Устроив пал сухой травы, можно не только пострадать, но и «прогореть» на круглую сумму

Профилактика и безопасность

У аўторак у вёсцы Кісялёва Сарочынскага сельсавета поўнасцю згарэла лазня. Гаспадыня сядзібы ў гэты момант знаходзілася ў суседнім раёне. Дакладная прычына пажару зараз высвятляецца, але хутчэй за ўсё пажар узнік з-за выпальвання сухой расліннасці.

Так, першыя цёплыя веснавыя дні традыцыйна падштурхоўваюць грамадзян пазбавіцца непрыгляднай леташняй травы з дапамогай запалак. На гэтым тыдні ўжо некалькі разоў ушацкія выратавальнікі выязджалі на выклікі, звязаныя з паламі. Між тым, кожны год такое навядзенне парадку знішчае ў краіне сотні пабудоў, у Гродзенскай вобласці летась па гэтай прычыне выгарэла цэлая вёска. Нагадаем, што ў Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам, парушаючы які, можна “прагарэць” на суму ад 290 да 870 рублёў. На тэрыторыі, прылягаючай да жылых і гаспадарчых будынкаў, гаражоў, адкрытых стаянак, не дапускаецца выпальванне сухой расліннасці, развядзенне вогнішчаў, спальванне смецця і адходаў. Пры выяўленні такіх фактаў, а таксама за выпальванне ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на вінаватых асоб згодна арт.16.40 абноўленага Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях РБ накладаецца штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.

Як жа пазбавіцца ад смецця і не нажыць сабе праблем? Як адзначыў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях І.В.Кошкін, спаліць смецце на сваім участку можна, але выконваючы правілы бяспекі. Трэба кантраляваць развядзенне вогнішчаў на спецыяльна падрыхтаваных пляцоўках, якія трэба абраміць ачышчанай ад мінеральнага слою паласой глебы шырынёй не менш 25 сантыметраў. Паліць адходы неабходна ў бязветранае надвор’е, пры абавязковай наяўнасці пярвічных сродкаў пажаратушэння (ёмістасць з вадой аб’ёмам не менш 10 літраў і рыдлёўка) і на адлегласці не менш 10 метраў ад будынкаў і збудаванняў, 25 – ад ляснога масіву, 30 – ад месцаў, дзе складзіруецца сена або салома. Падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення. Ні ў якім разе нельга пры спальванні смецця выкарыстоўваць гаручыя вадкасці.
Супрацоўнікі райаддзела МНС зараз актыўна пачынаюць праводзіць рэйды па раёне, падчас якіх не толькі выяўляюць парушальнікаў, а і вядуць растлумачальную работу з насельніцтвам.

*  –  * – *

Нягледзячы на гарачы веснавы сезон, супрацоўнікі МНС не спыняюць прафілактычную работу ў жыллёвым фондзе. Нядаўна мы далучыліся да аднаго з рэйдаў па населеных пунктах Ушацкага, Кубліцкага і Вялікадолецкага сельсаветаў. На гэты раз ўвага ў домаўладаннях удзялялася стану гарышчаў – нярэдка менавіта з гэтага месца пачынаецца ўзгаранне. Тыповымі парушэннямі сталі непабелены дымаход (а гэта дазволіць своечасова заўважыць трэшчыны ў ім), а таксама захламленасць гарышчаў лёгкаўзгаральнымі рэчамі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *