Врач-рентгенолог Ушачской ЦРБ Татьяна Сидоренко видит людей «насквозь»

Здравоохранение

Многіх сваіх землякоў Т.М.Сідарэнка бачыць, як кажуць, наскрозь. Яно і не дзіўна: больш за 25 гадоў жанчына працуе ўрачом-рэнтгенолагам ва Ушацкай цэнтральнай райбальніцы, “чытае” здымкі пацыентаў. Толькі за 2020 год, ва ўмовах няпростай эпідсітуацыі, пры яе ўдзеле праведзена 22 тысячы рэнтгеналагічных даследаванняў. Паспяхова спраўляецца Таццяна Мікалаеўна і з абавязкамі ўрача ўльтрагукавой дыягностыкі.

Пандэмія каранавіруснай інфекцыі, сапраўды, унесла пэўныя карэктывы ў работу спецыяліста, пераключыўшы асноўную ўвагу на таракальную дыягностыку, гэта значыць на даследаванне лёгкіх. Летась яно праведзена 13643 дарослым пацыентам і 622 дзецям. У 921 выпадку асацыіраваная з COVID-19 пнеўманія была пацверджана.

Напачатку першай хвалі Т.М.Сідарэнка прайшла адмысловае навучанне, асвоіла новыя метады, тэхналогію і элементы аказання медыцынскай дапамогі такім пацыентам. За дзень часам даводзілася “чытаць” па 200 здымкаў, сутыкацца з надзвычай цяжкімі выпадкамі – калі лёгачная тканка чалавека практычна адсутнічала. У такіх умовах, зразумела, разлічваць на гарантаваны выхадны доктар не можа. Але ж на загружанасць, цяжкасці – і тады, і зараз – гераіня нашага аповеду не скардзіцца.

– У выдатным калектыве нераўнадушных спецыялістаў (маю на ўвазе ўсіх работнікаў бальніцы) любая задача пад сілу! – кажа Таццяна Мікалаеўна. – Мы, як тыя ўніверсальныя салдаты, не можам сабе дазволіць, скажам, займацца толькі траўмамі ці “кантраляваць” работу аднаго органа ці сістэмы, як гэта робяць медыкі ў буйных установах аховы здароўя, – трэба разбірацца літаральна ва ўсім. Асаблівыя словы ўдзячнасці – маім першым памочніцам рэнтгеналабарантам Тамары Пятроўне Шахноўскай і Элеаноры Леанідаўне Лук’янёнак, якія ўзялі на сябе асноўны ўдар у справе дыягностыкі: непасрэдна працавалі з вялікай колькасцю пацыентаў, “закрываючы” ажно тры стаўкі (адзін лабарант з-за алергічнай рэакцыі на прэпараты, якімі пастаянна апрацоўваецца рэнтгеналагічны кабінет, была вымушана перайсці на іншае месца).

Цяпер, са слоў урача-рэнтгенолага, сітуацыя не надта напружаная: за дзень “прасвечваецца” каля 20-40 чалавек, зрэдку – па 70-80. Менш стала і пнеўманій. Аднак расслабляцца, падкрэслівае Таццяна Мікалаеўна, рана. З наступленнем больш цёплага і вільготнага надвор’я вірусы, у тым ліку COVID-19, хутчэй за ўсё актывізуюцца.

Бываюць у практыцы ўрача-рэнтгенолага сітуацыі, калі цяжка адразу зразумець, што адбываецца з чалавекам. Тады Т.М.Сідарэнка адкладвае здымак, чытае медыцынскую літаратуру, раіцца з калегамі, а потым глядзіць на ўсё свежым поглядам.

– Я фанат сваёй прафесіі. Самыя складаныя выпадкі – самыя цікавыя, – адзначае доктар першай катэгорыі. – У прамянёвай дыягностыцы можна выбраць для вывучэння і работы вузкую сферу (толькі рэнтген ці ўльтра-гукавое даследаванне) і віртуозна разбірацца ў ёй, а можна ахапіць адразу ўсё. Я выбрала другі шлях і не шкадую. Працую ў звязцы з рознымі прафесіяналамі: хірургам, оталарынголагам, тэрапеўтамі – расту прафесійна. Здолець убачыць паталогію, супаставіць праявы з клінічнымі данымі і ў шэрагу выпадкаў, своечасова распазнаўшы захворванне, выратаваць чалавеку жыццё… Хіба гэта таго не варта?

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

  • Па выніках работы за 2020 год, за прафесіяналізм, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, вялікі асабісты ўклад у паляпшэнне санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкі ва Ушацкім раёне Т.М.Сідарэнка адзначана Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама. Гэтую ўзнагароду ва ўрачыстай абстаноўцы Таццяна Мікалаеўна атрымала на мінулым тыдні ў абласным цэнтры.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *