Об особенностях опрыскивателя «Роса» расскажет Артур Карабань из филиала «Маяк-Ушачский»

Сельское хозяйство

Тэмпература на вуліцы паніжалася, а настрой механізатараў філіяла “Маяк-Ушацкі” павышаўся. Засумаваўшы за доўгую зіму па сапраўднай рабоце, яны шчыра радаваліся выезду ў поле. Ну а сярод шчасліўчыкаў, што першымі распачалі веснавы цыкл, было трыа Дзмітрыя Прашкевіча, Міхаіла Сталыгі і Артура Карабаня (на здымку). Перад пачаткам работ на палеткі за Цялічынам, канечне, зазірнуў галоўны аграном прадпрыемства Антон Юльянавіч Анецька.

Размаўлялі паміж сабой каротка, як людзі, што разумеюць адзін аднаго з паўслова. “Спачатку пшаніцу, потым праз пераезд на рапс, а пад Угрынкамі трал перавязе “Расу” праз дарогу”. Артур не перапытваў, добра знаёмы з палеткамі, падкормку на якіх праводзіць з 2018 года, як з’явіўся агрэгат. Прывёзшы напярэдадні з холдынгу патрэбную запчастку, запусцілі давераны яму “месяцаход”. Ну а паколькі па дарогах такая “касмічная тэхніка” не ходзіць, то і прывёз яго на новым Беларусу-82 з тралам Міхаіл Уладзіміравіч, а Дзмітрый Сяргеевіч даставіў бочку з гатовым КАСам.

Гэта той рэдкі выпадак, калі асфальт шкодны для абутку тэхнікі, затое гумавыя колы не могуць нанесці траўмы нават кволым раслінам. “Я ж не толькі азімыя падкормліваю, але потым і апрацоўваю адросшыя палеткі ад шкоднікаў і хвароб, – тлумачыць Артур Аляксандравіч. – Мяняюцца толькі апырсквальнікі, а ў гумавых колах павінен быць адпаведны ціск, каб не надта жорсткія. І па кукурузе хадзіў – расліны прыціскаюцца да зямлі, але не ламаюцца, таму потым падымаюцца”.

Вось і плыве па палетках ”Раса”, каб яны закрасаваліся – з пажоўклых пераўтварыліся ў насычана зялёныя. Дарэчы, у гэтай рабоце нельга схалтурыць і застацца незаўважаным. Якраз колер праявіць пазней усе хібы: пакажа, калі апырсквальнік не захапіў пасевы, ці калі іх спалілі. Тут жа, ля бойкай дарогі малюнак павінен быць ідэальным. Але, зусім не ў ім справа.

Падкормка хоць не з’яўляецца фаварытам веснавых работ, але менавіта ад яе залежыць як раскусцяцца азімыя і якім будзе ўраджай. “Не толькі чалавеку патрэбны вітаміны, а і раслінам, – гаворыць Антон Юльянавіч і падымае каністру з назвай “Гумус”. – Акрамя КАСа, з якім азімыя атрымаюць азот і стартануць у рост, мы дабаўляем яшчэ і мікраэлементы. Гэты раствор карысны для любой расліны – ці то вінаград, ці памідоры”.

Дарэчы, засяроджана аглядаючы пшаніцу, Антон Юльянавіч перажываў, што на азімых з’явілася цвіль, можна было б бароны пусціць, толькі пакуль не акрэпла каранёвая сістэма, ёсць пагроза іх вырваць. Вельмі многа дробязяў у раслінаводстве. І адна з асноўных – усё рабіць у аптымальны час. Вось і для падкормкі галоўнае не ўпусціць яго. Самы спрыяльны – пры сярэднясутачнай тэмпературы 3-5 градусаў цяпла, калі з’яўляюцца новыя карэньчыкі. І раней небяспечна – пусцяцца ў рост і могуць быць прыхоплены марозам, а ад позняй не будзе карысці. Падкарміць жа сёлета “Маяку-Ушацкаму” трэба 1300 гектараў, што засеяны зерневымі, рапсам і свірэпіцай.

Пра ўгнаенне і вітаміны паклапаціліся загадзя. Вельмі дарэчы аказаліся і трактары, атрыманыя Віцебшчынай з МТЗ. З 350 адзінак, што рухаліся ў снежні прыгожай калонай, ажно пяць “Беларусаў” дасталася “Маяку”. “Самы рабочы конік,” – паказваючы новую тэхніку, якая і зімой прыносіла карысць на жывёлагадоўчых комплексах, тлумачылі механізатары. М.У.Сталыга, які ў гаспадарцы з 2019 года, атрымаў “Беларус-82”, Д.С.Прашкевіч, што толькі нядаўна перайшоў з філіяла “Сарочына”, – МТЗ-1221. З выгляду трактары падобныя, а магутнасці ў апошнім паболей, прычым нават з аналагічнымі. Рухавік узмоцнены: васьмікорпусны плуг, канечне, не пацягне, а вось чатырох-пяці – па сілах.

Што датычыцца “Расы”, то гэта адзіны ў раёне самаходны апырсквальнік такой маркі, часцей на палетках раёна можна ўбачыць яго аналаг “Дзвіну”. Асаблівасцямі ж гэтай машыны з’яўляецца ўнясенне зададзенай дозы незалежна ад скорасці руху. Хаця хуткаснай яе ніяк не назавеш і А.Карабань адзначае, што ў сярэднім пераадольвае 15 кіламетраў у гадзіну, а ў спрыяльны дзень (не ўносяць угнаенні ў мароз і лівень) можа апрацаваць да ста гектараў, на кожны з якіх зараз падаецца 200 літраў КАСа. Можа быць і меней: машына разумная, колькі ўстановіш, столькі расліны і атрымаюць.

Вольга КАРАЛЕНКА.

  • У “Маяку-Ушацкім” з 1 красавіка рабочы дзень распачынаецца ў сем гадзін, а механізатараў у полі чакаюць гарачыя абеды – аднавіла работу і сталовая.
  • Бартавы камп’ютар “Расы” паказвае нават маршрут руху па апрацаваным участку, а калі неўзабаве штанга “зачэпіць” падкормлены, навігатар вылучыць яго іншым колерам.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *