В Ушачском районе стартовала посевная кампания

Сельское хозяйство

“Паглядзеў зводкі мінулых гадоў – у гэты час мы ўжо ва ўсю сеялі”, – з засмучэннем канстатуе аграном ААТ “Дземенец” Уладзімір Уладзіміравіч Верташонак. І сапраўды, сёлета вясна зусім нетаропка ўступае ў сваё правы, і ў паўночным рэгіёне краіны масавая сяўба толькі распачынаецца.

А.Атрашкевіч, І.Мамон, І.Цароў.

У нашым жа раёне першае насенне лягло ў глебу на гэтым тыдні на палетках “Ільюшынскага”, дзе пачалі сеяць авёс. Ну а дземянецкія сейбіты плануюць стартаваць днямі – Аляксандр Спірыдовіч на ўчастках каля Глыбачкі пачне сеяць “эліту” пшаніцы, 10 тон якой гаспадарка напярэдадні набыла на Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі. А ў чацвер на раскіданых па раёне палях “Дземенца” механізатары ў асноўным займаліся ўзворваннем: пяць трактароў з плугамі працавалі ў вяркудскім баку. Менавіта туды накіраваліся мы апоўдні з аграномам гаспадаркі.

Падумалася, што для карэспандэнта прыехаць на поле ў машыне, якая вязе абеды, – проста аптымальна: і ад працы сейбітаў не трэба спецыяльна адрываць, і настрой у іх гарантавана будзе добры. І сапраўды, заглушыўшы рухавікі на ўскрайку поля, Іван Цароў, Ігар Мамон і Аляксандр Атрашкевіч з жартамі і ўсмешкамі разбіралі міскі, хвалілі смачныя стравы, якія па дамоўленасці гатуюць для “Дземенца” ў сталовай “Маяка-Ушацкага”, і падкрэслівалі, што вылічваюць з іх за ежу толькі 10 працэнтаў кошту – астатняе кампенсуе гаспадарка.

На поле ля Вяркуд з гаваркой назвай Зарасні, якое цягнецца аж да Баброва, звяно ў такім складзе накіравалі невыпадкова: рэльеф тут складаны, роўныя ўчасткі, дзе ёсць магчымасць “разгуляцца” магутнаму “Беларусу”-3022 Івана з васьмікорпусным абаротным плугам, чаргуюцца з дробнымі лапікамі, па якіх на МТЗ-82 з трохкорпусным круціцца Аляксандр. Замаруджвае працэс і цяжкая гліністая глеба: найбольш яна падыходзіць для гароху, які і плануюць тут пасеяць. А вось на роўным полі ля Жывалакі (яго хлопцы ўзгадваюць з настальгіяй, бо плошчу ў 100 гектараў узаралі, як кажуць, на адным дыханні) будзе расці ячмень. Культуры, вядома ж, размяркоўваюць, улічваючы ўсе фактары. “Фірменнай” грэчцы, пад якую сёлета хочуць адвесці 60 гектараў (удвая больш, чым летась), падыходзіць участак ля Глыбачкі з лёгкай глебай, палеткі ад Дубраўкі да Краснага зойме рапс, а поле ля Слабодкі, дзе ён рос раней, – адналетнікі, якім даспадобы гэткі папярэднік.

В.Пятроўскі, М.Яловік.

Прынамсі, менавіта тут мы засталі яшчэ адно міні-звяно ў складзе Мікалая Яловіка і Васіля Пятроўскага. “Гэта для мяне ўжо 37-я пасяўная, пачынаў у часы, калі гаспадарка яшчэ насіла імя Кірава, папрацаваў з сямі кіраўнікамі”, – паспявае за хвіліны абеду коратка распавесці пра сваю земляробчую кар’еру Мікалай Уладзіміравіч. Некалькі год таму вярнуўся з аўтабазы ў родны “Дземенец” і Васіль Васільевіч – і хоць абодва ўжо зарабілі заслужаны адпачынак, па-ранейшаму застаюцца ў працоўным страі, а якасць узворвання поля, па якім прайшлі іх плугі, У.Верташонку, канечне, можна не правяраць.

Яшчэ адзін вядомы ў раёне перадавік Канстанцін Казакевіч, які на час сяўбы прыйшоў у гаспадарку па дагаворы і сеў за руль энерганасычанага МТЗ-3522, займаўся ў гэты дзень падрыхтоўкай глебы. На дапамогу мясцовым механізатарам у гарачую веснавую пару па адным работніку дэлегавалі лясгас, УП ЖКГ і сарочынскі свінакомплекс. Тэрміны для сёлетняй сяўбы, па ўсім відаць, будуць вельмі сціслымі, так што нагрузка на людзей прыпадзе яшчэ большая, чым звычайна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • На раніцу пятніцы “Дземенец” з’яўляўся лідарам па тэмпах выканання плану веснавога ўздыму ворыва – 47 працэнтаў. Усяго па раёне неабходна ўзараць пад яравую сяўбу 9425 гектараў.
  • Дземянецкія аграрыі таксама падкармілі больш трэці азімых, якія, дарэчы, здавальняюча перанеслі халодны сезон: з 650 гектараў жыта, пшаніцы, трыцікале і 100 рапсу спісаць давялося толькі 10 га апошняга ля былой сарочынскай фермы. Акрамя таго ўжо падсеяны мнагалетнія травы на 190 гектарах, што складае 83,9 працэнта да плана.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *