета ў наш раён павінна прыехаць 7 маладых спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй.

С.Шыла.

На шляху мадэрнізацыі

Выдзеленае фінансаванне накіроўвалася ў асноўным на бягучае ўтрыманне ўстановы: выплату заработнай платы з надбаўкамі, прадугледжанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №131 “Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя”, набыццё лекаў, вырабаў медыцынскага прызначэння. Праведзены бягучы рамонт кабінетаў паліклінікі: фтызіятрычнага, аддзялення дзённага знаходжання, стаматалагічных. З’явіліся ў бальніцы пральная машына і ўстаноўка для прыгатавання дэзінфікуючых раствораў. Са сродкаў раённага бюджэту закуплена 2 аўтамабілі хуткай дапамогі. А грамадскае аб’яднанне “Водгук” спансіравала набыццё электракардыёграфа, насценных праектара і экрана, увільгатняльнікаў кіслароду ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі.

З напрацоўкамі – у год наступны

Падводзячы вынікі работы, А.А.Міранкова спынілася і на асноўных задачах на бягучы год. У іх ліку – павышэнне кадравага патэнцыялу; удасканаленне лячэбна-дыягнастычнага працэсу праз развіццё агульнай урачэбнай практыкі, выкарыстанне стацыянаразамяшчальных тэхналогій; своечасовае выяўленне прыкмет інваліднасці і накіраванне на МРЭК; стабілізацыя дэмаграфічнай сітуацыі праз актывізацыю міжведамаснага ўзаемадзеяння з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, распрацоўку сумесных прафілактычных мерапрыемстваў.

Меншага аб’ёму работы пажадала медыкам Ушаччыны намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. Яна падзякавала ўсім за высокі прафесіяналізм, адказнае стаўленне да службовых абавязкаў, асабліва ў такі няпросты эпідэміялагічны перыяд. Шэрагу спецыялістаў ўручаны заслужаныя па выніках работы за 2020 год узнагароды. Так, Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама адзначаны ўрач лабараторнай дыягностыкі клініка-дыягнастычнай лабараторыі Святлана Віктараўна Шыла, галоўная медыцынская сястра Антаніна Васільеўна Бабенка, фельчар арганізацыйна-метадычнага кабінета Раіса Рыгораўна Клачок, Ганаровымі граматамі Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы – медыцынская сястра працэдурнага кабінета Таіса Сяргееўна Раманчук і рэнтгеналабарант Элеанора Леанідаўна Лук’янёнак.

У тым, што з такім персаналам 2021 год стане для сістэмы аховы здароўя Ушаччыны чарговай прыступкай да ўдасканальвання, а ўсе выпрабаванні – пераадольнымі, сумнявацца не даводзіцца.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *