С 1 марта вступили в силу новые КоАП и ПИКоАП. Изменения и нововведения для водителей

Общество

З 1 сакавіка ўступілі ў сілу новыя Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пра асноўныя змены і новаўвядзенні, якія чакаюць вадзіцеляў, мы папрасілі расказаць начальніка аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі Мікалая Леанідавіча ГАЎРЫЛЮКА.

П’яным за рулём не месца

Абноўленае заканадаўства ўзмацняе адказнасць за кіраванне ў нецвярозым стане. Пры гэтым уводзіцца розны ўзровень штрафаў у залежнасці ад ступені ап’янення вадзіцеля. Пры 0,3-0,8 праміле ўключна давядзецца заплаціць 100 базавых велічынь і пазбавіцца права кіравання на тры гады. Пры больш высокім ап’яненні штраф складзе ўжо 200 базавых, а вадзіцельскіх правоў пазбавяць на 5 гадоў.

Камера ўбачыць усё

Дрэнныя навіны для вадзіцеляў, якія прывыклі здзяйсняць, на іх погляд, нязначныя парушэнні, напрыклад, праскокваць на чырвоны сігнал светлафора, спыняцца за стоп-лініяй, ездзіць па паласе, прызначанай для грамадскага транспарту. Новыя кодэксы ўводзяць нормы, якія дазваляюць прыцягваць да адказнасці ўласнікаў транспартных сродкаў за гэтыя і іншыя дзеянні, калі яны зафіксаваныя працуючымі ў аўтаматычным рэжыме спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі. Раней ў такім парадку “каралі” толькі за перавышэнне хуткасці, парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі. Па новым жа кодэксе можна фіксаваць любыя парушэнні супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту.

Хто гаспадар, той і адкажа

З 1 сакавіка падзелена адказнасць за кіраванне транспартным сродкам без допуску да ўдзелу ў дарожным руху (прасцей – без тэхагляду) і без страхоўкі ў залежнасці ад таго, каму належыць аўто. Калі ўласнікам з’яўляецца фізічная асоба, яна і адкажа за дапушчаныя парушэнні. Калі ж машына належыць юрыдычнай асобе, вадзіцелю нічога не пагражае – адказнасць панясе наймальнік.

Большая хуткасць – большая адказнасць

Змяніўся падыход да пакарання за перавышэнне хуткаснага рэжыму: уведзена дадатковая градацыя адказнасці. Напрыклад, калі вадзіцель разагнаўся і перавысіў дазволеную хуткасць на 30-40 кіламетраў, то атрымае штраф у памеры ад 3 да 10 базавых велічынь. Калі хуткасць аказалася яшчэ вышэйшай, то штраф складзе ад 8 да 12 базавых.

Сігналіць толькі па прызначэнні

За наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый пры правядзенні масавых мерапрыемстваў пакаранне таксама ўзмацняецца. За падобныя супрацьпраўныя дзеянні прадугледжаны штраф ад 6 да 50 базавых велічынь з пазбаўленнем вадзіцельскіх правоў на тэрмін ад 1 да 2 гадоў ці без пазбаўлення. Вадзіцеляў, якія ў названых месцах парушылі правілы карыстання гукавымі сігналамі, чакае штраф да 10 базавых з пазбаўленнем правоў да 1 года ці без. Дарэчы, для тых, хто неаднаразова праігнараваў патрабаванні аб спыненні транспартнага сродку і вымусіў інспектараў іх праследваць, уведзена новая мера пакарання – адміністрацыйны арышт.

Адказнасць па-новаму

Новы КаАП у цэлым змякчыў адказнасць за шэраг правапарушэнняў, за якія раней вадзіцель мог атрымаць штраф. Напрыклад, калі кіраваў транспартам без рамяня бяспекі ці тэхагляду, калі парушыў правілы буксіроўкі ці не выставіў знак падчас паломкі, калі на машыне, якая едзе па дарозе, не чытаюцца нумары. Цяпер за гэта чалавек абыдзецца (на першы раз) толькі папярэджаннем.
У той жа час за некаторыя парушэнні, якія па новым КаАП аднесены да правіннасцяў, грамадзяне па-ранейшаму будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці. Да іх адносяцца ўсе хуткасныя правапарушэнні, ігнараванне правілаў перасячэння чыгуначнага пераезду, невыкананне патрабаванняў светлафора ці рэгуліроўшчыка, парушэнне правілаў манеўравання і іншыя, якія прадстаўляюць непасрэдную пагрозу бяспецы дарожнага руху.

Без правоў – і за нязначную аварыю

У КаАП, які дзейнічаў да 1 сакавіка, пад стварэннем аварыйнай сітуацыі разумеліся дзеянні ўдзельнікаў дарожнага руху, якія вымусілі некага змяніць хуткасць, накірунак, прыняць іншыя меры па забеспячэнні ўласнай бяспекі ці іншых асоб. Цяпер у яго дабавілася наступная фраза: “а роўна тыя, якія пацягнулі пашкоджанне іншага транспартнага сродку ці маёмасці іншых удзельнікаў дарожнага руху”. Такое вызначэнне датычыцца адразу некалькіх артыкулаў: наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый (18.1), невыкананне патрабаванняў сігналаў рэгулявання дарожнага руху, парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў ці іншых правілаў дарожнага руху (18.13), парушэнне Правілаў пешаходам і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху (18.20). Атрымліваецца, што цяпер нават невялікая аварыя, у якой быў пашкоджаны транспартны сродак (напрыклад, вадзіцель зачапіў кагосьці на паркоўцы ці заехаў у іншую машыну на светлафоры), будзе кваліфікавацца як парушэнне адпаведнага пункта ПДР са стварэннем аварыйнай абстаноўкі. А значыць, можна пазбавіцца правоў.

Як быць? Разлічваць на аб’ектыўны падыход да вызначэння спагнання. Добрасумленны вадзіцель, які, напрыклад, проста не вытрымаў дыстанцыю і стаў віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння без пацярпелых, з улікам яго вадзіцельскай “біяграфіі”, характару правапарушэння, наступстваў і іншых змякчальных абставінаў, можна разлічваць толькі на штраф.

Відавочна, што з улікам новаўвядзенняў вадзіцелі пасля дробных аварый стануць больш актыўна выкарыстоўваць еўрапратакол і раз’язджацца без выкліку ДАІ. У такім разе не будзе адміністрацыйнага правапарушэння і гаворкі пра штраф ці пазбаўленне правоў.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *