В Ушачском районе случаев гриппа пока нет, но нередки заболевания ОРВИ

Здравоохранение

Разам з непагаддзю, холадам да нас прыходзіць грып, які разам з вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі займае першае месца ў свеце сярод інфекцыйных захворванняў. Штогод заражаюцца на яго звыш 15 працэнтаў насельніцтва. Узровень шпіталізацыі з-за ўскладненняў узрастае ў 2-5 разоў. На жаль, нярэдкімі з’яўляюцца смяротныя выпадкі.

Здавалася б, перахварэўшы адзін раз, чалавек павінен стаць неўспрымальным да інфекцыі. Аднак эпідэміі паўтараюцца з года ў год. Уся справа ў пастаянных мутацыях антыгеннай структуры віруса, што дазваляе новым варыянтам пераадольваць існуючы ў людзей імунітэт.

Крыніцай грыпознай інфекцыі з’яўляецца хворы чалавек з відавочнымі і сцёртымі формамі захворвання. Шлях перадачы – паветрана-кропельны. Максімальная заразнасць назіраецца ў першыя дні хваробы, калі пры кашлі і чханні з кропелькамі слізі вірус выдзяляецца ў знешняе асяроддзе.

Інкубацыйны перыяд працягваецца 12-48 гадзін. Захворванне звычайна пачынаецца востра. Тэмпература цела дасягае 38-40°С. Адначасова з ліхаманкай узнікаюць агульная слабасць, разбітасць, моцны галаўны боль з характэрнай лакалізацыяй у лобнай частцы. З’яўляюцца таксама непрыемныя адчуванні ў вочных яблыках, якія ўзмацняюцца пры руху вачэй ці пры націсканні на іх, слезацячэнне, боязь святла, пяршэнне ў горле, сухі кашаль, болі за грудзінай (па ходзе трахеі), закладзенасць носу.

Калі грып працякае без ускладненняў, ліхаманкавы перыяд працягваецца 2-4 дні, а хвароба заканчваецца на працягу 5-10. Пасля перанесенага грыпу на працягу 2-3 тыдняў могуць захоўвацца стамляльнасць, слабасць, галаўны боль, раздражняльнасць, бяссонніца.

Лячэнне лёгкіх і сярэднецяжкіх форм грыпу праводзяць у дамашніх умовах пад назіраннем медработніка, цяжкіх і ўскладненых – у стацыянары. Варта памятаць, што самалячэнне і саманадзейнасць – частыя прычыны развіцця ўскладненняў. Найбольш грознымі з іх з’яўляюцца пнеўманія (асабліва небяспечная для дзяцей, хранічных хворых і пажылых), а таксама менінгіт і менінгаэнцэфаліт: лячэнне ад іх не заўсёды прыводзіць да вылечвання.

Пры дрэнным самаадчуванні не зацягвайце з паходам у медустанову!

На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне выпадкаў захворвання на грып не зарэгістравана. Тым не менш, істотна павялічылася колькасць вострых рэспіраторных інфекцый (у лістападзе іх было 97, у снежні – ужо 121). Амаль чвэрць хворых – дзеці да 14 гадоў.

В.НАРЫВОНЧЫК, урач-тэрапеўт Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *