Уборщики территории участка благоустройства УП ЖКХ Ушачского района всегда ответственно относятся к работе

Общество

“Трапіўся мне нядаўна відэаролік, зняты пра Ушачы, і злавіла сябе на думцы, што не столькі сачу за сюжэтам, колькі прыглядаюся да вуліц у кадры – раптам яны недастаткова чыстыя, вось сорамна будзе…” – расказвала Кацярына Іванаўна Мелкамукава, калі днямі мы размаўлялі з ёй у цэнтры гарпасёлка. Яна з тых людзей, якія з надзвычайнай адказнасцю ставяцца да даручанай справы – і зусім не важна, ці то маштабны навуковы праект, ці простае навядзенне парадку ў горадзе.

З фонам у кадры, дарэчы, усё аказалася добра – нездарма з раніцы да вечара шчыруюць на плошчах, вуліцах і ў скверах прыбіральшчыкі тэрыторыі ўчастка добраўпарадкавання УП ЖКГ. Зараз гэтую работу выконваюць толькі пяць чалавек: у склад брыгады, якую ўзначальвае Кацярына Іванаўна, уваходзяць таксама Святлана Зуева, Наталля Роўба, Васіль Ярмош і Генадзь Кавалёў. Калектыў дружны, ніхто не “філоніць” за спінамі калег, а мужчыны стараюцца браць на сябе самую цяжкую і брудную справу. Уборшчыкі ж не толькі падмятаюць тратуары ды збіраюць кінутыя міма ўрны паперкі. Кожны сезон прыносіць ім спецыфічныя абавязкі: зімой трэба чысціць снег і цягаць цяжкія вёдры з пяском, а мінулай восенню, напрыклад, не толькі “ваявалі” з апалай лістотай, а і высадзілі каля 4 тысяч дэкаратыўных дрэў і кустоў.

Сведчаннем пашаны з’яўляецца факт, што на працягу года здымак Кацярыны Іванаўны ўпрыгожваў раённую Дошку гонару. Сваім прыкладам жанчына даказвае, што прэстыж любой прафесіі залежыць не ад “статуснасці”, а ад запатрабаванасці ў грамадстве.

Але самы напружаны час – вясна. Пачынаецца яна з “падснежнікаў” – вядома ж, размова не пра кветкі: так прыбіральшчыкі называюць рознае накіданае за зіму смецце, што агаляецца паўсюдна пасля знікнення снежнага покрыву. Убраць пясок з усіх дарог і тратуараў, правесці ямкавы рамонт, асвяжыць дарожную разметку, пафарбаваць знакі, пабяліць дрэвы – нават пералік усіх спраў зойме шмат часу. Таму ў гэты аўральны перыяд на дапамогу прыбіральшчыкам прыходзяць спецыялісты з іншых службаў – работнікі жылфонду, цеплатэхнікі, электрыкі.

– У адрас нашых калег хочацца сказаць добрыя словы. Напрыклад, шмат даводзілася працаваць поруч з трактарыстам Валодзем Маркевічам – гэты хлопец ніколі не будзе стаяць у чаканні, калі мы напоўнім прычэп: возьме ў рукі рыдлёўку, хоць гэта і не ўваходзіць у яго абавязкі. З разуменнем і павагай да кожнага работніка ставіцца намеснік дырэктара прадпрыемства Вольга Віктараўна Шчэрбік, якая курыруе службу. І нам прыемна, што нашу працу цэняць: напрыклад, былі вельмі рады за Васіля Ярмоша, якому да сёлетняга прафесійнага свята ўручылі Ганаровую грамату галаўнога ўпраўлення”, – адзначае К.Мелкамукава.

Аднак, канечне, наўрад ці які старшакласнік скажа, што марыць прысвяціць жыццё ўборцы вуліц. Вось і Каця, якая на той час жыла ў Пермскім краі, пасля заканчэння школы абрала зусім іншую прафесію: паступіла ў мясцовы каледж мастацтваў і культуры. Акцёрскае майстэрства асвойвала ў групе рэжысёра, які вучыўся ў сталіцы разам з Аляксандрам Абдулавым. Займацца было цікава, асабліва рыхтаваць пастаноўкі. Пачынала з казачных персанажаў, іграла і станоўчых гераінь, і жанчын з сацыяльнага дна. Педагог вылучаў Кацярыну і нават раіў працягнуць вучобу ў Маскве, толькі сямейныя абставіны склаліся так, што навучанне давялося спыніць і разам з сям’ёй пераехаць у Беларусь.

Гэта быў няпросты этап, аднак гераіня аповеду з ім справілася. Абжылася на Ушаччыне, выхавала цудоўную дачку, знайшла і надзейнага спадарожніка жыцця – Віктар Фёдаравіч Цароў таксама працуе на нашым камунальным прадпрыемстве машыністам грэйдара і з’яўляецца адным з лепшых работнікаў. На ўчастку добраўпарадкавання Кацярына Іванаўна ўжо дзесяць год. Не сакрэт, што работа гэта цяжкая і не заўсёды ўдзячная. Нязвыкламу чалавеку нават аднадзённая праца на ўборцы тэрыторыі на суботніку падаецца выпрабаваннем, а яны займаюцца гэтым штодня, выходзячы на вуліцы, калі мы яшчэ спім.

– Спіны ў нас ва ўсіх сарваныя. Ды і рукі пасля змены, бывае, так стомяцца, што нават кубак з кавай у далонях утрымаць не можаш, – дзеляцца Кацярына і яе калега Святлана, кідаючы пясок у прычэп трактара. – А таму вельмі хочацца, каб людзі больш шанавалі нашу працу. Хоць гэта і штамп, але сапраўды чыста там, дзе не смецяць. У нас жа асобныя жыхары могуць выкінуць пакет прама з балкона, а ў адказ на заўвагу мовіць з пагардай: “Нічога, убераце, вам за гэта плацяць”. А якой праблемай для нас з’яўляюцца жывёлы, сляды жыццядзейнасці якіх штодня вымятаем з-пад кожнага куста: па правілах на прагулку з сабакам гаспадар павінен адпраўляцца з мяшочкам і шуфлікам, але ведаем толькі лічаных людзей, якія паступаюць гэткім чынам.

Што і казаць, культуру паводзін нам яшчэ трэба павышаць. Зрэшты, адказы прахожых, у якіх мы запыталіся пра парадак на ўшацкіх вуліцах, пакінулі пазітыўны адбітак. “Да мяне прыязджае шмат сяброў з іншых месцаў, і ўсе зазначаюць чысціню нашых вуліц. Вялікі дзякуй камунгасаўцам!” – адзначыў жыхар райцэнтра Алег Іваноў, а яго маленькая ўнучка Дзіяна паведаміла, што паперкі ад цукерак заўсёды кідае толькі ў урну.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *